Лучший сюрприз на день рождения мамы сделал докшичанин Виталий Плыгавко
Найлепшы сюрпрыз на дзень нараджэння матулі зрабіў дакшычанін Віталій Плыгаўка: прыйшоў у адпачынак са службы ў арміі. Сустрэчу імянінніцы Алены з сынам журналісты газеты якраз заспелі ў райцэнтры ў адзін з вераснёўскіх дзён. Слёзы радасці і шчасця ад магчымасці ўбачыць і абняць такога памужнелага і пасталелага, але ўсё ж такі дзіця – ці не самыя шчырыя эмоцыі.
– Прыезд сына стаў сапраўдным для мяне сюрпрызам, – гаварыла расчуленая Алена. – Канечне, ведала, што павінен прыехаць дадому на чатырнаццаць сутак, – менавіта такі адпачынак даюць ваеннаслужачым за ўвесь перыяд службы. Але Віталька заўсёды любіў здзіўляць, рабіць нечаканыя падарункі. Вось як і гэты. Вельмі ганаруся сваім старэйшым сынам. У школе ён заўсёды быў актыўным, пастаянна ўдзельнічаў у акцыях і іншых мерапрыемствах БРСМ. Калі прыйшоў час ісці ў армію – ніколькі не сумняваўся. Трэба – значыць, трэба. Сям’я наша шматдзетная, у Віталіка ёсць малодшыя дзве сястрычкі і брат. Для васьмігадовага Багдана Віталій прыклад для пераймання.
Віталій Плыгаўка вось ужо дзесяць месяцаў служыць пажарным выратавальнікам на авіяцыйнай базе.
– Наша каманда – гэта адзінаццаць чалавек, – гаворыць суразмоўца. – Умовы для службы камфортныя. Нядаўна ў нас быў зроблены рамонт, таму стараемся падтрымліваць чысціню і парадак. У часці, як, напэўна, і ў іншых, вялікая ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы салдат. Нават у свабодны час актыўна займаемся спартыўнай падрыхтоўкай, адпрацоўкай нарматываў, штодзень бегаем па сем кіламетраў. Асабіста мне некалькі разоў было даверана несці службу ў ганаровай варце. Гэта вельмі адказна і важна, бо такім чынам мы аддаём даніну памяці нашым воінам. У нашай сям’і служылі дзядуля і бацька. Для мяне армія – гэта школа мужнасці. Ці застануся ў часці па заканчэнні тэрміну службы, пакуль не ведаю. Але тое, што справа гэта патрэбная, упэўнены на ўсе сто.