Узнали, как организована работа канцелярии суда Докшицкого района
Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць беларускія юрысты – спецыялісты, якія забяспечваюць законнасць і фарміруюць прававую культуру ў грамадстве. Асаблівае месца ў юрыспрудэнцыі займаюць суды. Менавіта яны на законных падставах вырашаюць канфлікты. Ад вердыкту суддзяў залежаць многія людскія лёсы.
У судзе Докшыцкага раёна карэспандэнты “РВ” пазнаёміліся з работай канцылярыі, дзе пад кіраўніцтвам загадчыка службы Наталлі Козел працуюць архіварыус, сакратары суда і судовага пасяджэння.
Работнікі канцылярыі займаюцца справаводствам па ўліку паступаючай карэспандэнцыі і выходнай перапіскі, вядуць статыстычную справаздачнасць, ажыццяўляюць рэгістрацыю, улік і захоўванне судовых спраў, удзельнічаюць у разглядзе спраў на судовых пасяджэннях, выконваюць іншыя функцыі. У ранейшыя часы за аб’ёмны дакументаабарот канцылярыю справядліва называлі “самай папяровай службай”, цяпер жа многія дакументы захоўваюцца ў электронных варыянтах. Тым не менш нагрузка ад гэтага не надта знізілася – праца з праграмамі таксама патрабуе той жа пільнасці і займае шмат часу.
У кожнага са спецыялістаў пэўны ўчастак работы.
Загадчык не толькі арганізуе дзейнасць канцылярыі, але і асабіста вядзе рэгістрацыю і ўлік крымінальных спраў. На цяперашняй пасадзе Наталля Уладзіміраўна з 2011 года, а да гэтага тры гады працавала архіварыусам і, між іншым, стала пачынальнікам уведзенай у штат докшыцкага суда адзінкі. Скрупулёзная ў рабоце, уважлівая да людзей, таму карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам у калег.
Архіварыус Таццяна Ксёнз адказвае за захаванасць дакументаў – сістэматызуе, захоўвае, апісвае, афармляе іх у адпаведнасці з патрабаваннямі і знішчае пасля заканчэння тэрміну захоўвання. Па адукацыі юрыст, у юрыспрудэнцыі калісьці працаваў і яе дзядуля, таму прафесійнае свята для спецыяліста мае падвойную вагу.
Сакратар суда Ксенія Юнцэвіч выбрала правазнаўства, таму што “любіць наводзіць парадак у справах, канкрэтыку і дысцыпліну”. Сёлета закончыла каледж і ўжо працягвае вучыцца на юрыста ва ўніверсітэце. Нядаўна працуе тут і сакратар суда Таццяна Пакора – такая ж працавітая і адказная.
Цікавы прафесійны шлях у сакратара судовага пасяджэння Святланы Шушкевіч. Яна закончыла музычны каледж і Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў, працавала выкладчыкам у школе мастацтваў. А пазней, у першую чаргу кіруючыся сямейнымі інтарэсамі, падалася ў ВНУ вывучаць права. У судзе з 2020 года і задаволена новым выбарам.
Яе калега сакратар судовага пасяджэння Марыя Андрыеўская прыйшла ў суд у мінулым годзе – у хуткім часе пасля заканчэння ўніверсітэта.
– Праца дазваляе шліфаваць набытыя веды па юрыспрудэнцыі, асабліва падчас судовых пасяджэнняў, калі старшыня суда Вячаслаў Елісеенка тлумачыць нюансы заканадаўства, – заўважае Марыя. – Лічу, што прафесія юрыста заўсёды ў плюс, бо перад уладальнікам дыплома адкрываюцца шырокія магчымасці ўладкавання на работу.
Дарэчы, праца ў канцылярыі не абавязвае мець спецыяльную адукацыю, аднак амаль увесь яе склад – юрысты.
– Практыка ў канцылярыі суда – добры старт для маладых спецыялістаў у юрыдычную прафесію, – зазначае Наталля Козел. – Тут пачынаючыя работнікі вучацца дакладным і аператыўным дзеянням, бачаць увесь працэс арганізацыі работы суда. Напярэдадні Дня юрыста хачу павіншаваць сваіх калег з прафесійным святам і пажадаць ім усяго самага добрага.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.