Аплаткавая сустрэча ў касцёле імя Святой Тройцы ў Докшыцах

IMG_9404

Святу Божага нараджэння, якое літаральна праз некалькі гадзін будуць адзначаць вернікі каталіцкай канфесіі, папярэднічала вялікая падрыхтоўка. Гэта Адвэнт – час, калі хрысціянскім сем’ям даецца магчымасць годна перажыць вялікую ўрачыстасць праз сакрамэнт споведзі і святой Камуніі, а таксама праз здзяйсненне ўчынкаў міласэрнасці.

Да Божага нараджэння рыхтаваліся і дарослыя, і дзеці. Апошнім у гэтым асабліва дапамагалі сёстры касцёла імя Святой Тройцы ў Докшыцах. На адным з заняткаў па катэхэзе – аплаткавай сустрэчы – васьмігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся, як правільна ламаць аплатку і дзяліцца ёй (на здымку).

– Гэта своеасаблівая каталіцкая традыцыя ў гонар таго, што хутка мы будзем адзначаць нараджэнне Пана Езуса, – расказала сястра Маргарыта Аўгустын. – Напярэдадні Божага нараджэння сям’я збіраецца на вілігійную вячэру, каб падрыхтаваць свае сэрцы да свята. Аплатка – хлеб любові, хлеб, які мірыць і яднае. Родныя і блізкія дзеляцца ёй, выказваючы пры гэтым шчырыя словы прабачэння, зычаць адзін аднаму Божай ласкі на добрыя ўчынкі.

Падчас аплаткавай сустрэчы дзеці чыталі малітвы, дзяліліся аплаткай, абменьваючыся шчырымі пажаданнямі і братэрскімі абдымкамі. Радасным працягам сустрэчы стаў падрыхтаваны стол з пачастункамі.

Тэкст і фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *