Персональная выставка народного мастера по соломоплетению Татьяны Мартинович открылась в Докшицах
У раённым Доме рамёстваў адкрылася персанальная выстава народнага майстра па саломапляценні Таццяны Марціновіч, якая сёлета святкуе свой юбілей.
Адраджэннем і захаваннем традыцыйных рамёстваў Таццяна Іванаўна займаецца больш за 25 гадоў. Выпускніца Віцебскага вышэйшага прафесійна-тэхнічнага вучылішча народных мастацкіх рамёстваў мае шмат узнагарод за ўдзел і перамогі на розных кірмашах-конкурсах. У 2021 годзе Таццяне Марціновіч прысвоена званне народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Нарадзілася майстрыха ў вёсцы Бабічы ў творчай сям’і.
– Дзядуля добра маляваў, бабуля – ткала, мама – шыла, – гаворыць суразмоўца. – Матуля, Ніна Пятроўна, працавала ў дзіцячым садзе ў Янушэве. Шмат малявала розных плакатаў. Я заўсёды назірала за гэтым працэсам як зачараваная. Памятаю, як сваю першую аплікацыю зрабіла з выразаных з матулінай сукенкі кветак. Але дзякуй родным, што пры гэтай шкодзе яны больш звярнулі ўвагу на мой інтарэс да творчасці. Паступова лёс і прывёў у вучылішча народных мастацкіх рамёстваў, якое скончыла з чырвоным дыпломам. Першым месцам працы стаў докшыцкі Дом рамёстваў. У ім спрабавала сябе ў розных профілях. Тонкасцям у саломапляценні вучылася ў майстра Таццяны Махніст.
Таццяна Марціновіч лічыцца ўнікальным майстрам саломапляцення. Працуе ў розных жанрах і кірунках і можа ствараць цуды з “сялянскага золата”, як іншы раз называюць саломку. Яна пляце фантастычныя папараць-кветкі, шляпы, пано, лялькі. Больш за ўсё аўтару падабаецца работа над жаночымі капелюшамі і вяночкамі. Майстар з задавальненнем дзеліцца сваім уменнем з усімі ахвотнымі. Дарэчы, на юбілейнай выставе, акрамя работ Таццяны, прадстаўлены і вырабы яе вучняў.
Пазнаёміцца з непаўторнымі саламянымі творамі докшыцкай майстрыхі можна да 7 студзеня 2025 года.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.