О своей интересной и насыщенной жизни рассказал бывший директор Ситцевского завода Арнольд Смажелюк

dscn5547-s

Шмат людзей сустракаеш на жыццёвым шляху і з гадамі ўсё больш пачынаеш разумець, што выхаванне не заўсёды дае выхаванасць, атрыманая адукацыя далёка не ў кожным выпадку азначае адукаванасць, а да слова “мужчына” не абавязкова падыходзіць аднакаранёвая характарыстыка “мужчынскасць”.

Нядаўна пашчасціла сустрэцца з чалавекам, які, думаецца, у найвышэйшай ступені праявіў сябе ва ўсіх трох іпастасях: як інтэлігент, як прафесіянал і як мужчына, годнасць якога вымяраецца сумленнасцю і высакароднасцю, справамі і здзяйсненнямі, любоўю родных людзей і павагай усіх, з кім даводзілася мець зносіны – ці то рабочыя, ці то сяброўскія, ці то проста чалавечыя. Яго завуць Арнольд Смажалюк, і жыве герой майго аповеду ў вёсцы Параф’янава Сітцаўскага сельсавета. У мінулым – дырэктар Сітцаўскага пладова-кансервавага завода, пад кіраўніцтвам  якога прадпрыемства дасягнула свайго найбольшага росквіту.

Арнольд Антонавіч зачараваў з першых хвілін знаёмства. Такую здольнасць, ніяк не звязаную са знешнасцю, прынята называць абаяльнасцю або харызматычнасцю. Як гаворыцца ў вядомай песні, “я вам не скажу за ўсю Адэсу”, а вось асабіста харызматычнасць цаню вельмі высока, бо ёю заўжды валодаюць асобы неардынарныя і таленавітыя, знаходзіць якіх і ёсць журналісцкае шчасце.

Нарадзіўся Арнольд Смажалюк у 1939 годзе ва Украіне. Тату свайго не памятае: забрала вайна. Імкнучыся аблегчыць жыццё матулі і хутчэй пайсці на свой хлеб, пасля сямігодкі паступае ў Вінніцкі энергетычны тэхнікум, вучыцца там выдатна і атрымлівае пасля заканчэння права выбраць месца будучай работы. Кажа, захацелася жыць і працаваць у Беларусі.

І вось у 1957 годзе на спіртзавод “Стрэльчава” Хойніцкага раёна прыбывае малады спецыяліст, які прыступае да работы ў якасці механіка, з першых дзён стараецца найлепшым чынам прымяніць атрыманыя веды на практыцы.

– Увогуле маё жыццё там біла ключом, – смяецца Арнольд Антонавіч. – У хуткім часе сустрэў сваю Ірынку, праз год, у ліпені, пажаніліся, сталі, як гаворыцца ў казках, жыць-пажываць, а вось дабра нажыць не паспелі, бо ўжо ў лістападзе я пайшоў у армію. Тры гады служыў, ды яшчэ амаль год звыштэрмінова, паколькі выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі батальёна.

Цытатай ***Трэцяга ліпеня мы з Ірынай Станіславаўнай адзначаем два святы: дзяржаўнае – Дзень Незалежнасці і асабістае – Дзень Залежнасці. Цудоўнай залежнасці адно ад аднаго, бо ў гэты дзень мы ўступілі ў шлюб і навек звязалі свае лёсы.
***Я ў Беларусі ўкараніўся, палюбіў гэту зямлю. Тут мае дзеці, унукі, праўнукі – мой далейшы род. Думаю, гэтым не здрадзіў радзіме, якая жыве ў маім сэрцы, толькі там у мяне ўжо адны магілы – мае продкі, а будучае – тут.
***Жыві сумленна, рабі тое, на што здатны, любі шчыра, цані жыццё і не траць яго марна.

На “Стрэльчаве” Арнольд адпрацаваў пасля арміі яшчэ шэсць гадоў, а затым быў накіраваны на завод “Норыца” саўгаса “Ляхавіцкі” на Пастаўшчыне загадчыкам вытворчасці. Працаваць было цікава, вопыт атрымаў каштоўны, але адлегласць там да бліжэйшай школы – 10 кіламетраў, а ў сям’і ўжо падрасталі дачушка і сын. Трэба было неяк вырашаць пытанне, бо падвозу школьнікаў у тыя часы не існавала.

На дварэ быў 1972 год, калі сям’я Смажалюкоў прыехала ў саўгас “Сітцы” і яе галава заняў пасаду загадчыка вытворчасці спіртзавода.

– Саўгас той парой быў перадавы, грымеў на ўвесь Саюз, – успамінае суразмоўца. – Немалы прыбытак давалі спіртзавод, вінзавод і кансервавы цэх. Дырэктару саўгаса Івану Ільічу Старчаку было складана кіраваць яшчэ і гэтымі прадпрыемствамі, таму ў хуткім часе ўвялі штатную адзінку – намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях, і гэта месца дасталася мне. Заводы і цэх аб’ядналі, прадукцыйнасць працы яшчэ больш павысілася. Па сумах грашовых сродкаў, якія ўносіліся ў бюджэт раёна, мы стабільна займалі другое ці трэцяе месца – пасля сферы гандлю і часам пасля Крулеўшчынскай нафтабазы. Неаднаразова наша прадукцыя выстаўлялася на ВДНГ.

Арнольд Антонавіч згадвае, якія вялізныя былі ў прадпрыемства нарыхтоўкі: у сезон да завода выстройваліся чэргі на сотні метраў у тры рады – людзі займалі іх яшчэ з ночы, каб хутчэй здаць яблыкі ці ягады. Яблыкаў у год нарыхтоўвалі да паўтары тысячы тон, закуплялі шмат ягад. Цэны былі такімі, што задавальнялі абодва бакі.

Паступова пашыралі вытворчасць – спіртзавод павялічыў магутнасць практычна ў два разы, на вінзаводзе выпускалася значная колькасць пладова-ягадных він высокіх гатункаў. Раслі аб’ёмы і прадукцыі кансервавага цэха: марынаваных агуркоў і памідораў, салянак і салатаў, павідла і інш.

– Чакаўся ў раёне неяк візіт міністра аховы здароўя Чазава, – распавядае далей Арнольд Антонавіч. – Бальніцы падрыхтавалі, а трэба ж яшчэ нешта дастойнае паказаць, тым больш што з міністрам мелася быць вялікая дэлегацыя з Германіі, Расіі, Літвы, яшчэ некалькіх краін. Перад гэтым да нас завітаў кіраўнік раёна Мікалай Усцін, агледзеў вытворчасць, застаўся задаволены. На складзе ўбачыў скрынкі. “Што гэта такое?” – пытае. Ды вось, кажу, прапанавалі абсталяванне для лініі адліўкі мармеладу. Узяў, а можа, дарэмна? “Як гэта дарэмна? Запускайце лінію!” І мы за год узвялі будынак кандытарскага цэха і ўстанавілі тую лінію – сталі выпускаць мармелад, ірыс і цукеркі “Кароўка” (памятаю тыя “Кароўкі”: смачнейшых не даводзілася спрабаваць нідзе і ніколі – Аўт.).

Вытворчасць у такіх маштабах функцыянавала да той пары, як пачалося актыўнае змаганне з п’янствам і алкагалізмам. Разбураць створанае, дэмантаваць лініі, як гэта рабілася на многіх прадпрыемствах такога роду, мудры кіраўнік не стаў – проста закансервавалі частку вытворчасці, а астатняе вымушаны былі пераабсталяваць пад выпуск безалкагольных напояў. Некалькі гадоў так “перакантаваліся”, а калі хваля барацьбы за цвярозасць адкацілася, зноў вярнуліся да звыклага рэжыму работы: аднаўляць жа разбуранае не было патрэбы…

Дваццаць восем гадоў свайго жыцця прысвяціў Арнольд Смажалюк прадпрыемству і яшчэ паўтара года працаваў на пенсіі разам з Юрыем Ючкавічам, які прыйшоў яму на змену, дапамагаў, кансультаваў, вучыў. Адзначае, што на “вольнае плаванне” перайшоў моцна цяжка, што і здараецца ў большасці з людзьмі актыўнымі, дзейснымі, апантанымі любімай справай. Як адаптаваўся да новага жыцця? Зноў-такі работай – ужо ў хатняй гаспадарцы. А яшчэ чытаннем – “запойна”, да дзвюх-трох гадзін ночы. У дадатак па кнігах асвоіў кравецкае майстэрства, навучыўся шыць, і даволі складаныя рэчы. Ну і да ўсяго Арнольд Антонавіч актыўны інтэрнэтны карыстальнік: і перадачы пазнавальныя глядзіць, і кінафільмы – класіку сусветнага кінамастацтва і навінкі. І шмат часу праводзіць са сваёй дарагой паловай.

У майго героя цудоўная патрыярхальная сям’я – такую зараз рэдка сустрэнеш: жонка Ірына Станіславаўна, з якой сёлета адзначылі 66-годдзе сумеснага жыцця і пра якую распавядае з такой любоўю, якая не можа не захапляць, любімыя дачка і зяць – яны зараз і раней, што называецца, пад адным дахам, унукі, што выраслі таксама тут і часта наведваюцца ў родны дом, і нават чатырохлапы член сям’і ёрк Чапа. Шчасце? Несумненна. Арнольд Антонавіч гаворыць, што нізавошта не хацеў бы нешта мяняць у сваім жыцці. І тут нельга не згадзіцца, бо ён здолеў “пабудаваць” яго як майстар самага высокага класа.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *