Оптимизация — это не совсем про ликвидацию, говорит заместитель главного врача Докшицкой ЦРБ Инна Кучиц
У рэдакцыю нядаўна патэлефанавала дакшычанка Лілія Іванаўна – так прадставілася наша субяседніца. Яе хвалявала аптымізацыя і адсутнасць некаторых урачоў вузкай спецыялізацыі ў Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы, а таксама змены ў арганізацыі работы хуткай медыцынскай дапамогі. Гэтыя пытанні сталі падставай для інтэрв’ю з намеснікам галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай частцы Інай КУЧЫЦ.
– Іна Мікалаеўна, растлумачце, калі ласка, чытачам, чаму аптымізацыя ў сферы аховы здароўя – гэта не зусім пра ліквідацыю.
– Задача аб павышэнні даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі ставіцца ў Беларусі на самым высокім узроўні. На дадзены аспект накіравана і аптымізацыя. Закрыццё асобных аддзяленняў ці скарачэнне ложкавага фонду даюць магчымасць перанакіраваць вызваленыя фінансавыя сродкі на больш запатрабаваныя віды медыцынскай дапамогі. Утрыманне ж напаўпустых палат не апраўдана. У выніку змяненняў пацыенты працягваюць атрымліваць паслугі ў поўным аб’ёме, толькі яшчэ больш якасныя, а медработнікаў не скарачаюць, а назначаюць на іншыя ўчасткі.
Што тычыцца докшыцкіх пацыентаў, то два гады таму хворых на інсульт пачалі напрамую адпраўляць у створанае міжраённае неўралагічнае аддзяленне Лепельскай ЦРБ. А хворых на інфаркт – у Наваполацк ці Віцебск, у Докшыцах яны застаюцца на лячэнні толькі ў рэанімацыі. Пацыентаў з вострай хірургічнай паталогіяй таксама накіроўваем у Лепель.
Сёлета закрыта акушэрскае аддзяленне, а разам з ім і раддом. У той жа час гінекалагічная дапамога арганізавана на базе хірургічнага аддзялення бальніцы.
– Да кадравага пытання. Чытачку, у прыватнасці, цікавілі прыёмы неўролага, эндакрынолага, лора.
– Наш неўролаг зараз знаходзіцца на курсах павышэння і перападрыхтоўкі, да выканання сваіх абавязкаў прыступіць у канцы снежня.
Непасрэдна эндакрынолага і оталарынголага ў штаце бальніцы няма, але навыкамі працы па гэтых сумежных вузкіх спецыяльнасцях валодаюць урачы агульнай практыкі. Па сутнасці, яны не толькі тэрапеўты, але і оталарынголагі, неўролагі, дэрматалогі, кардыёлагі, афтальмолагі.
Акрамя гэтага, для паляпшэння аказання меддапамогі да нас прыязджаюць урачы названых спецыяльнасцей з устаноў аховы здароўя вобласці. Урач-эндакрынолаг – штомесяц, астатнія па неабходнасці. Яны праводзяць агляды і кансультацыі, назначаюць пацыентам спецыфічныя лекавыя прэпараты.
Інфармацыя пра выезды абласных спецыялістаў размяшчаецца загадзя ва ўсіх установах аховы здароўя раёна, на сайце ЦРБ, а таксама ў раённай газеце.
– Многія жыхары раёна пасля цэнтралізацыі службы 103 працягваюць непакоіцца пра тое, каб “хуткая” заставалася хуткай…
– Хвалявацца няма пра што: “хуткая” якой была, такой і застанецца. На базе Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы знаходзяцца ўсё тыя ж тры машыны медыцынскай хуткай дапамогі. Адзінае змяненне заключаецца ў тым, што фактычна яны адносяцца да Глыбоцкага міжраённага цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі, і ўсе выклікі на нумар 103 трапляюць менавіта туды. Асабліва зручны такі падыход для аператыўнай арганізацыі медыцынскай дапамогі ў выпадку якіхсьці катастроф, аварый. Напрыклад, 21 чэрвеня бягучага года на тэрыторыі нашага раёна адбылося страшнае дарожна-транспартнае здарэнне з 13-ю пацярпелымі, двое з якіх загінулі. Дзякуючы зладжанай рабоце міжраённага цэнтра пацярпелым была аказана своечасовая дапамога, таму што задзейнічаліся не толькі нашы “хуткія”, але і карэты з суседніх раёнаў. Такім чынам, эфектыўнасць аб’яднання аддзяленняў “хуткіх” відавочная нават на адным прыведзеным прыкладзе.
Нагадаю жыхарам, што пры выкліку службы 103 патрэбна называць поўны адрас знаходжання пацыента, пачынаючы з указання раёна. Дакладная і поўная інфармацыя дазволіць пазбегнуць непаразуменняў.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.