Высококлассным страхагентом стал бывший педагог Венедикт Григорович из Докшиц
7 снежня – Дзень страхавых работнікаў
Венядзікта Грыгаровіча ў нашым раёне да нядаўняга часу ведалі як выдатнага, любімага ў вучняў настаўніка беларускай мовы і літаратуры, які аддаў педагагічнай працы больш за тры дзясяткі гадоў, а таксама як былога воіна-афганца. Змены ў жыцці рэдка можна прадбачыць, прадказаць. Вось і здарылася так, што Венядзікт Іосіфавіч ужо без малога тры гады як памяняў прафесію – стаў агентам страхавым прадстаўніцтва “Белдзяржстраха” па Докшыцкім раёне. Не проста памяняў – і ў новай “іпастасі” паказаў сябе высакакласным спецыялістам.
Абслугоўвае Венядзікт Грыгаровіч немалы ўчастак: некалькі вуліц у райцэнтры, а таксама вёскі Падомхі, Лапуты, Вараны – усё разам, калі больш дакладна, складае 450 домаўладанняў, у якіх пражываюць 720 сем’яў, а агульная колькасць насельніцтва – 1500 чалавек.
– Участак гэты мне дастаўся, калі так можна сказаць, у спадчыну ад агента Ніны Канстанцінаўны Бабіч, – распавядае Венядзікт Іосіфавіч. – Бязмерна ўдзячны ёй за тое, што яна пэўны час яшчэ падказвала, накіроўвала, дапамагала знаходзіць людзей, нумары тэлефонаў і гэтак далей. Добрым дарадчыкам стала таксама калега Алена Уладзіміраўна Самсонава. Безумоўна, меў падтрымку і ад нашага дырэктара Віктара Мікалаевіча Жакаўкі. Усе нюансы вядзення дакументацыі дапамагла вывучыць і паспяхова прымяняць у далейшым вядучы спецыяліст Ірына Аляксандраўна Кукуля. Наогул, да каго б ні звярнуўся за парадай, ніхто ніколі не адмовіў. А калі ў калектыве камфортна, то – гэта ўжо, мусіць, прапісная ісціна – і справы лепш ідуць.
Так, добрыя адносіны ў працоўным асяродку – немалаважны фактар поспеху. Але ў тым выпадку, калі да іх прыкладаюцца яшчэ кампетэнтнасць, адказнасць, стараннасць работніка. А ў прафесіі страхавога агента, як падаецца, вялікую ролю іграе яшчэ ўменне стварыць аб сабе добрае ўражанне, здольнасць весці жывы, нязмушаны дыялог, даходліва і дакладна тлумачыць людзям незразумелае, прыводзіць патрэбныя аргументы, а таксама прыязнасць і шчырасць. Нават добрае пачуццё гумару не будзе лішнім. З упэўненасцю можна сцвярджаць: Венядзікт Іосіфавіч усімі гэтымі вартасцямі валодае ў поўнай меры, а значны педагагічны вопыт бясспрэчна служыць на карысць і яму самому, і справе.
Але адкінем лірыку і, каб не пачуць папрок у беспадстаўным красамоўстве, дадзім магчымасць “загаварыць” лічбам. Так, за 11 месяцаў бягучага года агент страхавы Венядзікт Грыгаровіч заключыў 1992 дагаворы, у тым ліку па добраахвотных відах 1455, сабраў страхавых узносаў на суму 83,1 тысячы рублёў (па добраахвотных відах – 49,3 тысячы рублёў), і такім чынам тэмп росту ў параўнанні з мінулым годам склаў 113 працэнтаў (118,9 працэнта). Бадай што, да гэтага ўжо дадаць няма чаго, акрамя двух слоў: так трымаць!
Дырэктар прадстаўніцтва “Белдзяржстраха” па Докшыцкім раёне Віктар Жакаўка:
– Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць свой калектыў з прафесійным святам, падзякаваць за добрасумленную працу і яе дастойныя вынікі, пажадаць новых поспехаў, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.