Золотую свадьбу отыграли Вера и Владимир Коляго из д. Янки

 

img_5628

Залатое вяселле – той самы рубеж, дасягнуць якога, жывучы ў любові і згодзе, мараць многія сямейныя пары. Пяцьдзясят гадоў рука аб руку – такі саюз па праве можна лічыць асаблівым, выключным. Не кожнай сямейнай пары нябёсы пасылаюць такое шчасце, і з гэтай прычыны Веру і Уладзіміра Калягаў з вёскі Янкі, якія нядаўна згулялі сваё залатое вяселле, можна лічыць людзьмі шчаслівымі.

Само сабой зразумела, у сямей­ным жыцці за паняцце “колькі?” важнейшае паняцце “як?”. Вось пра гэтае “як?” пры сустрэчы мы і павялі размову з Уладзімірам Іва­навічам і Верай Іванаўнай.

Пра сямейную біяграфію

Уладзімір Іванавіч мясцовы, янкоўскі. Старэйшы ў сям’і, дзе выхоўвалася трое дзяцей. За­кончыў Янкоўскую васьмігодку, сярэднюю адукацыю атрым­ліваў у школе рабочай моладзі ў Докшыцах. Жыццё сваё звязаў са спортам, вучыўся ў інстытуце культуры. Перавагу аддаваў лёг­кай атлетыцы і лыжам. Працаваў у камітэце па фізічнай культу­ры і спорце райвыканкама, два дзясяткі гадоў узначальваў Док­шыцкую ДЮСШ.

Вера Іванаўна родам з Ка­майска. Выпускніца Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума, пачынала працоўны шлях у Чы­рвоным Беразіне, бухгалтарам у саўгасе. А затым на гэтай пасадзе амаль тры дзесяцігоддзі, аж да выхаду на заслужаны адпачынак, адпрацавала ў Докшыцкай цэн­тральнай аптэцы.

Сямейная пара выхавала дваіх дзяцей (сын – ваенны, пад­палкоўнік, жыве ў Маладзечне, дачка – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Докшыцкай СШ №1), радуецца чатыром унукам і праўнучцы.

Пра пастаянства

– О, гэтым мы з Верай можам пахваліцца, – усміхаецца Улад­зімір Іванавіч. – Як пажаніліся, жывём у адным доме, скажам так, радавым маёнтку майго дзеда, былога старшыні сельвы­канкама, – хаціну мы перавезлі ў Янкі з Гняздзілава. Абуладкавалі, канешне, кухню прыбудавалі. А вось памяняць яе на нешта іншае ніколі не марылі: у родных сценах нам утульна і камфортна.

– Работу, як ужо гаварылі, так­сама не мянялі, – дадае Вера Іва­наўна. – Гэта я лічу правільным: займацца трэба тым, што ўмееш, да чаго ляжыць душа, – тады і бясконца шукаць сваё месца не давядзецца. Што яшчэ? Пражылі разам столькі гадоў, і ніколі не ўзнікала жаданне развесціся. Сям’я – гэта на ўсё жыццё, тут мы з Валодзем адзінадушныя.

– Ганаруся, што мая любоў да спорту перадалася нашчадкам – ужо тры пакаленні Калягаў па мужчынскай лініі атрымалі фіз­культурную адукацыю, – прывод­зіць яшчэ адзін аргумент Улад­зімір Іванавіч.

Пра ўзаемаадносіны і пачуццё гумару

Дзесьці прачытала, што шлюб абавязкова рушыцца, калі жанчы­на мае пачуццё гумару, а мужчына – не, трашчыць па швах, калі на­адварот, і вельмі моцны ў выпад­ку наяўнасці гэтай важнай рысы ў абаіх. Думаецца, зерне ісціны ў гэтым ёсць, прынамсі, сужэнцы Калягі такім пачуццём надзеле­ны, як падалося, у поўнай меры.

– Мы ж два Скарпіёны, якія, кажуць, у адным слоіку не ўжы­ваюцца, – кажа Вера Іванаўна. – Гарачыя, упартыя ў адстойванні сваіх меркаванняў, але ж паспра­чаемся аб нечым, затым пасмяём­ся і прымем агульнае рашэнне.

– Ого, не адзін слоік мы за жыццё раскалацілі! – рагоча Улад­зімір Іванавіч і дадае ўжо сур’ёз­на: – Але ж спрачацца – гэта не сварыцца. Ніколі адно аднаго не зняважылі і не абразілі. Ды і спра­чацца няма аб чым. Тэлевізары ў нас два: я па сваім спартыўныя праграмы гляджу, Вера па сваім – фільмы, – зноў жартуе. – Фінан­савая сістэма ў нас з маладосці адладжана: муж зарабляе, жонка лічыць і плануе, трацім сумесна. Гаспадарка ўжо значна паменшы­лася, у вялізны кветнік, які Вера развяла вакол дома, я дапускаюся толькі з мэтай штосьці выкапаць, спаліць ці вывезці зрэзанае. Так што поўная ідылія!

Пра галоўнае

Жыць так, каб сваім пры­кладам паказваць дзецям, якімі павінны быць адносіны ў сям’і, – так фармулююць муж і жонка Калягі асноўны пастулат моцна­га шлюбу. Любоў, павага – само сабой. А яшчэ сцвярджаюць, што абавязкова трэба шмат размаўля­ць паміж сабой – пра ўсё. І важна, каб дзеці ведалі: у іх ёсць баць­коўскі дом, дзе заўжды прымуць, выслухаюць, зразумеюць, дапа­могуць.

Замест пасляслоўя

– Гляньце, які букет падарыў мне Валодзя на наша вяселле, – у вачах Веры Іванаўны загараюц­ца цёплыя агеньчыкі. Пераводжу погляд на Уладзіміра Іванавіча – у яго вачах такія ж. І нейкія словы там, дзе ёсць каханне, залішнія.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *