Реконструированную МТФ «Добрунь» торжественно открыли в Докшицком районе
Згодна ў Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі №442 “Аб будаўніцтве (рэканструкцыі) малочнатаварных комплексаў”, да канца года будуць узведзены 60 сучасных комплексаў – па дзесяць у кожнай вобласці. У Віцебскай вобласці “першай ластаўкай” стала завяршэнне інвестыцыйнага праекта “Рэканструкцыя жывёлагадоўчага комплексу пад МТФ “Дабрунь” у ААТ “Бягомльскае” Докшыцкага раёна”. Урачыстая цырымонія адкрыцця рэканструяванай фермы адбылася ў пятніцу. У ёй прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ягораў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко, старшыня Праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Сяргей Сталярчук, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрста сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Царык, старшыня Докшыцкага райвыканкама Сяргей Абірала, старшыня Докшыцкага райсавета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, генеральны дырэктар ААТ “Прамагралізінг” Павел Кароткіх, дырэктар ААТ “МПМК-198” Віталій Акобія, члены райвыканкама, прэзідыума райсавета дэпутатаў, кіраўнікі і маладыя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна, работнікі ААТ “Бягомльскае”, навучэнцы агракласаў школ раёна.
Распрацаваны праект максімальна задзейнічаў узведзеныя раней збудаванні і дапоўніў іх будаўніцтвам новых аб’ектаў. У выніку гэта дазволіць арганізаваць замкнёны цыкл вытворчасці і значна павысіць яе прадукцыйнасць, стварыць належныя ўмовы для ўтрымання БРЖ, палепшыць умовы работы калектыву, арганізаваць яшчэ дванаццаць рабочых месцаў.
Са снежня мінулага года брыгады мантажнікаў і электрыкаў, будаўнічая тэхніка сталі неад’емнай часткай дзейнасці аб’екта, на рэканструкцыю якога з абласнога бюджэту было выдзелена восем мільёнаў рублёў. Яшчэ шэсць мільёнаў склаў крэдыт ААТ “Прамагралізінг”, якое з’яўляецца інвестарам сельгаспрадпрыемства. Будаўніцтва таксама вялося за лік крэдытных рэсурсаў ААТ “Белаграпрамбанк” і сродкаў самога сельгаспрадпрыемства. Работы былі завершаны з апераджэннем тэрміну. Акрамя гэтага, крэдытныя сродкі выкарыстоўваліся рацыянальна, што дало магчымасць эканоміі звыш аднаго мільёна рублёў.
Генеральным падрадчыкам выступіла ААТ “МПМК-198” г. Лагойска.
Праектам былі прадугледжаны рэканструкцыя будынка кароўніка пад памяшканне для ўтрымання сухастойных кароў, будаўніцтва санпрапускніка, абгароджванне малочнатаварнай фермы па перыметры тэрыторыі, яе асфальтаванне. Узведзены будынак кароўніка на 320 галоў дойнага статку, абсталяваны святлоаэрацыённым каньком, праз які ў памяшканне пранікаюць сонечныя промні і паветра, і вентылятарамі пад столлю для забеспячэння спрыяльных умоў для ўтрымання жывёлы, будынак для ўтрымання 400 галоў маладняку, склад для грубых кармоў, дзевяць выгульных пляцовак, два пажарныя вадаёмы, водазаборнае збудаванне з артэзіянскімі свідравінамі і воданапорнай вежай.
На сённяшні дзень у ААТ “Бягомльскае”, дзе БРЖ ўтрымліваецца, акрамя “Дабруні”, на МТК “Бягомль”, у сярэднім ад каровы надойваюць 22 кілаграмы малака. Валавая вытворчасць яго ў параўнанні з мінулым годам складае 128 працэнтаў. Усё малако здаецца сортам “экстра”. “Нас чакаюць вялікія справы”, – адзначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Навіцкі – мае для гэтага ўсе падставы.
Аляксандр Субоцін, старшыня Віцебскага аблвыканкама:
– Малочнатаварная ферма “Дабрунь” стала першым з дзесяці аб’ектаў, адкрыццё якіх адбудзецца да канца года ў рамках указа Кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці. “Дабрунь” – прыклад таго, як можна беражліва адносіцца да фінансавых сродкаў, з павагай – да людзей, якія тут працуюць. Гэта прыклад прафесіяналізму, граматных кіраўніцкіх падыходаў, таго, як можна эканоміць там, дзе сродкі максімальна сціскаліся, каб пабудаваць аб’ект выгадна.
Сяргей Абірала, старшыня Докшыцкага райвыканкама:
– Сумеснымі намаганнямі атрымаўся цудоўны жывёлагадоўчы аб’ект, які, я ўпэўнены, дасць магчымасць ААТ “Бягомльскае” дабівацца яшчэ вышэйшых вынікаў у сваёй дзейнасці і тым самым павялічыць дабрабыт працаўнікоў. Перад калектывам зараз, канечне, стаяць задачы яшчэ больш павялічыць і без таго высокія надоі малака, каб як мага хутчэй выйсці на акупнасць фермы. Самыя шчырыя словы падзякі ўсім, хто падтрымаў фінансава і справай – без увагі дзяржавы, Прэзідэнта, аблвыканкама, нашых інвестараў, без дапамогі будаўнікоў такі значны праект было б не асіліць.
Яўгенія Літвін, навучэнка агракласа Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова:
– З ахвотай прыехала на такое ўрачыстае мерапрыемства ў складзе агракласа, заняткі ў якім гэтак жа ахвотна наведваю. У будучым планую паступіць у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. З сельскай гаспадаркай звязалі сваё жыццё мае мама і старэйшая сястра, і мне таксама падабаецца жыць і працаваць на сяле. Акрамя гэтага, люблю жывёлу. Усё, што тут убачыла, мяне станоўча ўразіла – на такой ферме я б з радасцю пачала сваю прафесійную дзейнасць. Хто ведае, можа мае мары стануць рэальнасцю.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.