Докшицкие дорожники праздновали 60-летний юбилей со дня образования организации

IMG_6727

Докшыцкае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 180 адзначыла 60-годдзе з дня ўтварэння.

Святочнае мерапрыемства з нагоды юбілею адбылося ў пятніцу ў кінаканцэртнай зале “Іскра”.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел першы намеснік старшыні райвыканкама Наталія Вараб’ёва, генеральны дырэктар КУП “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Матвееў, начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Сушко, кіраўнікі арганізацый раёна і філіялаў дарожнай галіны вобласці, работнікі і ветэраны працы ДРБУ.

Начальнік Докшыцкага філіяла КУП “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Місачэнка падвёў вынікі дзейнасці дарожнікаў за апошнія гады.

IMG_6793

На абслугоўванні ДРБУ № 180 знаходзіцца каля 640 кіламетраў аўтамабільных дарог. Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Дарогі Беларусі” на 2021–2025 гады ў 2021 годзе ў раёне заасфальтавана 8,4 кіламетра мясцовых дарог, у 2022-м – 15,1, у 2023-м – 21, у 2024-м – 51 кіламетр. Як бачна, аб’ёмы работ па асфальтаваннні паступова павялічваюцца, і асабліва адметным быў перад’юбілейны год. У кар’еры “Рабінавік” штогод здабываецца прыкладна 100 тысяч кубоў пясчана-гравійнай сумесі. Летась атрымана добрая выручка – гэта 14 млн 230 тысяч рублёў. Чысты прыбытак склаў 157 тысяч рублёў.

У філіяле на сённяшні дзень працуе 64 чалавекі, якія спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, і гэта цэняць у раёне і вобласці. Калектыў быў неаднаразова занесены на раённую Дошку гонару. Начальнік ДРБУ № 180 падзякаваў калегам за мэтанакіраванасць і пажадаў здароўя, дабрабыту, плённай працы на карысць Радзімы.

Адзначыла поспехі філіяла і Наталія Вараб’ёва.

– Без дарог не квітнела эканамічная галіна і іншыя, – адзначыла яна ў сваім прывітальным слове. – Дзякуй за глыбокую адданасць абранай прафесіі. Жадаю камфортных умоў, менш напружання і аварыйных сітуацый. Хай дарога вашага жыцця будзе сонечнай, сагрэтай цеплынёй сэрцаў родных і блізкіх.

IMG_6819

Далучаючыся да віншаванняў, Уладзімір Матвееў падкрэсліў нязменна высокую якасць работы нашых дарожнікаў.

– Для мяне Докшыцкі філіял быў заўсёды пэўным рэсурсам, нават стратэгічным рэзервам, які не пускаюць у бой проста так, пры самай малой неабходнасці, – сказаў ён і нагадаў, як самахвярна працавалі нашы дарожнікі на важных аб’ектах вобласці, назваўшы асобныя выпадкі сапраўдным подзвігам.

Шэраг работнікаў ДРБУ № 180 адзначаны ўзнагародамі за добрасумленную працу. Так, Уладзіміру Місачэнку ўручана Ганаровая грамата Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. Памочнік машыніста змяшальніка асфальтабетону Юрый Будрэвіч атрымаў нагрудны знак адрознення “Ганаровы дарожнік Беларусі” 2 ступені.

Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджаны вадзіцель Аляксандр Францкевіч, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – бухгалтар Зоя Северына. Ганаровыя граматы КУП “Віцебскаблдарбуд” атрымалі намеснік начальніка філіяла – галоўны інжынер Мікалай Сіўко, інжынер па якасці Ірына Грахоўская і вадзіцель аўтамабіля Аляксей Шыла, падзякі абласнога прадпрыемства – трактарыст Аляксандр Купрэвіч, машыніст аўтагрэйдара Андрэй Кунцэвіч, эканаміст Наталля Уліцкая.

Таксама былі ўручаны ўзнагароды ад кіраўніцтва ДРБУ № 180.

IMG_6784

Гучнымі апладысментамі віталі прысутныя ветэранаў працы, сярод якіх знаходзіўся і Аляксандр Рамейка, які адпрацаваў 31 год на пасадзе начальніка ДРБУ № 180.

Шчыра павіншавалі юбіляраў начальнікі дарожных арганізацый з Браслава, Пастаў і Глыбокага, а таксама кіраўнікі мясцовых філіялаў і прадпрыемстваў: хлебазавода, філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, “Докшыцыводаканала”, ПМС, будаўнічай вытворчасці “Докшыцы”.

Для гледачоў быў прадэманстраваны фільм пра развіццё дарожнай гаспадаркі раёна. Цудоўным падарункам стала і музычная праграма, падрыхтаваная работнікамі культуры.

IMG_6824 IMG_7002 IMG_6988 IMG_6961 IMG_6912 IMG_6905 IMG_6883 IMG_6859 IMG_6844 IMG_6840

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *