Деревня держится на активистах, уверен председатель Крипульского сельсовета Докшицкого района

Старэйшына в. Паўночнае Гняздзілава Кацярына Пашкевіч разам з малодшай дачкой Яўгеніяй і суседскай дзяўчынкай Алінай дэманструюць гульнявую пляцоўку.

Старэйшына в. Паўночнае Гняздзілава Кацярына Пашкевіч разам з малодшай дачкой Яўгеніяй і суседскай дзяўчынкай Алінай дэманструюць гульнявую пляцоўку.

Крыпульскі сельсавет па сваёй тэрыторыі – адзін з невялікіх у Докшыцкім раёне. У яго склад уваходзіць 18 населеных пунктаў, дзе пражывае каля сямісот чалавек. На тэрыторыі знаходзяцца ДП “Гняздзілава-Агра”, тры сельскія клубы-бібліятэкі, столькі ж фельчарска-акушэрскіх пунктаў, два аддзяленні паштовай сувязі, чатыры стацыянарныя крамы, у тым ліку прыватная – “Правінцыя”. Карацей, ёсць усё для камфортнага жыцця вяскоўцаў.

І, вядома ж, для падтрымання належнага парадку ва ўсіх населеных пунктах павінна весціся пастаянная карпатлівая работа. Старшыня Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Лакуцэвіч запэўніў, што так і ёсць на самай справе. Дапамагаюць гэта рабіць і мясцовыя жыхары, і падшэфныя арганізацыі – кожны на сваім участку.

Першыя памочнікі, якія ўмеюць арганізаваць любую работу і самі прымаюць актыўны ўдзел у ёй, – гэта, безумоўна, старэйшыны.

– У нашым сельсавеце гэту грамадскую пасаду займаюць дзевяць чалавек, большасць з якіх жанчыны, – расказвае Іван Людвігавіч. – Усе вельмі адказныя, як, напрыклад, Раіса Сіўко, якая з’яўлялася старэйшынай вёскі Паўночнае Гняздзілава і больш за дзесяць гадоў была правай рукой старшыні сельвыканкама. Сёлета яна па пэўных прычынах папрасіла перадаць свае паўнамоцтвы іншаму актывісту. Так, на чарговым сходзе з насельніцтвам была абрана новая старэйшына – Кацярына Пашкевіч. Жанчына працуе бібліятэкарам, разам з мужам выхоўвае пяцярых дзяцей і знаходзіць час на ўвасабленне новых ідэй для дабрабыту людзей і ўсёй вёскі.

Першая справа, за якую яна ўзялася, – устаноўка крыжа ў цэнтры населенага пункта. Грошы на будаўнічы матэрыял ахвяравалі многія вяскоўцы, а змайстраваць абярэг дапамог Уладзімір Шуткін.

Новая альтанка, у якой асабліва летам любіць збірацца моладзь, устаноўлена на пляцоўцы перад будынкам сельвыканкама ў Крыпулях.

Новая альтанка, у якой асабліва летам любіць збірацца моладзь, устаноўлена на пляцоўцы перад будынкам сельвыканкама ў Крыпулях.

Другая задума таксама знайшла сваё хуткае ўвасабленне ў жыццё. Летась у Паўночным Гняздзілаве адбылася аптымізацыя дзіцячага сада, і, адпаведна, установа перастала функцыянаваць. На тэрыторыі застаўся гульнявы гарадок з арэлямі, пясочніцай і іншым абсталяваннем – вельмі надзейным і трывалым, савецкага ўзору. Дык вось, каб пляцоўка дарэмна не прастойвала, Кацярына Іосіфаўна прапанавала яе дэманціраваць і ўстанавіць там, дзе будзе запатрабавана.

Старшыні сельскага Савета дэпутатаў ідэя падалася цікавай. Такім чынам частка элементаў вулічнага гульнявога абсталявання, якая знаходзілася на тэрыторыі былой дашкольнай установы, засталася ў Паўночным Гняздзілаве, толькі ўстанавілі яе ў месцы, дзе жывуць шматдзетныя сем’і, другая “пераехала” ў Бярозаўку.

Зробленым задаволена Кацярына Пашкевіч.

– Усёй сям’ёй дружна наводзілі парадак на тым месцы, дзе планавалі ўстанавіць арэлі, турнікі, гульнявую ракету, пясочніцу і іншае абсталяванне, – падзялілася Кацярына. – Высякалі кустоўе, абкошвалі тэрыторыю. Дапамагалі нават дзеці. Для іх жа бяспекі ўздоўж праезнай часткі пляцоўку абгарадзілі сеткай-рабіцай. Ужо ў наступным годзе будзем разам фарбаваць дзіцячы гарадок. Акрамя гэтага, установім новую карусель, нацягнем валейбольную сетку – іх, як і мячы, загадзя закупілі на ўласныя грошы. Таксама змайструем альтанку і зробім асобную пляцоўку для заняткаў з гантэлямі. Упэўнена, што ўсяго гэтага не атрымалася б, каб не працавітыя рукі мужа і яго сябра Сяргея Рацькавіча, якія працуюць механізатарамі ў ДП “Гняздзілава-Агра”.

Пра тое, што на могілках таксама павінен быць парадак, старэйшыне нагадваць не трэба. Трава абкошваецца своечасова, прыбіраюцца аварыйныя дрэвы.

– Усе старэйшыны – надзейныя памочнікі, – падкрэслівае Іван Лакуцэвіч. – На любую просьбу, якая тычыцца добрай справы альбо правядзення суботніка, адгукаюцца хутка. І для гэтага нам не абавязкова праводзіць сход. Усе пытанні вырашаюцца праз сучасныя сродкі сувязі. У Вайберы стварылі групу, да яе далучыліся не толькі старэйшыны, а і самыя актыўныя жыхары сельсавета.

У Крыпульскім сельсавеце наводзяць парадак не толькі ў буйных вёсках. Напрыклад, у невялічкай з назвай Буй, дзе кожны год праводзіцца свята крыніцы, летась з’явіўся драўляны масток, абуладкаваць які дапамагло кіраўніцтва ДП “Гняздзілава-Агра”. У наступным годзе там плануецца зрабіць яшчэ і альтанку.

Драўляны масток у Буі.

Драўляны масток у Буі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *