Учитель английского языка СШ № 1 г. Докшицы Екатерина Тихонова: «Стремлюсь как можно больше знаний дать детям»
Сёння — Дзень настаўніка
“Атрымліваю асалоду ад настаўніцтва і падрыхтоўкі да ўрокаў, імкнуся як мага больш ведаў даць дзецям”, – шчыра кажа Кацярына Ціханава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 г. Докшыцы, настаўнік англійскай мовы. Як адміністратар курыруе работу з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, даследчую дзейнасць.
Пра складанасці педагагічнай працы Кацярына ведала з дзяцінства, назіраючы, як яе мама – настаўніца пачатковых класаў СШ № 2 г. Докшыцы Алена Пятроўна Ціханава – перажывала за кожнага свайго вучня, наладжвала адосіны з іх бацькамі, штодзень дапазна рыхтавала планы-канспекты і нагляднасць, удзельнічала ў разнастайных мерапрыемствах. “Пры гэтым мама ніколі не скардзілася – наадварот, з радасцю акуналася ў любімую работу і не стамлялася пакараць новыя гарызонты, – заўважае Кацярына Віктараўна. – Зараз магла б знаходзіцца дома на заслужаным адпачынку, але працягвае прафесійную дзейнасць – тры гады таму ўладкавалася выхавальнікам групы падоўжанага дня ў маю школу”. Працавітасць, мэтанакіраванасць – гэта ў Кацярыны ад маці. Але ўсё ж, прызнаецца яна, у педагогіку пайшла не па матуліных слядах… Хай ужо Алена Пятроўна не крыўдуе, але Каця ў першую чаргу кіравалася любоўю да мовы. Англійская давалася лёгка, вучыцца яе прамудрасцям было ненадакучліва, за што Кацярына да гэтага часу ўдзячная сваёй настаўніцы Святлане Аляксандраўне Апанасевіч, якая і зараз працуе ў СШ № 2 г. Докшыцы. У выніку Кацярына закончыла Полацкі педагагічны каледж і Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт, дзе набыла запаветную спецыяльнасць выкладчыка замежнай мовы.
Цікавым быў яе настаўніцкі вопыт. Пасля каледжа ў 2006 годзе па размеркаванні трапіла ў Несцераўшчынскую базавую школу. Многае для яе, гарадской дзяўчыны, было нязвыклым у вясковай установе, пачынаючы з пячнога ацяплення і малакамплектнасці. Але ж якім цудоўным быў калектыў на чале з дырэктарам Генадзіем Віктаравічам Кулаком! Там яна пазнала, што такое велікадушная падтрымка калег і згуртаванасць вучнёўска-педагагічнай супольнасці. Акрамя англійскай мовы, выкладала беларускую, а таксама фізкультуру, была класным кіраўніком у двух класах, таму што ў кожным з іх было па два вучні… Гэта была “шматпрофільная” практыка, якая дапамагала развівацца ёй як настаўніку і асобе. І ў выніку не дазволіла расчаравацца ў прафесіі.
Потым у Кацярыны былі перыяды працы ў СШ № 2 г. Докшыцы і Тумілавіцкай СШ. Але вось гэтаксама ўтульна, як у Несцераўшчыне, адчула сябе на цяперашнім месцы, куды перайшла ў 2017 годзе. А праз два гады дасведчаную і адказную настаўніцу назначылі намеснікам дырэктара.
– Мне падабаецца атмасфера ў нашай школе – шмат таленавітых, самаадданых справе педагогаў і такіх жа вучняў, – расказвае Кацярына Віктараўна. – Дружны склад кафедры замежнай мовы, дзе заўжды можна абмеркаваць метадычныя навінкі і пракансультавацца.
Настаўніца пастаянна наведвае разнастайныя вебінары, каб павысіць уласную кампетэнтнасць, на ўроках выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, прымяненне анлайн інструмента WordWall лічыць эфектыўным для фарміравання ў дзяцей лексічных навыкаў, развіцця маўленчых уменняў. Інтэрнэт-сэрвіс Plickers дазваляе аператыўна праводзіць кантроль ведаў.
Вынікам удасканалення прафесійнага майстэрства з’яўляюцца перамогі Кацярыны Ціханавай у конкурсах. У 2022 і 2023 гадах яна прызнана пераможцай абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый у намінацыі “Творчае эсэ педагога”. Больш за тое, за апошнія тры гады падрыхтавала трох вучняў, якія таксама сталі пераможцамі гэтага фестывалю.
Тры гады запар разам са сваімі выхаванцамі ўдзельнічала ў абласным творчым конкурсе “Эксперымент-шоу”. Здабыткам яе вучняў сталі дыплом III ступені ў 2022 годзе, два дыпломы I ступені ў 2023 і 2024 гадах. Сёлета настаўніца асабіста адзначана дыпломам II ступені ў дадзеным конкурсе.
За добрасумленную работу ў сістэме адукацыі ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама і галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. А на днях атрымала Ганаровую грамату райвыканкама – за значны асабісты ўклад у выхаванне і адукацыю падрастаючага пакалення, захаванне гістарычнай памяці і нацыянальнай культуры.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.