Бриллиантовую свадьбу отпраздновали жители деревни Яново Нина и Иван Жучкевичи

І раёнку Ніна і Іван Жучкевічы чытаюць таксама разам.

І раёнку Ніна і Іван Жучкевічы чытаюць таксама разам.

Брыльянтавае вяселле згулялі напярэдадні новага года жыхары вёсачкі Янова, што ў Бярозкаўскім сельсавеце, Ніна і Іван Жучкевічы. Шэсцьдзясят гадоў рука аб руку – вельмі шчодры падарунак нябёсаў. З агаворкай: калі тыя гады былі асветлены каханнем, клопатам, павагай і ўзаемаразуменнем. Не трэба быць празорцам, каб ужо з першых хвілін знаёмства ўбачыць, што ў гэтай цудоўнай пары ўсё склалася менавіта так.

Кажуць, што нешчаслівыя сем’і няшчасныя кожная па-свойму, а шчаслівыя – шчаслівыя аднолькава. Нельга цалкам з гэтым згадзіцца, бо аднолькавых людзей на свеце няма, а значыць і аднолькавых адносін. Тым не менш, раз за разам сустракаючыся з сужэнцамі, за плячыма якіх вялікі стаж сямейнага жыцця, не магу не адзначыць таго, што іх яднае: гэта нейкая асаблівая цеплыня ў галасах і позірках, калі распавядаюць адно пра аднаго, згадваюць маладыя гады.

Іван Уладзіміравіч і Ніна Іванаўна пазнаёміліся ў лютым 1964 года, а ўжо ў снежні згулялі вяселле.

– А навошта цягнуць, калі палюбіў, калі зразумеў, што гэта дарагі табе чалавек і ты хочаш быць з ім заўжды? – здзіўляецца галава сям’і майму здзіўленню хуткасці ў прыняцці рашэння.

І сапраўды. Ці праз год, ці праз пяць прайсці прыцірку характараў і праверку на трываласць бытам усё роўна трэба. І Жучкевічы ўсё гэта прайшлі лёгка, бо да моцнага пачуцця дадавалася яшчэ і ўнутраная перакананасць: шлюб – гэта з’ява адзінкавая і на ўсё жыццё.

Іван Уладзіміравіч родам з Гродзенскай вобласці, з Навагрудчыны. Электрамеханік па спецыяльнасці, ён шэсцьдзясят гадоў таму ў складзе брыгады прыехаў у наш раён займацца электрыфікацыяй населеных пунктаў у саўгасе імя Чэрныша. Там, у Янове, і сустрэў сваю Ніначку. Работы завяршыліся, брыгада паехала, а ён – застаўся.

Сямейнае жыццё пацякло ў звычайных клопатах. Тагачасны дырэктар саўгаса Яўген Супрун прапанаваў Івану Уладзіміравічу пасаду інжынера-электрыка – на ёй ён рупіўся больш за дваццаць гадоў. У Ніны Іванаўны без малога саракагадовы стаж работы поварам у дзіцячым садзе. З дапамогай аднавяскоўцаў будавалі свой дом, расцілі траіх дзетак. Як і ўсе ў тыя часы, трымалі вялікую гаспадарку… Але рэдка каму даводзіцца пражыць без сур’ёзных выпрабаванняў. Для Ніны і Івана такім выпрабаваннем на трываласць стала вялікае гора: пахавалі 15-гадовую дачушку. Бяда не раз’яднала іх, а яшчэ больш згуртавала. Боль гэты, безумоўна, і зараз жыве ў сэрцах, але ж і радаснага ў іх жыцці шмат. Годнымі людзьмі вырасцілі яшчэ адну дачку і сына, якія зараз жывуць адпаведна на Мядзельшчыне і пад Мінскам, часта наведваюцца да бацькоў, дапамагаюць падтрымліваць парадак на сядзібе і апрацоўваць агарод. Не забываюць бабулю з дзядулем і ўнучкі, што падарылі ім ужо двух праўнукаў і праўнучку.

На стале ў Ніны Іванаўны і Івана Уладзіміравіча вялізны букет руж – захаваліся, не завялі амаль праз месяц пасля іх брыльянтавага вяселля, якое сюрпрызам арганізавалі для юбіляраў іх родныя.

– Дзякую Богу і за мужа, і за дзяцей, – вільгатнеюць вочы Ніны Іванаўны. – І прашу толькі здароўя, каб мы маглі яшчэ пажыць разам.

Іван Уладзіміравіч згодна ківае галавой і з пяшчотай глядзіць на сваю палову…

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *