Работники Крулевщинского филиала ПУ «Витебскторф» выполнили сезонный план по заготовке торфа
Работнікі філіяла ВУ “Віцебскторф” УП “Віцебскаблгаз” нарыхтавалі сёлета 50 тыс. тон торфу, што складае сто працэнтаў да сезоннага плана. У гэтым ліку 45 тыс. тон верхавога торфу і 5 тыс. тон торфу для кампаставання.
Прадпрыемства, вытворчая база якога знаходзіцца ў Крулеўшчыне, з’яўляецца адным з лідараў у нарыхтоўцы верхавога фрэзернага торфу ў Беларусі, прызёрам і пераможцам розных конкурсаў, якія праводзяцца сярод арганізацый галіны і прамысловасці рэспублікі ў цэлым.
І гэты год не стаў выключэннем – па заканчэнні сезона нарыхтоўкі крулеўшчынскія тарфянікі атрымалі шэраг узнагарод.
Пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва сярод машыністаў торфаздабыўных машын арганізацый, якія ўваходзяць у склад Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, сталі машыністы машын па здабычы і перапрацоўцы фрэзернага торфу Віктар Сталяроў, Вадзім Арцімовіч, Аляксандр Браслаўскі і Сяргей Палачанін.
Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства на званне “Лепшая транспартная служба сярод арганізацый тарфяной прамысловасці” каманда ВУ “Віцебскторф”, у склад якой увайшоў і крулеўшчынскі трактарыст Аляксандр Крэміс, заняла другое месца.
Не застаўся ў баку ад ушанавання тарфянікаў і прафсаюз. Падзякай аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” Беларускага прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці былі адзначаны машыніст цеплавоза Аляксандр Грыцкевіч, начальнік вытворча-тэхнічнага сектара Вячаслаў Лукашонак і начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Іна Козел.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадастаўлена ВУ “Віцебскторф”.