Дерево держится корнями, а человек — семьей, уверены супруги Глазко из Бегомля
Для чалавека сям’я – гэта яго надзейны тыл, падмурак. Такая своеасаблівая маленькая дзяржава, якая патрабуе штодзённай увагі, карпатлівай працы. Яшчэ нашы продкі гаварылі, што дрэва трымаецца каранямі, а чалавек – сям’ёй. Такія разважанні пра сям’ю пачулі ад Сяргея і Святланы Глазко. Іх саюзу ўжо каля дваццаці гадоў. Як пацвярджэнне шматгадовых надзейных адносін – трое выдатных дзетак. Згоду і каханне, на якіх трымаецца сапраўдная сям’я, прадэманстравалі яны і на раённым этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла 2024”, дзе сталі пераможцамі.
– Спадабаліся адно аднаму яшчэ ў школе, – успамінае Святлана. – Сябравалі са старэйшых класаў. Па праўдзе кажучы, нашы адносіны прайшлі не адзін іспыт, але, магчыма, гэта і ўмацоўвала пачуцці. Яшчэ больш аб’ядналі нас дзеці. Старэйшы сын Мікіта ўжо дзевяцікласнік. Палінка пайшла ў пяты клас. Абое вельмі творчыя асобы. Вучацца ў Бягомльскай дзіцячай школе мастацтваў. Актыўна ўдзельнічаюць і ў школьных мерапрыемствах. Вось і на “Уладары сяла” менавіта яны сталі нашымі асноўнымі дзеючымі асобамі ў конкурсе візітовак і прадстаўленні захапленняў. Сямейныя прыпеўкі, дарэчы, аўтарам якіх стала настаўніца музычнай школы Зоя Крыуш, мы выконвалі пад акампанемент Мікіткі на баяне. Безумоўна, “цвіком” праграмы стаў наш двухгадовы Жэнечка, які пры першых гуках вясёлай мелодыі кінуўся ў скокі. Увогуле, на конкурсе мы атрымалі вялікую падтрымку ад Бягомльскай ДШМ. Яшчэ адна настаўніца ўстановы, Наталля Алісёнак, некалі таксама ўдзельнічала ў праекце. Яна шмат расказвала пра конкурс, дзялілася ўражаннямі. Таму, калі нам прапанавалі паспрабаваць сябе “уладарамі”, я нават узрадавалася. Па-першае, гэта была выдатная падстава ўсёй сям’ёй паказаць свае здольнасці. Па-другое, любім усё нацыянальнае, а таму з задавальненнем апраналіся ў беларускія касцюмы, збіралі для выставы старажытныя побытавыя рэчы. У гэтым актыўна дапамагалі бацькі Сяргея. Усімі вышыванкамі, якімі ўпрыгожвалі наш куток, падзялілася мая свякроўка. Па-трэцяе, даўно хацелася пабываць у этнасядзібе “Вецяра”. А тут такая ўдача. Усё вельмі спадабалася. Асабліва іспыты. Ну дзе яшчэ з ветрыкам пракацілася б на тачцы? Самае складанае было, напэўна, распілоўка бервяна. Усё ж у цяперашні час рэдка хто карыстаецца ручной пілой. Цікава было гатаваць дранікі на калодзе. Увогуле, гэта наша сямейная страва, якую дома гатуем усе разам.
Святлана па прафесіі эканаміст. Зараз яна ў дэкрэтным адпачынку, а таму заўважае, што амаль увесь вольны час прысвячае свайму любімаму занятку – кулінарыі. Сяргей працуе на вытворчасці мінеральнай вады. Год таму сям’я пераехала ў свой дом, які будавалі з дзяржаўнай падтрымкай. Прасторны, з мансардным паверхам, – якраз для вялікай і дружная сям’і.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.