В экспедиции Докшицкого хлебозавода с удовольствием примут заявки на поставку продукции
Паняцце “экспедыцыя” многімі разумеецца як працяглы паход ці падарожжа групы людзей у пэўнае месца са спецыяльным заданнем. Але экспедыцыяй называюць таксама аддзел прадпрыемства, які займаецца прыёмам заказаў, падрыхтоўкай грузаў, афармленнем дакументаў і адпраўкай тавару. Работнікі такога аддзела Докшыцкага хлебазавода называюць сябе прыёмаздатчыкамі гатовай прадукцыі і жартуюць, што ў экспедыцыі знаходзяцца гадамі.
Калі больш падрабязна, то адзін з этапаў работы хлебазаводаўскіх экспедытараў заключаецца ў прыёме заявак крам на пастаўку прадукцыі. Як вядома, докшыцкія хлеб і хлебабулачныя вырабы запатрабаваны не толькі ў нашым раёне – едуць яны ў пэўныя дні ажно ў сталіцу і так званыя гарады-спадарожнікі, а таксама ў Новалукомль, Чашнікі, Лепель, суседнія райцэнтры – Паставы, Глыбокае, Мядзель. Таму тэлефоны ў аддзеле экспедыцыі практычна не замаўкаюць. Далей алгарытм работы такі: заяўкі ўносяцца ў камп’ютарную базу, пасля чаго для работнікаў хлебабулачнага і кандытарскага цэхаў састаўляецца заданне на выраб неабходнай для рэалізацыі партыі прадукцыі. Яе прыём і кантроль за загрузкай у машыны таксама з’яўляецца абавязкам жанчын, што працуюць у аддзеле. Іх рабочы графік – з пяці гадзін раніцы да васямнаццаці вечара. Працуюць пазменна, два дні праз два.
Знаёмімся. Самы вопытны экспедытар – Галіна Броніна, якая на прадпрыемстве ўжо без малога чатыры дзясяткі гадоў. Галіна Пятроўна не толькі прафесіянал з вялікім вопытам работы, але і чалавек, які ніколі не застаецца ў баку ад грамадскага і культурнага жыцця калектыву завода. Трэба прыняць удзел у якімсьці конкурсе – чаму б і не? На турзлёт паехаць – абавязкова! Навесці парадак на тэрыторыі – яна ў першых радах. Галіна Пятроўна – цікавы чалавек, у якога шмат захапленняў.
Яе калега Жанна Барысёнак таксама на прадпрыемстве старажыл: аддала яму больш за трыццаць гадоў. Пачынала Жанна Анатольеўна прадаўцом у краме хлебазавода, з цеплынёй успамінае тыя часы, але і цяперашняй сваёй работай таксама задаволена. Кажа, узаемавыручка і паразуменне пануюць і ў іх маленькім калектыве, і ў агульным вялікім, а калі мікраклімат камфортны, то і працуецца з ахвотай, і складаныя задачы вырашаюцца хутчэй.
Марына Грыгарук на гэтай пасадзе рупіцца пяць гадоў – прыйшла на хлебазавод пасля закрыцця малочна-кансервавага камбіната. Хутка асвоілася на новым месцы з дапамогай вопытных калег, улілася ў дружную каманду і таксама выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Жанчыны неаднаразова адзначаліся за добрасумленную працу як на прадпрыемстве, так і на вышэйшых узроўнях. Карыстаюцца павагай у калектыве, што, няма сумненняў, спрыяе поспехам у працы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.