Спортсмен, мастер, педагог, руководитель… Михаил Немколович 25 лет возглавлял Парафьяновскую СШ

DSCN5696 с

Спартсмен, майстар, педагог, кіраўнік… Гэта толькі некалькі характарыстык былога дырэктара Параф’янаўскай сярэдняй школы, які чвэрць стагоддзя ўзначальваў установу адукацыі, Міхаіла Немкаловіча. 7 лістапада Міхаіл Пятровіч адзначыў сваё 75-годдзе. Напярэдадні такой прыгожай даты мы сустрэліся, каб згадаць мінулае і пагаварыць пра сённяшнія дні гэтага, несумненна, адметнага і таленавітага чалавека.

Пра любоў да спорту і павагу да фізічнай працы

– І тое, і другое фарміравалася, канешне, у дзяцінстве, якое не было бесклапотным і лёгкім, але ж захавалася ў самых добрых і светлых успамінах, – Міхаіл Пятровіч зграбна, хутка, дакладна “фарміруе” свае думкі ў паслядоўны і вобразны аповед на чысцейшай беларускай літаратурнай мове, што не можа не выклікаць павагі і захаплення. – Нарадзіўся я на хутары ля вёскі Азарцы, і там прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады. Мы з братам, як і ўсе дзеці ў тыя часы, ведалі сялянскую працу з малых гадоў. Тата мяне, што называецца, паставіў у касу, калі мне споўнілася гадоў трынаццаць. Працаваць нароўні з бацькамі – гэта было нормай, ніякай крыўды ці пратэсту не выклікала і з пункту погляду выхавання было не проста неабходным, але і правільным. Вельмі важна з малых гадоў ведаць, як нялёгка зарабляюцца грошы, і цаніць працу, сваю і чужую. Вось і мы, падшыванцы, зараблялі, як маглі: дзерлі лазовую кару і здавалі нарыхтоўшчыку, збіралі грыбы і ягады, сушылі лекавыя расліны. Усюды паспявалі, і часу на гульні хапала.

Да спорту мяне цягнула моцна. Напрыклад, пра завадскія канькі я бацькам і заікнуцца не пасмеў бы, а катацца, гуляць у хакей вельмі хацелася, таму і рабіў тыя канькі сам. А вось веласіпед быў – на ім ездзіў за чатыры кіламетры ў школу. З ветрыкам, вядома. Лыжы абмяняў на штосьці ў старэйшага аднавяскоўца. З якога яны былі дрэва зроблены, не ведаю, але, катаючыся на іх з трампліна ў кар’еры, неаднаразова то заднікі, то насы ўторкваў у снег, завісаў у паветры, матляючыся, як на спружыне, і ні разу не зламаў.

У школе на мае здольнасці звярнуў увагу настаўнік фізкультуры Іван Іосіфавіч Матошка, і рознага роду спаборніцтвы – лыжы, бег, веласіпедныя гонкі – трывала ўвайшлі ў маё жыццё. Спачатку выступаў у раёне за школу, а потым і на вобласць выйшаў, дзе неаднаразова перамагаў і займаў прызавыя месцы, што толькі ўзмацняла жаданне звязаць сваё далейшае жыццё са спортам.

Пра станаўленне ў прафесіі

— Няма, кажуць, на свеце нічога больш заканамернага, чым выпадковасць. Вярнуўшыся з арміі, зайшоў у Докшыцах у ДСУ «Ураджай», і там інструктар Людвіг Аземблоўскі прапанаваў папрацаваць у піянерскім лагеры ў Вітунічах. Падумаў і згадзіўся. Недарэмна: работа з дзецьмі так спадабалася! І вызначыла далейшы выбар: паступіў у Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. Працоўную дзейнасць пачаў настаўнікам фізкультуры ў Таргуноўскай базавай школе і разам з тым інструктарам па фізкультуры і спорце ў саўгасе. Справа пайшла, бо была ва ўсім падтрымка тагачасных дырэктара школы Леаніда Пракопавіча Сінякова і старшыні сельгаспрадпрыемства Людвіга Антонавіча Петрашкевіча. Ужо на другі год у малодшай групе лыжнікаў зборнай раёна былі ў большасці нашы вучні. Пастаянна спаборнічалі па-сяброўску з бягомльскім калегам Іванам Рацькавічам. Увогуле ў тыя часы настаўнікі фізкультуры як адзін былі людзьмі апантанымі ў сваёй справе, а дзеці маглі трэніравацца да ночы. У Таргунах не было спартзалы, і, каб пагуляць у баскетбол зімой, вучні расчышчалі снег на пляцоўцы. А ў футбол рэзаліся проста да знямогі…

У 1974 годзе дырэктар Заборцаўскай сярэдняй школы Павел Мікалаевіч Атрахімовіч завабіў мяне ў свой калектыў. У школе была выдатная матэрыяльная база, спартзала, а колькасць вучняў перавышала дзве сотні. Ініцыятыўны сам, дырэктар падтрымліваў усе пачынанні педагогаў. Як толькі выпадаў снег, уся школа станавілася на лыжы. Арганізоўвалі спаборніцтвы паміж класамі, на лыжню збіраліся балельшчыкі, работнікі сталовай падвозілі бідоны з гарачым чаем, пячэнне — сапраўдныя спартыўныя святы атрымліваліся. Ну і ў раёне годна выступалі. Яшчэ давялося выкладаць і працоўнае навучанне, паколькі на тэхнікуме я не спыніўся і закончыў Мозырскі педагагічны інстытут па гэтай спецыяльнасці. Цешу сябе надзеяй, што многім сваім вучням прывіў любоў да гэтага прадмета, жаданне майстраваць, ствараць патрэбныя і прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Паўла Мікалаевіча змяніў на пасадзе дырэктара Уладзімір Васільевіч Бурдыка, які заўжды быў і застаецца да сённяшняга чалавекам спартыўным, таму і з ім знайшлі паразуменне адразу. Дзесяць гадоў аддаў школе ў Заборцах, і яны былі шчаслівыя, напоўненыя яркімі падзеямі і добрымі людзьмі.

Яго школа

— Я доўга супраціўляўся свайму назначэнню дырэктарам Параф’янаўскай сярэдняй школы, — прызнаецца Міхаіл Пятровіч. — Хацелася і далей займацца любімай справай, працаваць непасрэдна з вучнямі, а гаспадарчыя, адміністрацыйныя абавязкі, увогуле ўся кіраўнічая дзейнасць, добра разумеў, у мяне гэту магчымасць забярэ. Вымушаны быў усё ж згадзіцца і пачаць новы этап у сваёй педагагічнай працы. Удзячны бязмерна ўсяму калектыву за добразычлівасць, паразуменне, адданасць прафесіі, уменне і жаданне працаваць у камандзе і шмат яшчэ за што, а таксама сваёй вернай спадарожніцы жыцця Эміліі Іосіфаўне за цярпенне і падтрымку. Прыйсці кіраўніком у школу, дзе калісь быў вучнем, дзе яшчэ працавалі твае настаўнікі, пагадзіцеся, адказнасць двайная. Чвэрць стагоддзя прысвяціў сваёй альма матар, і зараз, азіраючыся на пройдзены шлях, магу ўпэўнена сказаць: нашаму калектыву ёсць чым ганарыцца, ёсць чаму радавацца, і ў гісторыю нашай школы намі ўпісана нямала слаўных старонак. Ганаруся, што па паспяховасці, паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, па перамогах у алімпіядах, конкурсах, спартакіядах мы не адставалі ад гарадскіх школ, а былі часы, што і апераджалі іх, на дастойным узроўні вялі прышкольную гаспадарку, трымалі ў парадку тэрыторыю, арганізоўвалі шмат цікавых мерапрыемстваў і былі пачынальнікамі многіх добрых спраў. Так павінна быць, у гэтым наш настаўніцкі плён, наша самарэалізацыя, наша прызначэнне. Так, гэта высокія словы, але за імі – ісціна.

Зразумела, не ўсё і не заўжды ішло гладка, але ў адным я перакананы цвёрда: кожны настаўнік заслугоўвае працаваць на даверы, без павышанага кантролю, праверак і маніторынгаў. Разумееце, у школе выпадковых людзей няма. Выпадковыя адпрацоўваюць належны тэрмін і збягаюць. Тыя, што застаюцца, ужо пацвярджаюць сваё права з годнасцю насіць імя настаўніка. Памятаю ўсіх сваіх калег і пра кожнага гатовы сказаць добрыя словы.

Які я быў дырэктар? Пра гэта трэба пытацца ў калектыву. Ацэнка, вядома, можа розніцца, аднак скажу, што стараўся ў зносінах на ўсіх узроўнях быць сумленным, паступаць па справядлівасці, бачыць і цаніць у людзях лепшае. Не крывіў душой, не хітрыў, адстойваў свае прынцыпы і перакананні, не падхалімнічаў, не апускаўся да дробязнасці, не быў кар’ерыстам. У астатнім я проста чалавек са сваімі вартасцямі і недахопамі.

Яго майстэрства

DSCN5696

Яно, як кажуць, з малых гадоў і да сівізны. Міхаіл Паўлавіч робіць з дрэва шыкоўныя рэчы. Увогуле ён і будаўнік нядрэнны: рэканструкцыя царквы ў Параф’янаве – справа яго рук і яго шчырых памочнікаў, сярод якіх былі і вучні. Яму пад сілу любая мэбля, любыя драўляныя рэчы ювелірнай вытанчанасці. Зараз часу вольнага шмат, і майстар можа ўволю аддацца свайму захапленню. Хаця аматарам яго назваць нельга, бо тут у наяўнасці высокі прафесіяналізм. Апошнія работы – двухсекцыйная хлебніца і шыкоўныя і зручныя крэслы “кентукі” для адпачынку. Уражвае.

Пасля дзвюх з паловай гадзін размовы з Міхаілам Пятровічам не тое што такі сціплы артыкул — кніжачку невялікую можна было б напісаць. Столькі цікавых гісторый суразмоўца распавёў, пра столькіх людзей выказаўся з удзячнасцю і павагай, такія агеньчыкі гарэлі ў яго вачах, што разумелася і адчувалася: гэта шчаслівы чалавек, які ў жыцці нідзе не пайшоў выпадковым шляхам — ні ў справе, ні ў сям’і, ні ў пачуццях, ні ў сяброўстве. І нічаму і нікому не здрадзіў. Пра такіх кажуць: сапраўдны мужчына.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *