Стоянку раннего мезолита нашли археологи в Докшицком районе
Каля вёскі Нябышына, на супрацьлеглым баку ракі Поні, спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі знайшлі стаянку чалавека эпохі ранняга мезаліту (9,5 тыс. – 6 тыс. гадоў таму назад) – адну з самых старажытных гэтага перыяду ў вярхоўі Бярэзіны. Сёлета вучоныя праводзілі раскопкі на месцы паселішча і знайшлі артэфакты, якія сведчаць пра існаванне тут людзей у 8-м тысячагоддзі да нашай эры.
Як расказаў кіраўнік групы старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Ігар Язэпенка, гэту стаянку навуковая экспедыцыя адкрыла ў 2018 годзе, тады былі праведзены і першыя археалагічныя даследаванні. Раскопкі вяліся і на наступны год, а потым з-за пандэміі атрымаўся перапынак. Сёлета работа на месцы паселішча адноўлена.
Ігар Мікалаевіч Язэпенка. Старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся ў г. Брагіне на Гомельшчыне. Палову жыцця пражыў у горадзе Чавусы Магілёўскай вобласці. У 1985 годзе завяршыў вучобу на гістарычным факультэце Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А. А. Куляшова. Працаваў настаўнікам і дырэктарам Дужаўскай сярэдняй школы Чавускага раёна. У 1988 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі і з 1991 года па сённяшні час працуе ў гэтай навуковай установе. У 2003 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Займаецца даследаваннем неаліту і ранняга бронзавага веку Беларускага Падняпроўя, палявыя работы сканцэнтраваны на вывучэнні поймавых паселішчаў басейна Дняпра. Вывучае праблемы храналогіі і перыядызацыі неалітычных культур на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя, актыўна прымяняе метады комплексных даследаванняў.
Меркаванне, што паміж Нябышынам і Вітунічамі можа быць стаянка старажытнага чалавека, у Ігара Мікалаевіча ўзнікла яшчэ ў 1989 годзе, калі ён аспірантам наведаў Бягомльскі музей народнай славы. Маладога навукоўцу цікавіла месца знаходкі касцянога гарпуна, які захоўваўся ў экспазіцыі. Але пры дэталёвым разглядзе іншых экспанатаў, аналізе дакументаў Ігар Язэпенка прыйшоў да высновы, што варта шукаць старажытнае паселішча. Амаль праз трыццаць гадоў археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам вучонага натрапіла на першы артэфакт на месцы стаянкі Нябышына 1.
– Тады мы знайшлі драўляныя, касцяныя і рогавыя вырабы, а таксама фрагменты неалітычнай керамікі і драўляныя слупы за метраў 15 адсюль, – паказвае Ігар Мікалаевіч убок ад пляцоўкі, дзе ідуць раскопкі. – А зараз натыкнуліся на каменную дарогу, якая вяла да маста. Бачыце якраз насупраць на тым беразе ракі дарожку? Гэта старая дарога, а на картах 1910 года пазначаны і мост.
На зрэзе раскопу глыбінёй 50–60 сантыметраў добра відаць слаі глебы: гумусны, пясчаны, мацерыковы. У культурным пласце, які ўтрымлівае сляды дзейнасці чалавека, выдзяляецца каменная вымастка, што знаходзіцца бліжэй да дзённай (некранутай) паверхні. Усе камяні прыкладна аднаго памеру, ляжаць на адным узроўні – яўна справа рук homo sapienc, а не прыроды. Ніжэй ідзе слой цёмна-шэрага колеру, а самае дно раскопу ўжо светла-жоўтае, спрасаванае – гэта мацерыковая парода. Глыбей капаць ужо няма сэнсу – знаходак у ёй не будзе.
– Кожны слой абавязкова фіксуецца, замалёўваецца і апісваецца. Гэта метад стратыграфіі. Ён дазваляе ўбачыць, як паслядоўна фарміраваўся культурны слой, што, у сваю чаргу, дапамагае ў датаванні знаходак, – расказвае Ігар Язэпенка. – Некаторыя экзэмпляры адпраўляюцца на даследаванне радыевугляродным метадам (гэта метад вызначэння ўзросту аб’екта, які змяшчае арганічны матэрыял, з выкарыстаннем уласцівасцей радыевугляроду, радыеактыўнага ізатопа вугляроду. – Рэд.) Напрыклад, у мінулы раз пасля правядзення аналізу мы атрымалі 16 дат. Самая старажытная з іх – 11 250 гадоў, самая “маладая” – 6590. Значыць, у гэтым інтэрвале тут жылі людзі.
Археолагі акуратненька шуфлікамі здымаюць міліметр за міліметрам культурнага слоя, каб не прапусціць каштоўную знаходку. Месца кожнай з іх фіксуецца пры дапамозе нівеліра.
