Министр сельского хозяйства Беларуси Анатолий Линевич поздравил многодетную семью из агрогородка Парафьяново

img_9380

У чацвер рабочая паездка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолія Ліневіча па Віцебскай вобласці завяршылася візітам у наш раён. У рамках адзінага дня інфармавання, тэма якога прысвечана сямейным каштоўнасцям, кіраўнік галіны разам са старшынёй райвыканкама Сяргеем Абіралам наведалі шматдзетную сям’ю Марыны Кудрашовай і Сяргея Калягі ў аграгарадку Параф’янава.

Сустрэча атрымалася вельмі цёплай. Марына Юр’еўна, якая ў мінулым годзе ўзнагароджана ордэнам Маці, і Сяргей Васільевіч расказалі гасцям пра свой сямейны лад, выхаванне трох сыноў і дзвюх дачушак, справы і планы. Да віншаванняў Анатолія Ліневіча і Сяргея Абіралы далучыліся старшыні абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава і Васіль Васюковіч, а таксама выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Сяргей Трус. І, вядома ж, дружнай сям’і было ўручана шмат каштоўных падарункаў, кветкі – сапраўднае свята атрымалася.

photo_2024-10-31_22-42-09

– Сям’я заўжды з’яўляецца апорай дзяржавы, – адзначыў Анатолій Ліневіч. – А такія сем’і, як ваша, несумненна даюць найбольшую моц краіне.

– У тым, што ў маёй сям’і будзе расці не адно дзіця, была пераканана яшчэ не будучы замужам, – падзялілася Марына Юр’еўна. – І вельмі рада, што тут мы з Сяргеем аказаліся аднадумцамі. Мы абое са шматдзетных сем’яў: нас у маёй мамы пяцёра, у Сяргеевай – трое. У маім выпадку дык наогул ужо векавая традыцыя: у мамы васьмёра братоў і сясцёр. Таму, мабыць, іншага сямейнага ўкладу я і не ўяўляла. Разумела, што лёгка не будзе, але ж цяжар клопатаў аб дзецях з лішкам кампенсуецца іх любоўю, радасцю ад зносін, нашым бацькоўскім гонарам за іх, асэнсаваннем таго, што нас, родных крывінак, шмат, і разам мы – сіла.

Галава сям’і і надзейная захавальніца дамашняга ачага – работнікі райаграсэрвіса. Марына па спецыяльнасці заатэхнік, Сяргей – механізатар, працуе на Амкадоры. Варта адзначыць, што ў гэтай сям’і праца ў вялікай пашане, і дзеці да яе прывучаюцца з малых гадоў. А як інакш, калі такую падсобную гаспадарку па сённяшнім часе рэдка дзе сустрэнеш: дзвюх кароў трымаюць, поўны хлеў свіней, птаства, зямлі, каб карміць жывёлу, больш за тры гектары. Дзяўчаткі пакуль яшчэ малыя, дык маме па доме сім-тым могуць дапамагчы, а вось хлопцы ўжо і агарод праполюць, і бульбу капаюць нараўне з бацькамі, і дровы складаюць, і ў хлявах могуць управіцца. Сядзець з тэлефонамі гадзінамі бацькі ім не дазваляюць, ды і самі яны, кажуць, ахвотна гуляюць у настольныя гульні, вельмі любяць рознага роду канструктары. Старэйшы, васьмікласнік Ягор, аматар шахмат. Гэта самы надзейны мамін і татаў памочнік, сур’ёзны і дастаткова самастойны. Пагодкі Мікіта і Антоша, адпаведна другакласнік і першакласнік, прызнаюць Ягораў аўтарытэт і бяруць прыклад. Меншанькіх – пяцігадовую Васілісу і двухгадовую Мар’яну – не крыўдзяць, усяляк апякаюць.

– Лічым з мужам, што не мае значэння, кім у будучым стануць нашы дзеці, – працягвае Марына Юр’еўна. – Прафесій прэстыжных і непрэстыжных няма – ёсць прафесіяналы і непрафесіяналы. Таму галоўная наша задача як бацькоў – вырасціць дзяцей прыстойнымі, сумленнымі, шчырымі людзьмі, даць належную адукацыю, прывіць ім працавітасць, адказнасць, павагу да старэйшых, як гаворыцца, выпусціць у свет падрыхтаванымі да самастойнага жыцця. Таксама прыкладаем усе намаганні, каб яны з маленства разумелі, што важней за сям’ю, за любоў і клопат адно пра аднаго ў ёй нічога няма. Любоў у прыярытэце адназначна.

– Упэўнены: ёсць надзейны тыл – усё астатняе будзе па плячы, – падтрымлівае жонку Сяргей Васільевіч.

Няма сумненняў: у малодшага пакалення гэтай сям’і ён ёсць.

photo_2024-10-31_22-42-09-3 photo_2024-10-31_22-42-09-2 photo_2024-10-31_22-42-08

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *