В Докшицком районе живет ровесница знаменательного для страны события
Жыхарка вёскі Чачукі Парплішчанскага сельсавета Ганна Мароз у Дзень народнага адзінства адзначыць свой 85-гадовы юбілей. А гэта значыць, што жанчына нарадзілася не проста 17 верасня, а яшчэ і ў 1939 годзе, калі адбылася падзея, што стала адной з самых знамянальных вех у гісторыі Беларусі: Чырвоная армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Ужо да пачатку кастрычніка былыя “крэсы всходне” сталі савецкай тэрыторыяй, а 14 лістапада Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”.
Ганна Мікалаеўна была прыемна здзіўлена і да слёз расчулена, калі павіншаваць яе адразу з двума надыходзячымі святамі прыехала цэлая дэлегацыя. З падарункамі да жанчыны наведаліся старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Алёна Таляронак, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Людміла Ждановіч. Падарунак ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” уручыла загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Таццяна Баравікова, а ад ТЦСАН – загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Данута Лявоха.
– А я, па праўдзе сказаць, ніколі і не задумвалася, што мой дзень нараджэння супадае з такой важнай датай, – падзялілася ўзрушаная візітам і цёплымі словамі віншаванняў юбілярка.
Вельмі сціплая, нават сарамлівая, Ганна Мікалаеўна ўвесь час нібы апраўдвалася: “Міленькія, я ж нічога асаблівага не зрабіла, жыла і працавала, як і ўсе”. І як не нагадаць тут маладому пакаленню, што ў тыя часы “працаваць і жыць, як усе” азначала зведаць пасляваенную разруху і голад, а таксама нялёгкую, дзесьці і непасільную працу. Так, яе лёс падобны да лёсаў соцень яе равесніц. Чатыры класы пачатковай школкі ў Чачуках, якія атрымалася скончыць пасля вайны, – вось і ўся адукацыя. Радуецца, што хоць навучанне вялося ўжо на беларускай, а не на польскай мове. Затым нейкі год ці два дома, памочніцай у бацькоў, – і ў калгас, у паляводства, аж да выхаду на заслужаны адпачынак. Ці лёгкім быў хлеб дзяўчынкі-падлетка, якой прыходзілася грузіць сена, капаць з раніцы да вечара бульбу, цягаць мяхі з угнаеннем, рваць лён? А яшчэ ж дома гаспадарка – без яе было б не выжыць. А яшчэ вучылася ўсяму, што, лічылася тады, абавязкова павінна была ўмець жанчына: шыць, вязаць шыдэлкам і пруткамі, вышываць, у тым ліку і на машынцы ў тэхніцы “рышэлье”. Ткацкае рамяство вось толькі, кажа, не хапіла часу асвоіць.
Ганна Мікалаеўна беражліва захоўвае граматы і падзякі за добрасумленную працу, але не выстаўляе іх напаказ. У рамачках на сценах, па традыцыі тых часоў, фотаздымкі родных, вышываныя крыжыкам карціны.
– А я ж, хоць зусім маленькая была, памятаю, як тату на вайну праводзілі, якое шчасце было, калі ён вярнуўся, – дзеліцца наша гераіня. – Немцы ў вёсцы ўсплываюць калі-нікалі ва ўспамінах. Можа, ад таго, што дзіцем была, ніякага страху не адчувала. Ды і яны з нас не здзекаваліся, толькі хадзілі па дварах, прасілі курэй, малака, яек. А вось як жылося пры Польшчы, ні тата, ні мама ніколі чамусьці не расказвалі…
Ганна Мікалаеўна, аўдавеўшы дзясятак гадоў таму, жыве з адным з сыноў. Наведваецца да яе і сацработнік Алена Шарох, якую жанчына вельмі хваліць за дабрыню і стараннасць. Свет яе цяпер абмежаваны сценамі хаты, бо рухацца ёй дужа складана. Але яна не прывыкла скардзіцца: кажа, усё, што пасылае Бог, трэба прымаць з удзячнасцю. І ў гэтым, напэўна, яе моц і духоўная сіла.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.