В Докшицком райисполкоме обсудили работу смотровых комиссий и других субъектов профилактики
У райвыканкаме пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч прайшло пасяджэнне прэзідыума райсавета. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.
Адно з пытанняў, якое было заслухана на пасяджэнні, тычылася работы аглядавых камісій і іншых суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын, у тым ліку ад пажараў.
З пачатку года на тэрыторыі раёна адбылося 22 пажары, у агні загінулі два чалавекі. Асноўныя прычыны здарэнняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём, у прыватнасці пры курэнні, парушэнне правіл эксплуатацыі печак, электраабсталявання. Найбольшая колькасць пажараў – па чатыры – зарэгістраваны ў Бягомльскім і Крулеўшчынскім сельсаветах. Ніводнага – на тэрыторыі Бярозкаўскага і Сітцаўскага.
– Мы прааналізавалі пажары за апошнія пяць гадоў, і ўсе акалічнасці, звязаныя з гібеллю людзей, указваюць на тое, што ў асноўным узгаранню садзейнічала знаходжанне грамадзян у стане алкагольнага ап’янення, – паведаміў начальнік РАНС Віктар Кужэль. – Для ўзмацнення прафілактычнай работы ў раёне створана 14 аглядавых камісій. У сярэднім аглядавая камісія працуе два разы ў месяц. Усяго з пачатку года абследавана 92 працэнты жылля, у якім пражываюць грамадзяне розных катэгорый. Разам з тым у арганізацыі дзейнасці аглядавых камісій выяўляюцца некаторыя недахопы. У пратаколы не заўсёды ўносяцца даручэнні і накіроўваюцца зацікаўленым асобам для прыняцця мер. Не ставіцца задача аб аказанні дапамогі грамадзянам ва ўстаноўцы пажарнага апавяшчальніка, у рамонце пячнога ацяплення, замене электраправодкі. А значыць, дзейнасць некаторых суб’ектаў прафілактыкі недастатковая.
Актуальная задача ў летні перыяд – зрабіць так, каб адпачынак грамадзян на водных аб’ектах быў бяспечным. На жаль, у бягучым сезоне ў раёне патанулі два чалавекі – адзін мужчына 20 чэрвеня на возеры Дамашкаўскае, а праз тыдзень другі ў акваторыі возера Медзазол.
У 2024 годзе выратавальнікі накіравалі 116 інфармацый аб стане пажарнай бяспекі ў жылым фондзе, у тым ліку ў міліцыю і ЦРБ аб прыняці мер у адносінах да асоб, якія злоўжываюць спіртным. Прыняты адпаведныя меры рэагавання.
Для інфармавання насельніцтва па пытаннях бяспекі работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць сустрэчы з дзецьмі ў школах і дашкольных установах, са шматдзетнымі сем’ямі, у працоўных калектывах. У раёне задзейнічаны пяць святлодыёдных экранаў, а таксама плазменныя маніторы для трансляцыі прафілактычных відэаролікаў і паведамленняў. Праведзена восем рэспубліканскіх пажарна-прафілактычных акцый.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.