За тридцать лет менялись подопечные, но неизменным оставалось отношение к ним у соцработника Докшицкого ТЦСОН Ольги Нестеренок

Вольга Несцяронак: свежыя булачкі ў аўталаўцы куплены – можна чаяпіцце падапечным арганізаваць.

5 января — День социального работника

Сацработнік Вольга Несцяронак, якая жыве і працуе ў вёсцы Віржы Валкалацкага сельсавета, сваёй высакароднай і міласэрнай справе аддала без малога трыццаць гадоў жыцця. За гэтыя тры дзясяткі мяняліся яе падапечныя, але нязменнымі заставаліся адносіны жанчыны да іх.

– Стараюся адпрацаваць дзень так, каб людзі былі мной задаволены і каб я сама магла вярнуцца дадому са спакойнай душой, упэўненая, што ўсё выканала належным чынам, нікога нічым не пакрыўдзіла, а наадварот – змагла дапамагчы, парадаваць, – так у нашай размове фармулюе сваё прафесійнае крэда Вольга Зыгфрыдаўна.

За простымі словамі – вялікая праца, і нават – думаю, кожны, хто працуе ў гэтай сферы, пагодзіцца – у большай ступені духоўная, чым фізічная. Колькі людзей – столькі характараў, лёсаў, парой вельмі няпростых. Нямала намаганняў прыходзіцца прыкласці, каб заслужыць давер, адагрэць клопатам і спагадай, стаць сваім, практычна родным чалавекам.

– Олечка для нас як сонца ў аконцы, – так выказалася пра сваю шматгадовую апякунку дзевяностагадовая Юзэфа Буяліч, у доме якой мы і заспелі за работай нашу гераіню. Юзэфа Вікенцьеўна некалькі гадоў таму памяняла сваю “дыслакацыю” – перабралася жыць да пляменніка Сяргея Буяліча, таксама падапечнага Вольгі, інваліда ІІ групы. Разам весялей і ўтульней, а з дапамогай сацработніка яшчэ і надзейней, бо многія пытанні і праблемы яна дапамагае вырашыць, а значыць аблегчыць жыццё. І Юзэфа Вікенцьеўна, якая сама была вялікай руплівіцай, шмат гадоў адпрацавала ў калгасе – у паляводстве, даяркай, свінаркай, і Сяргей Станіслававіч вельмі цэняць клопат пра сябе, як, прынамсі, і яшчэ пяць адзінокіх жыхароў Віржаў і адна – Валкалат, якім жанчына паспяхова замяняе блізкіх. У гэтай прафесіі інакш нельга.

Па спецыяльнасці Вольга Зыгфрыдаўна повар-кандытар. Так склалася, што няшмат у гэтай якасці атрымалася папрацаваць, а рэалізаваць сябе ў кулінарнай справе, мяркую, яна таксама змагла б: гатуе смачна і з душой. Тым не менш не шкадуе, што трапіла ў сферу сацыяльнага абслугоўвання, і лічыць сваю прафесію самай гуманнай, высакароднай і сардэчнай.

– У тым, што наша Вольга знаходзіцца дакладна на сваім месцы, можна не сумнявацца: праверана гадамі, – гаворыць загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Данута Лявоха. – Ёй можна ва ўсім даверыцца. Сумленная, мудрая, памяркоўная, вельмі адказная і – галоўнае – неабыякавая да чужога болю, адзіноты, праблем. Такая, якім павінен быць кожны работнік у нашай галіне.

За тры дзсяцігоддзі праца Вольгі Несцяронак неаднаразова адзначалася граматамі і падзякамі райвыканкама, ТЦСАН, яе імя заносілася на раённую Дошку гонару. А самай вялікай штодзённай узнагародай яна лічыць агеньчыкі радасці ў вачах сваіх падапечных, што загараюцца пры кожным яе паяўленні ў іх дамах.

Мар’ян Гігола, дырэктар ТЦСАН: – Карыстаючыся выпадкам, віншую ўвесь наш вялікі калектыў з прафесійным святам і надыходзячым Раством Хрыстовым. Хай жывуць дабрыня і любоў у вашых дамах і сэрцах! Моцнага ўсім здароўя, мірнага неба над галавой, поспехаў ва ўсіх справах, ажыццяўлення ўсіх надзей і жаданняў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *