Музыкальный руководитель детского сада № 4 г. Докшицы Алла Лейчинская нашла своё призвание
Сёння — Дзень настаўніка
Калі мы адпраўляем сваіх дзяцей, а хто і ўнукаў, у дашкольную ўстанову, турбуе ўсё: ад адаптацыі, матэрыяльнай базы, агульнай атмасферы да педагагічнага калектыву. У дзіцячым садзе № 4 г. Докшыцы з гэтымі складнікамі ўсё ў парадку. Але падаецца, што найбольш важна спыніцца на апошніх двух. Трапляючы на маляўнічую тэрыторыю дзіцячай установы, якая патанае ў кветках і багатая на розныя прыстасаванні для забаў малечы, заўважаеш, што большасць з іх – адзіныя ў сваім родзе, бо зроблены клапатлівымі рукамі персаналу і бацькоў, дзеткі якіх наведвалі ці наведваюць сад. І да гэтага ўсяго педагогі самі ставяцца беражліва і вучаць таму ж дашкалят. Кожную раніцу, калі адводжу дзяцей у сад № 4, назіраю адну і тую ж карціну: яго загадчык Наталля Баброўская не спяшаецца адразу ў кабінет, а пільным гаспадарскім вокам аглядае тэрыторыю, дае даручэнні, калі што дзе трэба падправіць, а то і самастойна прыкрывае пясочніцу ці палівае кветкі. Не адстае ад кіраўніка і калектыў. Увогуле, здаецца, што гэта месца, дзе няма абыякавых да сваёй справы людзей, многія з якіх ужо былі героямі артыкулаў журналістаў “РВ”.
Напярэдадні Дня настаўніка, хочацца распавесці пра музычнага кіраўніка сада Алу Ляйчынскую. Дастаткова пабываць хаця б на адным мерапрыемстве, якое ладзіцца з яе ўдзелам, каб дакладна ўсвядоміць: гэта чалавек, адначасова ўлюблёны як у сваю прафесію, так і ў людзей. Ала Уладзіміраўна літаральна свеціцца пяшчотай і дабрынёй, а яе добразычлівасць і шчырая ўсмешка дазваляюць раскрыцца на занятках нават самым нясмелым выхаванцам. Вось тут да месца будзе прыгадаць добра вядомы выраз “Знайдзі сабе справу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў жыцці”. І хоць спецыяльнасць у нашай гераіні далёка не творчая – інжынер электрасувязі, адкрываць чароўны свет музыкі і прывіваць святую да яе любоў дзецям – сапраўднае прызванне жанчыны, якое яна пацвердзіла больш чым трыма дзесяцігоддзямі педагагічнай дзейнасці. Ала Уладзіміраўна шмат гадоў працавала ў некалькіх сельскіх садах нашага раёна, а кожны загадчык дашкольнай установы пацвердзіць, што знайсці такога апантанага справай музычнага кіраўніка, які яшчэ і згадзіўся б штодня ездзіць з горада ў вёску, – справа з разраду фантастычных.
А з якім імпэтам яна праводзіць з дзецьмі дадатковыя музычныя і харэаграфічныя заняткі – дзіву даешся майстэрству і грацыёзнасці! Тут трэба зрабіць адступленне і дадаць, што Ала Уладзіміраўна ніколькі не выглядае на свой узрост, хаця і не какетнічае на гэту тэму. Докшыцкую школу яна закончыла паўстагоддзя таму. Там жа ад сваіх глыбокапаважаных настаўнікаў і атрымала велізарны багаж ведаў, які быў настолькі правільна закладзены дзецям, што страціць яго за жыццё ніяк немагчыма.
Але вернемся да прафесіі, а дакладней, да прызвання. Як інжынер прыйшла ў педагогіку? Усё напачатку было празаічна. Яшчэ ў школе Ала была з ліку тых актывістак, што ў знакамітым фільме Гайдая: “спартсменка, камсамолка…” – грамадская работа, музычная школа па класе акардэона, танцавальныя заняткі, дзявочы ВІА, дзе Ала – гітарыстка, а паралельна выдатная вучоба і асаблівая цяга да матэматыкі… Як кажуць, адкрыты ўсе дарогі, але дысцыпліна і паслухмянасць – асаблівасць усіх такіх дзяўчынак. Таму, па парадзе родных, паступіла ў радыётэхнічны інстытут. А потым выйшла замуж за свайго аднакласніка і перавялася давучвацца ў Маскоўскі электратэхнічны… Яе Мікалай – чалавек ваенны, а Ала – жонка афіцэра. А таму да 1993 года лакацыі пражывання Ляйчынскіх змяняліся кожныя некалькі гадоў у залежнасці ад камандзіровак галавы сям’і. Была нават магчымасць паехаць у Сірыю, ды пры ўмове, што дзеці застануцца дома. На гэта сужэнцы не пайшлі.
Дзеці – гэта ўвогуле тое, без чаго не ўяўляе жыцця Ала Уладзіміраўна. Дарэчы, умоўна дзякуючы сыну Ігару яна і ўладкавалася на працу музработнікам у дзіцячы сад.
– Было гэта ў 1982 годзе пад Наварасійскам. Чарговы пераезд. Новае месца. Сады перапоўненыя. Нас не бяруць. Сыну паўгода да школы, а мне так хацелася, каб ён пазнаёміўся з дзеткамі, з якімі будзе вучыцца! – прыгадвае Ала Уладзіміраўна. – Я да загадчыцы, а тая кажа: “Каб вы хоць адным пальчыкам іграць на інструменце ўмелі, пайшлі б да нас працаваць, і сын з вамі ў садзік хадзіў бы. А я так бойка ў адказ, што ўмею іграць, і нават не адным пальчыкам. Вось дзе спатрэбілася ўсё тое, што дала мне наша выдатная музычная школа! Толькі такога інструмента, як акардэон, у садзе не было. А таму мама камандзіравала яго па пошце з Докшыц. Дарэчы, гэты старэнькі акардэон “працаваў” разам з Алай Ляйчынскай яшчэ ў многіх іншых садзіках, дзе прыходзілася весці музычныя заняткі жонцы ваеннага. Ён існуе і зараз – ва ўтульным доме Алы Уладзіміраўны – як успамін і напамін пра тое, што ў жыцці няма нічога немагчымага.
…На радзіму сям’я Ляйчынскіх вярнулася ў неспакойным пачатку 90-х. І зноў сужэнцы пачалі ўсё нанова. Але ўжо каб умацавацца каранямі, асесці на роднай зямлі назаўсёды. Будавалі дом, шукалі работу і вучыліся жыць у новых умовах. Усё атрымалася як мае быць, і да сённяшняга гэта абаяльная жанчына не страціла сваіх галоўных рыс: інтэлігентнасці, аптымізму, працаздольнасці, прагі да новых ведаў і бязмернай павагі да навакольных. Чаму і вучыць сваіх маленькіх падапечных, як таго і патрабуе сапраўднае жыццё – на ўласным прыкладзе.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.