Девятый раз набрала первый класс педагог Порплищенской СШ Тамара Королёнок

АН 068 с

Успаміны пра школу ў кожнага чалавека свае, і залежаць яны ад многіх фактараў: выхавання ў сям’і, розных жыццёвых абставін, светаўспрымання, характару і разумення маральных каштоўнасцей у рэшце рэшт. А вось першую настаўніцу, бадай, кожны дарослы чалавек згадвае з цеплынёй і любоўю. Бо яна пакідае ў душы такі ж значны след, як першы крок, першае адкрыццё, першае дасягненне, першае каханне. Бо яна для малечы не толькі прыклад ва ўсім – эталон. Першая настаўніца – гэта заўжды шматдзетная маці, у якой хапае любові на ўсіх сваіх дзяцей. Інакш быць не можа, калі выбіраеш гэту прафесію, упэўнена педагог Парплішчанскай сярэдняй школы Тамара Каралёнак.

Самае першае адчуванне пры знаёмстве з Тамарай Іванаўнай – ледзь не фізічная цеплыня, якая зыходзіць ад яе, – яе голасу, усмешкі, вачэй, манеры размаўляць і яшчэ чагосьці няўлоўнага, невыказнага, але бязмежна прыемнага і прыцягальнага. Хтосьці называе тую прыцягальнасць харызматычнасцю, хтосьці – абаяльнасцю, а мне здаецца, што самае трапнае тут азначэнне – святло душы. А яшчэ пра такіх людзей кажуць, што ля іх можна сагрэцца.

– Я ж прафесію сваю выбрала таксама пад уплывам першай настаўніцы Валянціны Васільеўны Салавей, ад якой была проста ў захапленні, – шчыра дзеліцца суразмоўца. – Ды і з маленства гуляла толькі ў школу, і не тое што лялькі – нават цацкі на навагодняй ёлцы былі маімі вучнямі. У старэйшых класах трошкі былі сумненні наконт паступлення, бо і англійская мова ішла ў мяне выдатна, і матэматыка вабіла. Але ўсё ж мара працаваць настаўніцай менавіта пачатковых класаў аказалася наймацнейшай. Таму, калі не атрымалася паступіць першы раз у Віцебскі педінстытут, бо конкурс у тыя часы быў немалы, вярнулася дадому штудзіраваць далей падручнікі, хаця якраз на настаўніцу матэматыкі па балах праходзіла. Не шкадую, што не памяняла “курс”. Тры з паловай дзясятка гадоў у пачатковай школе не ляглі на плечы цяжарам, бо нездарма ж хтосьці мудры сказаў: знайдзі сабе справу па душы, і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня. Так вось і ў мяне: не працую ў школе – жыву ёю.

Тамара Іванаўна распавядае, што шмат размаўляе са сваімі дзецьмі – а сёлетнія трэцяклашкі настаўніцы праз год стануць яе дзявятым выпускам – на самыя розныя тэмы, ніколі не павышае голас і вялікую ўвагу надае згуртаванню прынятых пад крыло маленькіх калектываў. Сяброўству таксама трэба вучыцца, сцвярджае – і мае рацыю.

Аб прафесійным майстэрстве настаўніцы можна гаварыць шмат – яно адзначана дзясяткам грамат аддзела па адукацыі і райвыканкама. Аднак партрэт нашай гераіні не будзе поўным, калі не сказаць, што яна ўжо дваццаць гадоў з’яўляецца нязменнай старшынёй пярвічнай прафарганізацыі школы, што ў вырошчванні вялізнай колькасці кветкавай і гародніннай расады, якой славіцца ўстанова адукацыі, немалая доля яе працы, а яе ўласная сядзіба таксама патанае ў кветках і дэкаратыўным кустоўі. Да ўсяго гаспадарку немалую спадары Каралёнкі трымаюць, нават конь ёсць, і клопат па ёй значны на плячах Тамары Іванаўны, паколькі муж Анатоль Іванавіч, перадавы вадзіцель ААТ “Барсучанка”, у гарачую пару дома бывае толькі ў цёмны час сутак.

Яшчэ адно захапленне суразмоўцы – чытанне. Кажа, у мясцовай бібліятэцы па выніках года часта з’яўляецца лідарам па колькасці прачытаных кніг. “Мала таго, што люблю, але ж і пастаяннае развіццё патрэбна: малыя “чамучкі” сыплюць пытаннямі ў самых розных сферах жыцця”, – зазначае.

Тамара Іванаўна хутка, якасна і шмат вяжа пруткамі, любіць падарожнічаць, бываць на канцэртах (прынамсі, у Докшыцах за апошнія гады ніводнага не прапусціла), хадзіць у тэатры і на выставы. Пры шалёным тэмпе жыцця (здараецца, спіць тры гадзіны ў суткі) знаходзіць час на сябе – прычоску зрабіць, па прыгожыя туфелькі ў горад зганяць, на любімых мужа і сына – прыгатаваць ім штосьці смачнае. Зараз увогуле жыве на два дамы: апякуецца над хворым братам. Як усё паспяваеце, пытаюся. “Сама здзіўляюся. Яшчэ ж і пагаварыць люблю з калегамі, сяброўкамі ды і проста з вяскоўцамі па дарозе. Муж усё прыпамінае мне гісторыю, як ён выехаў з Полацка, а я выйшла са школы, – рассыпаецца званочкам яе смех. – Дык ён дабраўся дадому хутчэй”.

Напрыканцы сустрэчы з Тамарай Каралёнак прыйшла да высновы: самы вялікі яе талент у ліку іншых – уменне радавацца жыццю і выпраменьваць гэту радасць на навакольных. Рэдкая якасць, а таму асабліва каштоўная для педагога, які закладвае падмурак светаўспрымання сваіх маленькіх вучняў, тых, хто праз гады несумненна будзе ўспамінаць яе з любоўю і ўдзячнасцю.

Цытатай
*Як мне здаецца, самае складанае для настаўніка пачатковых класаў – данесці малышам, як важна атрымаць веды і быць адукаваным чалавекам, гэта значыць матываваць іх на вучобу.

*Самая вышэйшая адзнака педагога – калі дзеці на канікулах кажуць: хутчэй бы ў школу!

*Фрагменты майго настаўніцкага шчасця: калі мае выпускнікі па-ранейшаму бягуць да мяне па дапамогу, параду, проста паразмаўляць, калі віншуюць са святамі, дораць кветкі, паштоўкі з кранальнымі тэкстамі, штосьці зробленае ўласнымі рукамі.

*Не ўмею гаварыць “не” і не перажываю з-за гэтага.

*Калі сяджу на адным месцы больш за 15 хвілін, здзіўляюся: што ж я так доўга?

*Нікому не зайздрошчу, не магу доўга злавацца – гэта дазваляе мець лёгкасць на душы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *