Старейшие работники Докшицкого РГС подают пример молодёжи
Слесары па рамонце і абслугоўванні газавыкарыстальнага абсталявання Докшыцкага раёна газазабеспячэння Уладзімір Ставер і Мар’ян Янкавіч працуюць у адной брыгадзе тры гады, а наогул у гаспадарцы – па чвэрці стагоддзя. Тлумачаць такі вялікі стаж на адным рабочым месцы прывабнымі ўмовамі працы, прэстыжнасцю галіны і добрымі ўзаемаадносінамі з калегамі.
Удвух яны складаюць зладжаную брыгаду газавікоў. Уладзімір не толькі слесар, але і вадзіцель аўтамабіля, на якім разам выязджаюць на работы па рамонце і замене бытавых газавых пліт, воданагравальнікаў, газавых катлоў і іншага абсталявання.
Ажыццяўляюць першасны пуск газу ў шматкватэрных дамах, устанаўліваюць і мяняюць лічыльнікі, наогул, праводзяць поўнае тэхнічнае абслугоўванне газавыкарыстальнага абсталявання.
Абодва прыветлівыя, камунікабельныя, лёгка знаходзяць агульную мову з гаспадарамі кватэр і дамоў. Дарэчы, абавязковая ўмова пры абслугоўванні – выкарыстанне відэа- ці аўдыёапаратуры, каб у далейшым пазбегнуць магчымых непаразуменняў з газакарыстальнікамі.
Калі Мар’ян Станіслававіч адзываецца пра сваё цяперашняе сталярства: “Усе работы добрыя”, то Уладзімір Анатольевіч не ўяўляе прафесійнага жыцця без машын – любоў да тэхнікі прывіў яму бацька, які шчыраваў вадзіцелем і трактарыстам.
Уладзімір атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка ў Гарадоцкім саўгасе-тэхнікуме, але рамантыка дарог перамагла – і вось ужо на працягу чатырох дзясяткаў гадоў ён за рулём. Пятнаццаць гадоў адпрацаваў у ПМК-52, займаўся перавозкай будаўнічых матэрыялаў не толькі па рэспубліцы, але і па суседніх краінах. У РГЗ на розных машынах вазіў звадкаваны газ у бочках і балонах, а зараз на МАЗе час ад часу дастаўляе ў Докшыцы газавыя пліты, катлы і іншы тавар для продажу. Сам жа пры неабходнасці і рамантуе аўтамабіль.
А ў Мар’яна Станіслававіча свая гісторыя. Па адукацыі, атрыманай у Вілейскім ПТВ, ён слесар па рамонце аўтамабіляў, але па спецыяльнасці рабіў мала. Лёс на пятнаццаць гадоў прывёў яго ў кавальскую справу – пачынаў у Маладзечне, а пасля пераезду ў Докшыцы прадоўжыў у ПМК-48 (пазней – ПМС). У райгазе доўгі час працаваў слесарам аварыйна-аднаўленчых работ – на адным з самых неспакойных участкаў газавай гаспадаркі, дзе служба не спыняецца ні на хвіліну: работнікі нясуць дзённыя і начныя дзяжурствы, выязджаюць на пажары і іншыя здарэнні, звязаныя з выбухованебяспечнымі сітуацыямі. Тым не менш наш герой ніколі не сумняваўся ў абраным шляху, бо не прывык пасаваць перад складанасцямі.
Поспехі Уладзіміра Ставера і Мар’яна Янкавіча неаднаразова адзначаліся Ганаровымі граматамі і падзякамі, а іх імёны былі занесены на Дошку гонару УП “Віцебскаблгаз”. У калектыве Докшыцкага раёна газазабеспячэння гэтыя старэйшыя работнікі – прыклад для пераймання.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.