Об ответственности за взятку в незначительном размере рассказал участковый Докшицкого РОВД

original

Ці прадугледжана крымінальная адказнасць у адносінах да службовай асобы, якая атрымала хабар у нязначным памеры (каробка цукерак, шакалад, букет кветак)?

Марына, г. Докшыцы.

Адказвае ўчастковы інспектар РАУС старшы лейтэнант міліцыі Дзмітрый Таляронак, які абслугоўвае адміністрацыйны ўчастак г. Докшыцы:

– Праваадносіны ў розных сферах дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўчымі актамі, якія прадугледжваюць наступленне для парушальнікаў негатыўных наступстваў. Абарона дзяржаўных інтарэсаў ажыццяўляецца на падставе прынцыпаў роўнасці ўсіх перад законам, павагі правоў і законных інтарэсаў (арт. 14 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).

У адпаведнасці з заканадаўствам, для некаторых катэгорый правапарушэнняў прадугледжаны мінімальны вартасны парог, з якога асоба прыцягваецца да крымінальнай адказнасці.
Такім чынам, за здзяйсненне службовай асобай крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей крымінальная адказнасць паводле арт. 210 КК Рэспублікі Беларусь наступае пры ўмове, што памер крадзенага на момант крадзяжу складаў больш за 10 базавых велічынь, акрамя некаторых выпадкаў.

Што тычыцца дачы хабару службовай асобе, то тут заканадаўствам мінімальны кошт каштоўнасцей, якія перадаюцца ў якасці незаконнага ўзнагароджання, не вызначаны. Гэта звязана з тым, што той, хто прапануе хабар, правакуе службовую асобу на дзеянні, якія парушаюць устаноўлены дзяржавай парадак іх выканання і інтарэсы іншых грамадзян. Напрыклад, хабарадавальнік, перадаючы ўзнагароджанне службовай асобе, узамен просіць прадаставіць пазачарговае права на атрыманне пакоя ў інтэрнаце, на будаўніцтва жылля, на прадастаўленне зямельнага ўчастка. Ва ўрача – пры адсутнасці медыцынскіх паказчыкаў – просіць выпісаць ліст непрацаздольнасці альбо паставіць адпаведны дыягназ для атрымання льготнай пуцёўкі і г. д.

Паводле артыкула 430 КК Рэспублікі Беларусь, за атрыманне хабару мінімальны тэрмін пакарання для службовай асобы – абмежаванне волі ад трох гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю. Максімальны тэрмін пакаранння – да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *