Доступность и качество медицинской помощи: сенатор Ирина Абельская провела прием граждан в Докшицах

photo_2025-02-06_12-08-58

Чатыры жыхары раёна звярнуліся да намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўнага ўрача дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр” Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірыны Абельскай падчас правядзення асабістага прыёму  грамадзян у Докшыцах.

Удзел у абмеркаванні пытанняў прынялі намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ганна Савіцкая.

Жыхарка аднаго з населеных пунктаў Бягомльскага сельсавета папрасіла ў сенатара дапамогі. Больш як паўгода таму жанчыне быў пастаўлены дыягназ, назначана адпаведнае лячэнне, аднак зрухаў да паляпшэння здароўя не назіраецца і па сённяшні дзень.

Яшчэ адна заяўніца таксама прыйшла з просьбай: у дапамозе медыкаў мае патрэбу яе непаўналетняя дачка. Дзяўчынка прайшла абследаванне, знаходзілася на лячэнні ў Віцебскай абласной бальніцы, але, на жаль, як і ў першым выпадку, пра канчатковае выздараўленне пакуль гаварыць не прыходзіцца.

Ірына Абельская ўважліва выслухала жанчын і паабяцала, што абедзвюм пацыенткам у бліжэйшы час правядуць дадатковае абследаванне ў Мінску, з якога будзе вынікаць, якое лячэнне ім назначаць далей. Гэтыя пытанні Ірына Сцяпанаўна ўзяла на асабісты кантроль.

Свой пункт гледжання наконт таго, што ў рабоце Бягомльскй раённай бальніцы ёсць пэўныя пытанні агучылі на прыёме бегамльчанін і жыхарка вёскі Ваўча.

– Напрыклад, перастаў функцыянаваць прыёмны пакой, – гаварылі яны. – Тэрмінова неабходна вырашаць праблему з кадрамі: не хапае ўрачоў, у тым ліку педыятра. У бальніцы немагчыма зрабіць флюараграфію, бо няма спецыяльнага абсталявання.

Галоўны ўрач Докшыцкай ЦРБ Вераніка Рамановіч, якая прысутнічала на прыёме, патлумачыла, што насамрэч такой праблемы не існуе:

– Бягомльская раённая бальніца ўкамплектавана ўрачамі агульнай практыкі, працуюць і педыятр, і стаматолаг. Ёсць неабходнае абсталяванне для правядзення дыспансерызацыі насельніцтва. Для больш шырокай дыягностыкі пацыенты накіроўваюцца ў ЦРБ. Дарэчы, установа аховы здароўя ў Бягомлі адносіцца да першага ўзроўню аказання медыцынскай дапамогі, і яна там арганізавана на належным узроўні.

– Пытанні, з якімі звярнуліся заяўнікі, тычыліся лячэння складаных захворванняў, а таксама арганізацыі медыцынскай дапамогі ў рэгіёне, – падвяла вынікі прыёму грамадзян Ірына Абельская. – Бачна, што людзі хвалююцца і хочуць, каб ахова здароўя ў Докшыцкім раёне была максімальна ідэальнай. У першую чаргу мы адзначаем даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі. Менавіта гэтыя два крытэрыі ўключаюць у сябе шмат механізмаў, якія для кожнага раёна могуць быць як агульнымі, так і індывідуальнымі.

Па некаторых зваротах рашэнні былі прыняты хутка, у прыватнасці па арганізацыі лячэбнага працэсу на больш высокім узроўні. Таксама абмяркоўваліся вострыя пытанні – даступнасці меддапамогі ў аддаленых і маланаселеных пунктах. Упэўнена, будзе адпрацаваны план і ў адпаведнасці з ім пастараемся там, дзе гэта магчыма, рацыянальна і эфектыўна палепшыць медыцынскае абслугоўванне.

Ірына Абельская пра ўнікальную магчымасць карыстацца бясплатнай медыцынскай дапамогай у Рэспубліцы Беларусь:

– У нашай краіне бясплатная медыцынская дапамога замацавана ў артыкуле 45 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна аказваецца на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад пярвічнага звяна – гэта ФАПы, урачэбныя амбулаторыі, раённыя бальніцы – і заканчваючы рэспубліканскімі навукова-практычнымі цэнтрамі. Такім чынам, цалкам пабудавана вертыкаль наіравання пацыентаў для аказання ім медыцынскай дапамогі на самым высокім узроўні, прычым бясплатна.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *