В Докшицах прошла интеллектуальная игра «Что? Где? Когда?»
Адно з самых любімых і доўгачаканых раённых мерапрыемстваў – інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”. Яна адбылася ў СШ № 1 г. Докшыцы. Тое, што бітва розумаў карыстаецца папулярнасцю ў працуючых калектываў, было бачна па вялікай колькасці ахвотных прадэманстраваць свае веды і паспаборнічаць у эрудыцыі. Згодна з палажэннем, моладзь маглі падтрымліваць і старэйшыя калегі. Калі летась каманд-удзельніц было восем, то сёлета – адзінаццаць.
Сярод пастаянных гульцоў з Докшыцкіх УЭС, РГЗ, ЦРБ, хлебазавода, ВУ “Віцебскторф”, ФСК “Ураджай”, аддзела культуры райвыканкама, СШ № 1 г. Докшыцы і Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова прыемна было бачыць дэбютантаў – каманду “Пілюлі” з аптэкі № 95. Сёлета вярнуўся ў строй завод “Ветразь”.
Гульня традыцыйна складалася з двух тураў. Першы – “Медыя-Азбука”– гэта візуальныя заданні. Па прадстаўленых на экране карцінках знатакам трэба было адгадаць архітэктурныя будынкі Беларусі, славутых беларусаў. Не ўсе справіліся з заданнем “Размаўляй па-беларуску”, калі трэба было перакласці некалькі слоў на родную мову. Затое цяпер усе, хто быў у зале, ведаюць, што “чайник” – гэта імбрык, а “палатка” – намёт.
Пераможцамі ў першым туры сталі інтэлектуалы з каманды СШ № 1 г. Докшыцы, якія, дарэчы, былі лідарамі і летась. На другім месцы Крулеўшчынская СШ, на трэцім – аддзел культуры райвыканкама. Усе каманды атрымалі ў падарунак па торце.
У другім туры ад вядучай Вікторыі Ждановіч гучалі пытанні на разнастайныя тэмы. І тут не было роўных гульцам з каманды завода “Ветразь”. Другое месца ў каманды “Не пытанне!” з Докшыцкага хлебазавода, трэцяе – у медыкаў Докшыцкай ЦРБ “Гліцын”.
Дыпломы і падарункі пераможцам уручылі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гайчук і старшыня Моладзевай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Вольга Карніловіч.
Арганізатарамі інтэлектуальнага турніру выступілі раённы выканаўчы камітэт, Моладзевая палата пры раённым Савеце дэпутатаў і раённая арганізацыя ГА “БРСМ”. Правесці гульню дапамог валанцёрскі атрад “Нераўнадушныя”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.