К весенней посевной кампании готовятся в сельхозпредприятиях Докшицкого района
Студзень блізіцца да завяршэння, і з кожным днём у сельгаспрадпрыемствах павялічваецца колькасць відаў работ, накіраваных на паспяховы ход вясенняй пасяўной кампаніі. Як паказвае практыка, своечасовае і якаснае правядзенне рамонтных работ залежыць ад рэалізацыі кіраўніцтвам і інжынернай службай усіх неабходных арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. У ААТ “Бягомльскае”, без сумнення, гэта адбываецца належным чынам.
– Падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной патрабуе не толькі фінансавых затрат, але і ўпартай працы, – гаворыць выканаўчы дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзіслаў Шаршнёў. – Як вядома, тэхнічная непадрыхтаванасць да вясенне-палявых работ становіцца прычынай рознага роду праблем. Калі своечасова не правесці рамонт, тэхнічнае абслугоўванне, праблемы тыя будуць расці, як снежны ком. Клімат нашай Віцебшчыны рэдка дае працаўнікам сяла ўвесну некалькі тыдняў добрага надвор’я запар. Затрымка з-за непадрыхтаванасці тэхнікі нават на 2-3 дні можа азначаць перапынак пры сяўбе на тыдні: зарадзяць дажджы, захаладае або, наадварот, установіцца засуха. Акрамя гэтага, калі спознішся з падрыхтоўкай глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі, то зусім не застанецца часу на корманарыхтоўчыя машыны. У такім выпадку іх давядзецца рамантаваць паралельна з сяўбой, калі рэсурсы вельмі абмежаваныя. З-за гэтага першы ўкос расцягнецца, упадзе якасць кармоў, надоі, выручка і, як вынік, узнікнуць эканамічныя праблемы. Таму рамонт і тэхабслугоўванне – кампанія не менш адказная, чым тыя, якія прынята лічыць гарачымі.
Уладзіслаў Паўлавіч паведаміў, што значнае абнаўленне машынна-трактарнага парку, граматная арганізацыя работы, забяспечанасць неабходнымі запчасткамі і, канешне ж, прафесіяналізм і адказныя адносіны да справы работнікаў механізатарскага звяна, слесараў дазваляюць падрыхтаваць тэхніку як трэба і своечасова. Ужо на сённяшні дзень у гаспадарцы на лінейку гатоўнасці выведзена ўся энерганасычаная тэхніка, пасяўныя агрэгаты, плугі. У “Бягомльскім” не спісваюць “у адстаўку” і тэхніку, якая ўжо практычна выхадзіла свой тэрмін, але дзякуючы клапатлівым да сябе адносінам яшчэ эфектыўна функцыянуе. На мехдвары заспелі за рамонтам трактарнага прычэпа ПТС-9 інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Рамана Пусташылу і механізатара і разам з тым газаэлектразваршчыка Віталія Клімко (на здымку ўнізе злева направа). Рамонтам КПП трактара МТЗ-82 заняты механізатар Аляксандр Круцік – у ААТ “Бягомльскае” ён працуе яшчэ толькі крыху больш за паўгода, і пасяўная ў яго чакаецца першая. “Трэба, каб першы блін не атрымаўся комам”, – гаворыць і жартам, і сур’ёзна.
Да пачатку веснавых палявых работ яшчэ прыкладна два месяцы. У “Бягомльскім”, дзе землі пясчаныя, магчыма, і раней прыступіць давядзецца. Прыступім, сцвярджаюць з упэўненасцю.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.