Докшицкое ДРСУ № 180 стало родным для диспетчера Елены Стенник
СЕГОДНЯ — ДЕНЬ АВТОМОБИЛИСТА И ДОРОЖНИКА
У дыспетчарскай Докшыцкага ДРБУ № 180 найбольш людна раніцай, калі вадзіцелі і трактарысты атрымоўваюць на рукі пуцявыя лісты. У астатні час дыспетчар Алена Сценнік апрацоўвае дакументацыю, прымае заяўкі на выкананне работ ад грамадзян і рашае іншыя аператыўныя задачы, якія тычацца грэйдзіравання і рамонту дарог. З’яўляецца гэтакім злучным звяном у ланцужку ад кіраўніцтва філіяла да кіроўцаў транспарту.
– Заўжды з радасцю спяшаюся на работу, бо люблю яе, а таксама калектыў, у якім пануе асаблівая добразычлівасць, – шчыра прызнаецца Алена Анатольеўна.
Калісьці ў філіяле дзесяць гадоў адпрацаваў яе муж Сяргей Аляксандравіч, таму напачатку дапамагаў жонцы, зусім нявопытнай у пытаннях дарожнай службы, расказваў пра элементарныя рэчы: якая выкарыстоўваецца тэхніка, якімі відамі работ займаюцца дарожнікі і г.д. Цяпер, пасля сямнаццаці гадоў працы на адным пасту, Алена і сама каму хочаш правядзе экскурсію па мехдвары прадпрыемства.
Родам Алена з Магілёўшчыны. Працавала бухгалтарам у родным калгасе, дзе і сустрэлася са сваім будучым мужам, камандзіраваным па службе з Докшыц.
Пасля заключэння шлюбу пераехала ў наш раённы цэнтр і на першым часе моцна сумавала па малой радзіме, марыла пра вяртанне. І толькі калі наладзіліся справы з работай, абуладкаваннем уласнага жылля, прыкіпела да новага месца жыхарства. Тым больш што Докшыцы сталі родным горадам для яе сыноў Арцёма і Паўла.
З работай пашанцавала не адразу – давялося паспрабаваць сябе ў розных галінах, аднак шукала больш спрыяльных умоў. Дапамагло яе добрае валоданне камп’ютарам: у 2007 годзе ў ДРБУ якраз збіраліся ўстанаўліваць электронную дыспетчарскую праграму, для працы з якой патрабаваўся новы спецыяліст.
З праграмай Алена Анатольеўна разабралася ўраз, а яшчэ, як хутка выявілі яе калегі, аказалася працавітым, з цудоўным характарам чалавекам, таму лёгка ўлілася ў калектыў.
Зараз на яе камп’ютары стаіць і навігацыйная праграма – незаменны памочнік пры вырашэнні лагістычных пытанняў. Дыспетчар пастаянна на тэлефоннай сувязі з работнікамі, якія знаходзяцца на розных аб’ектах.
Самы напружаны перыяд у дарожнікаў – зіма. Галалёдзіца, завеі вымушаюць іх стаяць на варце дарог днём і ноччу. У Алены Анатольеўны гэтым часам з’яўляюцца тры “намеснікі” – начныя дыспетчары, якія сочаць за метэаўмовамі і ў выпадку неабходнасці накіроўваюць тэхніку для пасыпкі ці расчысткі дарожнага палатна. Яны ж выходзяць на дзяжурства ў выхадныя і святочныя дні. Наогул, у кругласутачным рэжыме працуе ўся служба – вадзіцелі і трактарысты гатовы ў любы момант рушыць у бой з прыроднымі з’явамі.
– Кожны з нашых работнікаў даражыць аўтарытэтам прадпрыемства і як само сабой зразумелае сочыць за станам дарог і ў нерабочы час, – кажа Алена. – Напрыклад, заўважылі, што дзесьці пасля дажджу ўтварылася размывіна, – тут жа адпраўляем тэхніку на грэйдзіраванне, не чакаючы заявак ад людзей.
Прыкладам добрасумленных адносін да прафесійных абавязкаў служыць сам начальнік ДРБУ Уладзімір Місачэнка, адзначае Алена. Ён жа заахвочвае калектыў да добраўпарадкавання тэрыторыі філіяла. І ўжо тут у навядзенні прыгажосці роўных няма менавіта Алене Сценнік. Яна галоўная па ружавай алеі, высадцы туй, доглядзе пакаёвых і вулічных кветак. Работа калектыву ў гэтым кірунку была адзначана камісіяй аднаго з раённых конкурсаў.
Імя Алены Сценнік, стараннага і актыўнага работніка, занесена на Дошку гонару філіяла.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.