143 старейшины работают в Докшицком районе
Каб ФАП часцей працаваў…
У лістападзе дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў было праведзена 28 прыёмаў грамадзян. Народныя абраннікі выехалі ў выбарчыя акругі, каб кожны ахвотны меў магчымасць задаць ім хвалюючае пытанне. Гэтай магчымасцю скарысталіся 20 чалавек. На кантролі мясцовай улады пакуль застаецца 12 зваротаў. Сярод асноўных тэм – рамонт вулічна-дарожнай сеткі, у тым ліку пад’езду да могілак, асвятленне населеных пунктаў, медыцынскае абслугоўванне. Дарэчы, што тычыцца апошняга пытання, то яно паступіла з аграгарадка Пруднікі, дзе ў час водпуску па доглядзе дзіцяці асноўнага супрацоўніка ФАПа медыцынскую дапамогу вяскоўцам аказвае памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе штотыднёва па аўторках, з 8 да 16 гадзін. Жыхары аграгарадка папрасілі рабіць гэта часцей. Як вынікае з афіцыйнага адказу за подпісам галоўнага ўрача ЦРБ, арганізаваць штодзённую работу няма магчымасці ў сувязі з адсутнасцю спецыяліста, аднак са студзеня 2025 года дадаткова ў другую і чацвёртую пятніцу месяца ў Прудніках з 8-30 да 13 гадзін будзе працаваць перасовачны ФАП.
Старэйшынам давяраюць
Сёлета ў нашым раёне працуе 143 старэйшыны. Іх грамадская дзейнасць ахоплівае 232 населеных пункты і падпарадкавана закону “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.
У большасці выпадкаў адзін старэйшына выбіраецца на некалькі бліжэйшых да месца яго пражывання вёсак, што абумоўлена малаколькаснасцю насельніцтва ў іх. Грамадскія актывісты – першыя памочнікі старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў, бо менавіта яны імкнуцца давесці да ўлады тыя невялікія, а часам і вельмі значныя пытанні, якія хвалююць жыхароў канкрэтнай мясцовасці. Заканадаўствам прадугледжаны і пэўныя стымулюючыя меры для старэйшын. Прэміруюць іх звычайна за пэўны перыяд дзейнасці і ў адпаведнасці з аб’ёмамі работы. Рашэнне ў кожным канкрэтным выпадку застаецца за сельскім выканаўчым камітэтам.
Дабро дарыць добра
У Бягомльскім сельсавеце прайшла дабрачынная акцыя “Спяшайцеся дзякаваць”. Яе арганізатар – кіраўнік мясцовага Дома культуры Зоя Трахініна. На святочным канцэрце, які адбыўся 13 снежня, прысутнічалі старшыня сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Захарэвіч і настаяцель прыхода храма Усіх Святых іерэй Іаан Сычэвіч. З мастацкімі нумарамі выступілі ўдзельнікі творчых фарміраванняў бягомльскіх Дома культуры, дзіцячай школы мастацтваў і спецыяльнай школы-інтэрната. Арганізатары дзякуюць усім тым, хто далучыўся да дабрачыннай акцыі і напярэдадні свята набыў білет, каб пабываць на цудоўным канцэрце.