Гэтым разам археолагі адкапалі больш за дзясятак розных па памеры апрацаваных пласцінак з крэменю. Яны выкарыстоўваліся для вырабу наканечнікаў стрэл: рабро жывёлы надразалі, устаўлялі пласцінкі і фіксавалі пры дапамозе смалы.
– Такая мікралітычная тэхніка ўласціва для эпохі мезаліту, – тлумачыць Ігар Язэпенка. – Людзі адколвалі ад нуклеуса (ядрышча, асколак каменя) пласцінкі і састаўлялі ў адно. Таму вось гэтай мінімум 9,5 тысячы гадоў, – дадае вучоны, разглядаючы чарговую знаходку, якую прынёс калега.
Як расказаў Ігар Мікалаевіч, насельніцтва стаянкі Нябышына 1 было нетутэйшае. Навукоўцы лічаць, што людзі прыйшлі сюды з поўначы, з тэрыторыі Прыбалтыкі – Эстоніі, Латвіі, Літвы, і адносіліся да культуры кунда (археалагічная культура мезаліту на тэрыторыі Прыбалтыкі – Рэд.). Пра гэта сведчаць адпаведная форма наканечнікаў стрэл і адціскная тэхніка апрацоўкі крэменю. Людзі займаліся паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Рака выкарыстоўвалася і як крыніца вады, і як прыродны шлях, тым больш што паляўнічыя не вялі аседлы лад жыцця і перамяшчаліся ўслед за жывёлай.
У 2018 і 2019 гадах праводзіць раскопкі навукоўцам дапамагалі школьнікі з Асіповіцкага раёна. Непадалёк быў разбіты лагер, дзе і жылі юныя археолагі. Сёлета разам з даследчыкамі некаторы час працавалі вучні са школ нашага раёна, якія наведвалі аздараўленчы лагер “Археолаг”.
– Дзецям спадабалася, яны вельмі стараліся. Бачна, што некаторыя нават з вялікім інтарэсам гэта рабілі, нягледзячы на тое, што справа патрабуе акуратнасці і цярпення, – кажа кіраўнік групы Ігар Язэпенка і дадае: – Мяркую, што ў наступным годзе мы зноў будзем ладзіць экспедыцыю для правядзення раскопак на месцы стаянкі.
Вось так, па маленькіх, схаваных у зямлі крупінках узнаўляецца далёкая, нават вельмі, гісторыя. І ў той жа час адкрываецца цэлы свет.
Замест пасляслоўя. Палявы сезон у археолагаў пачынаецца ў красавіку і доўжыцца да лістапада. Зразумела, гэта арыенціровачныя межы: умовы надвор’я могуць зрабіць свае карэктывы. З аднаго боку археолагам, якія гэтым летам працавалі ў нашым раёне, пашанцавала, што не было заліўных дажджоў, з другога – так не скажаш, бо паліла гарачае сонца, а сядзець на спякоце ў раскопе, міліметр за міліметрам выбіраючы слой, тое яшчэ задавальненне. Можна таксама сюды дадаць адсутнасць бытавых умоў, калі даводзіцца жыць у палатках і гатаваць ежу на вогнішчы, бо не заўсёды побач з месцам раскопак ёсць населены пункт, дзе магчыма зняць жыллё.
Праўда, адступленне гэта не толькі пра складанасці работы археолагаў. Наадварот, хочацца выказаць словы павагі і захаплення людзям, якія, імкнучыся адкрыць новыя старонкі гісторыі, выбіраюць паходнае жыццё, далучаюць да пошукаў школьнікаў і моладзь.
Ігар Язэпенка ўмее зацікавіць дзяцей. Грунтуючыся на тэарэтычных ведах, багатым практычным вопыце, расказвае пра далёкае мінулае лёгка і даступна. Дзіву даешся, як па маленькім асколку каменя ці апрацаваным кавалку косткі можна даведацца пра лад жыцця людзей, што насялялі нашы землі тысячагоддзі таму!
Злавіла сябе на думцы: ці змагла б памяняць на некаторы час звыклы лад жыцця і пасяліцца ў палатцы, дзень за днём выбіраць зямлю ў пошуках каштоўнага артэфакта? Напэўна, так. З-за сваёй дапытлівасці, дзеля захапляльных аповедаў пры жыццё-быццё нашых продкаў, дзеля радасных эмоцый, якія можа выклікаць сам факт знаходкі.
Быць археолагам цяжка і ў той жа час вельмі захапляльна. Дзякуючы зацікаўленым, апантаным прадстаўнікам гэтай прафесіі пра гісторыю нашай краіны “пачынаюць гаварыць” нават сівыя камяні.
Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.