Бясследныя пакаленні?

photo_2024-11-01_13-45-24

Сяброўка, якая жыве на Міншчыне, распавяла жахлівую, калі ўдумацца, гісторыю. У яе суседкі Аксаны пайшла з жыцця пятнаццацігадовая дачушка, надзіва светлы і жыццярадасны, нягледзячы на дыягназ-прыгавор, чалавечак. Хоць дактары і папярэдзілі бацькоў, што такія хворыя практычна не дажываюць да дваццаці гадоў, ці трэба гаварыць, што мацярынскае сэрца ніякім чынам нельга падрыхтаваць да смерці дзіцяці ў любым узросце…

Прайшло крыху больш за паўгода пасля пахавання дзяўчынкі. Летам да яе маці прыехалі ў госці сястра з пляменніцай. На выхадныя жанчыны адправіліся на возера, дзе вырашылі пакатацца на катэры. І там здарылася яшчэ адна, без перабольшання, бяда: Аксана выпусціла ў ваду свой мабільны тэлефон. А на ім – тысячы са тры фота і відэа яе крывінкі, з малых гадоў і да апошніх дзён. У папяровым жа варыянце застаўся адзін партрэт на сцяне, дзе дзяўчынцы гадоў сем, і некалькі здымкаў, дзе яна груднічок. Усё. Сяброўка кажа, бедная жанчына галасіла так, нібыта пахавала дачку яшчэ адзін раз.

Пагадзіцеся, яе можна зразумець. Памятаю, якая істэрычная паніка ахапіла мяне, калі я не знайшла на сваім месцы дыск з адзіным відэазапісам мужа – самую каштоўную пра яго памяць. Таксама плакала, але ўжо ад радасці, калі знайшоўся (унукі палазілі), і на наступны ж дзень зрабіла некалькі копій.

Прадбачу супярэчанні самага рознага роду. І пра тое, што мець фота на тэлефоне куды больш зручна, чым у фотаальбомах: у любы час і ў любым месцы можна іх пагартаць, некаму паказаць ці пераслаць за адну секунду. І пра тое, што раздрукаваць сотні фота вымагае немалых грошай, а яшчэ тыя альбомы займаюць шмат месца (цяпер жа кожны другі ў нас прыхільнік мінімалізму ў інтэр’еры). І пра тое, што папяровыя фота таксама не вечныя.

Не маю нічога супраць фота ў тэлефоне, аднак кожны год два-тры дзясяткі самых дарагіх, памятных раздрукоўваю і памяшчаю ў старамодны фотаальбом. Фотаздымкі і павінны быць каштоўнымі ў тым плане, што адлюстроўваюць моманты, звязаныя з нейкімі значнымі, прыемнымі падзеямі, і людзей асабліва дарагіх і важных, а не, даруйце, вынікі тупога шчоўкання кожны дзень на кожным кроку. Так, вечнага няма нічога на гэтай зямлі, але ў маіх альбомах ёсць фотаздымкі родных стогадовай даўнасці, і пры клапатлівым захоўванні яны будуць жыць і яшчэ сто гадоў, і яшчэ – галоўнае, каб пасля мяне былі тыя, хто лічыць святым доўгам іх захаваць і перадаць наступным пакаленням (а гэта ўжо мая выхаваўчая задача як маці і бабулі). Можна сказаць тое ж пра электронныя носьбіты? Вось-вось.

Калі ж мысліць, што называецца, у глабальным маштабе, усё наша цяперашняе жыццё захоўваецца ў электронным выглядзе: у камп’ютарах, якія старэюць і выходзяць са строю, на флэшках і дысках, якія губляюцца, серверах сацсетак, якія знішчаюцца. Як вынікае, самае дарагое давяраецца рэчам абсалютна ненадзейным. Так, яны маюць вялікі аб’ём памяці, але памяць гэта ў адзін далёка не цудоўны момант можа стацца цалкам сцёртай па прычыне тэхнічнага збою, і нашы думкі, пачуцці, твары праваляцца ў чорную дзірку сеціва і знікнуць там бясследна і беззваротна. Атрымліваецца, што далей пойдуць пакаленні, якія не пакінуць пасля сябе рукапісных дзённікаў і нататнікаў, пісем і паштовак, фотаздымкаў з прысвячэннямі на адваротным баку – каму і ад каго, рэцэптаў у кулінарных кнігах з асаблівымі паметкамі, шмат чаго іншага, у чым захоўваецца вобраз чалавека, яго душа, у чым заключаецца повязь з тымі, хто прыйдзе пасля… Бясследныя пакаленні? Верыцца, што не. Калі мы, пакаленне старэйшае, будзем закладваць у нашых дзецях і ўнуках разуменне патрэбнасці і значнасці ўсяго таго, аб чым гаварылася вышэй.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *