Авторитет ответственного работника и неравнодушного человека Николай Асаёнок из Докшиц заслужил с первых дней
Дакшычанін Мікалай Асаёнак у сферы сацыяльнай дапамогі працуе не так даўно – з 2021 года. Аднак аўтарытэт адказнага і надзейнага работніка, неабыякавага, спагадлівага чалавека заслужыў практычна з першых дзён. “Не нарадуемся таму, што Мікалай Эдуардавіч з вадзіцеля перакваліфікаваўся ў сацыяльнага работніка, – гаворыць загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Данута Лявоха. – Для нас ён, калі так можна сказаць, вельмі каштоўны набытак”.
Сапраўды, маючы за плячыма пэўны стаж кіроўцы, Мікалай Асаёнак мог бы і далей рэалізоўвацца ў гэтай прафесіі: вадзіцелі на сённяшні дзень запатрабаваныя паўсюдна. Аднак ён вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці сацработніка і, як сцвярджае, знайшоў сябе ў прафесіі яшчэ раз.
– Нічога не збіраюся мяняць: работа ў мяне самая лепшая. І графік задавальняе, і абавязкі мае не патрабуюць якіхсьці павышаных намаганняў, а ўжо маральна-этычны бок справы – гэта ўвогуле асобная тэма. Столькі дабрыні, пазітыву, станоўчых эмоцый прыносіць дзейнасць такога роду! Мае бабулі і дзядулі заўжды чакаюць мяне, радуюцца прыезду, той дапамозе, якую аказваю, дзеляцца сваімі надзеямі і трывогамі, давяраюць сакрэты, проста роднымі людзьмі становяцца. А што можа быць даражэйшым за такія вось цёплыя чалавечыя зносіны? – разважае Мікалай Эдуардавіч.
– Напішыце, калі ласка, што наш Колечка самы лепшы! – узрушана просіць адна з падапечных сацыяльнага работніка, жыхарка вёскі Вецяра Валянціна Шэвель, у доме якой мы яго і заспелі за працай. – Любую работу выканае, што ні папросіш, на мужчынскую і жаночую не дзеліць: і столь ці падлогу памые, і фіранкі павесіць, і ўсё, што можна, адрамантуе. Да ўсяго пагаварыць з ім можна душэўна, а гэта, самі разумееце, у нашым узросце моцна цэніцца. Не нарадуюся, што Бог паслаў такога чалавека.
– Ну вы, Сяргееўна, і расхвалілі тут мяне – вось задзяру нос высока і стану працаваць абы-як, – смяецца, згружаючы ля печкі ахапак дроў, Мікалай.
– Не задзярэш. Я жыццё пражыла і ў людзях разбіраюся, – у адказ яму жанчына. І дадае: – Напішыце яшчэ, што Коля з часам не лічыцца: трэба пабыць даўжэй – пабудзе. І з Докшыц нам прывозіць усё, што толькі ні папросім.
Мікалай Асаёнак на сённяшні дзень абслугоўвае восем чалавек у Вецяры, Таргунах, Турках і Докшыцах, сярод якіх адзін чалавек з першай групай інваліднасці, двое – з другой. Ездзіць да падапечных на ўласным аўтамабілі – вось дзе вадзіцельскія правы і спатрэбіліся. Данута Лявоха зазначае, што, калі былі праблемы з кадрамі па Гняздзілаве, Мікалай Эдуардавіч падстаўляў плячо і ў той сітуацыі. Што тут можна дадаць? Толькі тое, што чалавек дакладна на сваім месцы, а значыць і ў рабоце яго ўсё як мае быць.
На сённяшні дзень у аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму працуюць 114 сацыяльных работнікаў, якія аказваюць паслугі 955 пажылым людзям, 13 сядзелак, што апякуюцца над 22 грамадзянамі, якія часткова ці цалкам страцілі рухальную актыўнасць. Гаспадарчай брыгадай, у складзе якой два работнікі аддзялення, зроблены 32 выезды ў населеныя пункты раёна, а ў цэлым аказана дапамога (касьба трымерам, узорванне глебы, распілоўка і шчапанне дроў і інш.) 730 грамадзянам пенсіённага ўзросту.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.