В ОАО «Бегомльское» достигли рекордного урожая кукурузы
ААТ “Бягомльскае” з’яўляецца не толькі лідарам па тэмпах уборкі кукурузы – па стане на 17 верасня “царыца палёў” убрана на 75,3 працэнта плошчаў, але і па ўраджайнасці: 450 цэнтнераў з гектара – паказчык самы высокі не толькі сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна, але і вобласці. Запас кармоў у гаспадарцы ўжо больш чым двухгадовы. Пра асновы такога поспеху і перспектывы развіцця ў галіне раслінаводства гутарым з выканаўчым дырэктарам сельгасарганізацыі Уладзіславам ШАРШНЁВЫМ.
– Уладзіслаў Паўлавіч, пра эфектыўнасць айчыннага насення ў параўнанні з імпартным і вырошчванні розных культур на эксперыментальных палях ішла размова яшчэ ў красавіку на нарадзе аб развіцці сяла і павышэнні выніковасці работы аграрнай галіны з удзелам Прэзідэнта Беларусі. Што Вы думаеце на гэты конт і якія складальнікі сёлетняга поспеху гаспадаркі – асноўная тэма нашай размовы.
– Пачнём з таго, што ніякіх сакрэтаў у дасягненні высокіх паказчыкаў няма – толькі дакладнае выкананне тэхналагічных працэсаў вырошчвання культуры. Калі гаварыць пра сёлетні год (а я канкрэтна ў гэтай гаспадарцы працую толькі другі год і ў большай ступені магу параўноўваць сёлетнія вынікі з леташнімі), то нельга скідваць з вагаў той факт, што весці сяўбу ў гэтым годзе мы пачалі раней. Улічваючы, што глебы ў нас у асноўным пясчаныя, гэта значны плюс. Так, кукурузу мы пачалі сеяць 26 красавіка і да 9 мая цалкам завяршылі сяўбу. Агранамічная служба прыклала ўсе намаганні для атрымання дастойных вынікаў: своечасова і ў дастатковай колькасці ўносіліся арганіка і мінеральныя ўгнаенні, правільна падабраны сродкі аховы раслін. Кукуруза сапраўды царыца: ёй патрэбны для росту чыстыя і добра ўгноеныя палі, а з пустазеллем, самі пабачыце, мы “вайну” правялі паспяхова, за нашы палеткі нам не сорамна.
– Плошчы пад “царыцу палёў” павялічылі?
– Не, у гэтым не было ніякай патрэбы, нават паменшылі на 70 гектараў. Той плошчы, што ў нас ёсць, а гэта 567 гектараў, пры добрай ураджайнасці нам не толькі хапае, каб закласці патрэбную колькасць сіласу, але і зрабіць яшчэ яго нядрэнны запас. За дзень нарыхтоўваем у сярэднім 1200 тон кукурузы на сілас. На ўборцы задзейнічаны два кормаўборачныя камбайны, дзве адзінкі тэхнікі на трамбоўцы і каля дзясятка трактароў і МАЗаў на адвозцы. Траншэй у нас шмат, і на МТК “Бягомль”, і на МТК “Дабрунь”, і пры такой ураджайнасці, думаю, яны цалкам будуць запоўнены. Хацелася б адзначыць, што і працэнт сухога рэчыва ў сіласе ў нас аптымальны – 30. Ну а якасць кармоў, само сабой разумеецца, у найбольшай ступені ўплывае на здароўе пагалоўя і, адпаведна, на надоі. Што датычыцца ўраджайнасці, то, мяркую, што да канца ўборкі яе сярэдні паказчык яшчэ крыху павялічыцца. Не зацягваем і з ворывам: кукурузнае поле ўбралі – тут жа рэшткі заворваем і сеем пшаніцу.
– Ведаем, што сёлета Вы арганізавалі эксперымент: на дэма-полі пасеялі дзевяць гібрыдаў кукурузы з мэтай выявіць гібрыды, якія найлепш развіваюцца і адпаведна даюць самую высокую ўраджайнасць на вашых землях і ў пэўных кліматычных умовах. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.
– Так, разам з галоўным аграномам Вадзімам Савіцкім усебакова абмеркавалі гэта пытанне і заручыліся падтрымкай нашага кіраўніка Аляксандра Навіцкага. Трэба сказаць, што ў структуры агульных плошчаў гібрыды айчыннай вытворчасці займаюць 80 працэнтаў – найбольш гібрыды “палескі 195” і “палескі 212”. На астатніх дваццаці – гібрыды замежнай селекцыі. Тут хацелася б вылучыць германскі гібрыд фірмы “Лідэя” “амаізі” і французскі “амавіт” фірмы “КWS”. Сёлетнія цеплыня і вільгаць пасадзейнічалі добраму росту і айчынных, і імпартных гібрыдаў – кукуруза вымахала да трох і больш метраў. Вынікі эксперыменту паказалі, што імпартныя гібрыды ўсё ж маюць крыху большы патэнцыял і для атрымання зялёнай масы на карані, і для азярнення пачаткаў. Аднак перавага айчынных сартоў у тым, што іх насенне практычна ў два разы таннейшае за імпартнае. Гібрыды з дэма-поля ўжо ўбралі, зробім аналіз атрыманых вынікаў і ў наступным годзе гэту інфармацыю прыменім на практыцы. Дарэчы, мы не абмежаваліся з эксперыментам па кукурузе – заклалі таксама дэма-поле з 14 гібрыдамі азімага рапсу, ураджай якога нас таксама парадаваў. Паказчык 27,4 цэнтнера з гектара – рэкордная ўраджайнасць у раёне і адна з самых высокіх у вобласці, не кажучы ўжо пра наша сельгаспрадпрыемства, дзе за апошнія 13 гадоў “чорнага золата” здабывалі ў сярэднім 6,8 цэнтнера з гектара.
Мовай лічбаў. Па стане на 17 верасня ў сярэднім па раёне ўбрана кукурузы на сілас і зялёны корм на 29 працэнтах плошчаў. Несумненны лідар – ААТ “Бягомльскае”, дзе работы блізяцца да завяршэння. У КУП “Докшыцкі” кукуруза ўбрана больш як на трэцяй частцы плошчаў, замыкае тройку перадавікоў ДП “АграСітцы”. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне – 374 цэнтнеры з гектара. Вышэйшы паказчык за сярэдні ў ААТ “Бягомльскае” – 450 ц/га і ААТ “Таргуны” – 409,8 ц/га. Трэцяе месца займаюць ДП “АграСітцы” з паказчыкам 316,9 ц/га і ААТ “Барсучанка” (315,3 ц/га). На гэту ж дату кармоў на ўмоўную галаву жывёлы найбольш у ААТ “Бягомльскае” – 57,71 ц.к.адз., другое і трэцяе месцы падзялілі зноў-такі ААТ “Таргуны” і ДП “АграСітцы” з паказчыкамі 26,09 і 23,92 ц.к.адз. адпаведна.
– Уладзіслаў Паўлавіч, пасля заканчэння рэканструкцыі малочнатаварнага комплексу “Дабрунь” плануецца павелічэнне пагалоўя БРЖ. У сувязі з гэтым ці патрэбнае ў перспектыве павелічэнне кукурузных палёў?
– Пры такой ураджайнасці – а мы будзем імкнуцца трымаць узнятую планку – у гэтым няма неабходнасці. Больш не значыць лепш. Мяркуйце самі: пры плане нарыхтоўкі сіласу 8200 тон на сённяшні дзень у нас закладзена ўжо больш за 16 тысяч, а корманарыхтоўка яшчэ працягваецца. Сенажу мы заклалі 144 працэнты да плана. Сена таксама будзе дастаткова. Кармоў нам хопіць не толькі для ўласнага пагалоўя БРЖ, але і лішкі, даволі значныя, зможам рэалізаваць, атрымаць дадатковы прыбытак, а сельгаспрадпрыемствам, у якіх справы з нарыхтоўкай кармоў не настолькі паспяховыя, што называецца, падставіць плячо. Калі ж яшчэ гаварыць лічбамі, то на сённяшні дзень на ўмоўную галаву жывёлы ў нас нарыхтавана 57,71 цэнтнера кармавых адзінак, што на 29,48 ц.к.адз. больш, чым летась. Зразумела, год на год не прыходзіцца, але нават калі ў наступным годзе кліматычныя ўмовы будуць у высокай ступені неспрыяльныя, мы ўжо маем сваю “падушку бяспекі”. Разам з тым на лаўрах спачываць не збіраемся: для тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, такое недапушчальна. Акрамя таго, ёсць шмат планаў па далейшым развіцці ва ўсіх кірунках.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.