Кондитерское хобби Надежды Малюженец из агрогородка Торгуны стало собственным делом
Многім жыхарам раёна прыйшліся даспадобы кандытарскія вырабы пад брэндам “Аліса_торт” ад Надзеі Малюжанец з Таргуноў. Але мала хто ведае, што абаяльная маладая жанчына не толькі чаруе ў салодкай майстэрні, пад якую прыстасавала ўласную кухню, а яшчэ працуе галоўным эканамістам у ААТ “Таргуны” і да ўсяго з’яўляецца шматдзетнай маці Алісы, Цімафея і Арсенія.
Мы заспелі Надзею дома ў абедзенны перапынак, каб запытаць пра тое, як хобі стала ўласнай справай, колькі гадзін павінна быць у сутках, каб паспяваць рэалізаваць сябе ва ўсіх іпастасях.
– Першы торт давялося выпякаць самастойна гадоў з дзесяць таму з-за, так бы мовіць, форс-мажорных абставін, – дзеліцца Надзея. – Кандытар, у якога замовіла торт дачцэ да дня нараджэння, захварэла. Шчыра прызнацца, часу падрыхтаваць неабходныя інгрэдыенты не было, а таму ляпіла, з чаго магла. І ведаеце, усім гасцям, а галоўнае дзецям, той мой першы торт спадабаўся. За ім былі другі, трэці, дзясяты… Я зразумела галоўнае: калі ты адзін раз удала зрабіў торт самастойна, адмовіцца ад гэтага ўжо немагчыма.
Надзея, як і большасць пачынаючых кандытараў, адразу ні пра які прыбытак з гэтай справы не думала. Гатавала салодкасці для сваякоў, знаёмых, напрацоўвала, як сказалі б зараз, імя і базу кліентаў. Паралельна абзавялася неабходнай тэхнікай, з цягам часу набыла вялікую халадзільную вітрыну. Адвяла асобны пакой у доме для захоўвання ўсіх расходных матэрыялаў. Што тычыцца часу ў сутках, то на тую пару, пакуль Надзея была ў водпуску па доглядзе дзяцей, паток заказаў быў бясконцы. Зараз жа жанчына імкнецца браць іх толькі на выхадныя дні, ну і працуе ў начны час, калі надта трэба. Думаецца, што спраўляцца ёй дапамагае і тое, што па характары Надзея з тых, у каго ўсё гарыць у руках: імклівыя, дакладныя рухі плюс мысленне эканаміста, якое дазваляе суаднесці ўсе складальнікі рабочага працэсу так, каб вынік быў станоўчы.
Многія пытаюцца, чаму кілаграм самаробнага торта каштуе даражэй за магазінны. Надзея тлумачыць, што і дамашнія, і завадскія салодкасці выдатныя кожная для свайго пакупніка. Аднак кандытары-аматары набываюць яйкі, сметанковае масла, тварожны сыр, натуральны мёд і іншыя прадукты, а таксама фрукты і ягады не ў маштабах вытворчасці, зноў жа не выкарыстоўваюць замяняльнікаў і штучных інгрэдыентаў. Вельмі важкім фактарам пры фарміраванні цаны з’яўляецца дэкор. У залежнасці ад пажаданняў кліента яго кошт на адзін торт можа пачынацца ад 20 рублёў – і да бясконцасці. Зноў жа свае вырабы жанчына можа і самастойна даставіць у межах райцэнтра.
Торты не адзіная прапанова салодкай майстэрні. Вельмі падабаюцца кліентам заварныя пірожныя, арэшкі са згушчонкай, пернікі, фігуркі з шакаладу. Дарэчы, Надзея прапаноўвае і гатовае цеста для пернікаў з рэцэптам глазуры, каб у дарослых была магчымасць прыгатаваць іх разам са сваімі дзецьмі і распісаць уласнаручна. І няхай яны будуць не такімі дасканалымі, як пад брэндам “Аліса_торт”, – галоўнае, каб сям’я мела магчымасць аб’яднацца за агульнай справай напярэдадні свят.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота Вячаслава Чарвінскага.