Министр ЖКХ Геннадий Трубило посетил с рабочим визитом Докшицкий район
“З Віцебшчыны трэба браць прыклад іншым рэгіёнам”. Такую выснову зрабіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла падчас рабочага візіту ў Докшыцкі раён.
Перад наведваннем вытворчых аб’ектаў водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі кіраўнік профільнага ведамства правёў сустрэчу з працоўным калектывам філіяла “Докшыцыводаканал”, у якой прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзядзёла і дырэктар УП “Віцебскаблводаканал” Аляксей Хвалько.
Падчас сустрэчы прайшоў адзіны дзень інфармавання на тэму “Сямейнае выхаванне як аснова моцнай дзяржавы”. Генадзь Аляксеевіч падкрэсліў, што важна не толькі захоўваць, але і перадаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці з пакалення ў пакаленне. Затым спыніўся на развіцці сістэмы ЖКГ, а таксама рэарганізацыі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Віцебскай вобласці.
– Сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі развіваецца паскоранымі тэмпамі, – адзначыў міністр. – За апошнія гады многія задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам перад нашым Міністэрствам на семінары-нарадзе ў 2017 годзе, удалося вырашыць. Напрыклад, павялічаны плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту, вырас працэнт забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой, рэалізуюцца шматлікія пректы, у тым ліку па перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Узровень склаў 35,7 працэнта, а да 2025 года яго плануецца дасягнуць да 64 працэнтаў. Пакуль застаецца нявырашаным пытанне па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Па краіне іх адрамантавана 32, неабходна яшчэ 70 – для таго каб павысіць надзейнасць забеспячэння камунальнымі паслугамі.
Міністр гаварыў таксама аб праблемах у ЖКГ, якія тычацца кадравага патэнцыялу, вывазу цвёрдых бытавых адходаў, набыцця спецтэхнікі з дапамогай лізінгавых плацяжоў.
Пасля больш як гадзіннай размовы Генадзь Трубіла пабываў у аграгарадку Порплішча, дзе ў 2022 годзе была ўзведзена станцыя абезжалезвання вады.
– Віцебскі рэгіён славіцца тым, што знаходзіцца на крок наперадзе па развіцці сістэмы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, – адзначыў міністр. – Лічу, што іншым рэгіёнам трэба браць прыклад з Віцебшчыны, асабліва ў пытаннях прыняцця на баланс безгаспадарчых сетак ад сельгасарганізацый. Што тычыцца якаснай пітной вады, то ўпэўнены, што ў 2025 годзе спажыўцы будуць ёй забяспечаны на 100 працэнтаў. Гэта адна з прыярытэтных задач.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.