Маршрут проекта «Вёсачка мая» привел в деревню Масловичи Докшицкого района
МАСЛОВІЧЫ – вёска ў Докшыцкім сельсавеце. У пачатку ХХ стагоддзя засценак у Парплішчанскай воласці Вілейскага павета. Па дакументах, датаваных 1905 годам, у засценку пражывалі 33 жыхары і мелася 70 дзесяцін зямлі. З 1921 года Масловічы ўваходзяць у склад Польшчы, у Парплішчанскую гміну Дунілавіцкага павета – восем двароў і 53 жыхары. З 1939 года ў складзе БССР, і ўжо са статусам вёскі. У 50-я гады насельніцтва Масловіч папаўняецца: туды перавозяць свае хаты людзі з навакольных хутароў. У 1969 годзе ў Масловічы перасяліліся жыхары вёскі Пунішча. На 1 студзеня 2004 года ў вёсцы было 18 дамоў, у якіх жылі 27 жыхароў. На сённяшні дзень колькасць дамоў захавалася, а вось пастаянных жыхароў толькі шэсць. Але большасць сядзіб не пустуе: у выхадныя, а цёплай парой і ў будні ў бацькоўскія хаты прыязджаюць дзеці, у асноўным з Докшыц. Таму дамы дагледжаныя, ці не ля кожнага садзяцца агароды, кветкі, растуць сады.
І нітка часу не парвецца
Найдаўжэй у Масловічах затрымаліся ў доме Андрэя і Раісы Глінскіх. “Каб вы прыехалі з самага ранку і прасядзелі ў нас да позняга вечара, майму Станіслававічу было б вам што расказваць”, – смяялася ад душы гаспадыня. Смех смехам, а настолькі цікавай была размова, што ніяк не маглі развітацца з гэтай цудоўнай сямейнай парай.
Раіса Ігнацьеўна і Андрэй Станіслававіч ужо 52 гады разам. Галава сям’і ў мінулым працаваў і ў нарсудзе выканаўцам, і ў пажарнай часці, а апошнія 13 гадоў механізатарам у калгасе “Камсамолец”. Яго палова родам з Літоўцаў. Яе працоўная дзейнасць была звязана з творчасцю. Раіса Ігнацьеўна выдатна шыла і кроіла, а гэта працэс – хто стане спрачацца? – творчы. Пачынала ў атэлье ў Докшыцах, затым шмат гадоў працавала ў КБА ў Порплішчы. Спадары Глінскія выгадавалі сына і дзвюх дачок, абагаціліся чатырма ўнукамі і ўнучкай, радуюцца праўнуку і праўнучцы. У доме цэлая фотагалерэя родных крывінак на сценах, а здымкамі саміх гаспадароў, іншых родзічаў, сяброў і аднавяскоўцаў, як жартуе Андрэй Станіслававіч, цэлы бульбяны мех напакуеш.
Расказчыкі сужэнцы Глінскія абое цікавыя, а Андрэй Станіслававіч яшчэ і жартаўнік. Прынамсі, храналогію свайго жыцця будуе так: нарадзіўся пры Сталіне, хадзіў у школу пры Хрушчове, ажаніўся пры Брэжневе… Паходы ў школу ў Шантары, вяселле, даўнейшае жыццё ў родных Масловічах апісвае так, што заслухаешся. Перад вачыма паўстаюць вясковыя вечарыны ў хатах, дзе яшчэ была земляная падлога. Уздымаўся такі пыл, што танцоры пачыналі кашляць, і тады прыносілі з калодзежа вядро вады, якой шчодра пырскалі на тую падлогу.
Дарэчы, калодзежы ў Масловічах неглыбокія – мясціны тут балоцістыя, падземныя воды зусім блізка. У многіх студнях, асабліва ўвесну, вады можна было набраць як з бочкі, проста зачарпнуўшы вядром.
– Калі мая мама яшчэ дзяўчынкай была, пайшла адна масловіцкая жанчына раненька, прыцемкам, па ваду, – узнаўляе Андрэй Станіслававіч карцінкі мінулага. – Глядзіць – а над студняй яе суседка ў плюшаўцы нахілілася, ваду зачэрпвае. Падышла жанчына, за плечы кабету кранула ды кажа: “Як гэта ты сёння раней за мяне справілася?” “Кабета” разагнулася ды як зараве! Мядзведзь гэта аказаўся. Бядачка ў хату са скорасцю ветру панеслася і да вечара ад страху слова сказаць не магла, толькі трэслася ды хрысцілася.
Увогуле Андрэй захаваў у памяці шмат аповедаў бабулі, якой у сваю чаргу яе маці расказвала, як у 60–70-х гадах ХІХ ст. у тутэйшых мясцінах будавалася чыгунка, як наведалася ў Порплішча царыца Кацярына і была прывезена цягніком яе карэта, на якой яна адправілася па дарозе-брукаванцы ў Сітцы, да пана ў госці, як адступалі французскія войскі і па дарозе на Шантары цягнулі гарматы… І справа тут не ў дакладнасці фактаў, а ў той самай пераемнасці пакаленняў, пра якую шмат гаворым зараз. І калі праўнукі спадароў Глінскіх з цікавасцю, з якой дзед Андрэй слухаў сваю бабулю, будуць слухаць ужо яго аповеды пра жыццё, то, як бы пафасна гэта ні гучала, нітка часу не парвецца.
Гарадскім не стаў
Заязджаючы ў якую-небудзь маланаселеную вёсачку на нашай рэдакцыйнай “Ніве”, заўжды прыглядаемся, нават лічым дамы, у якіх ідзе жыццё. Павярнулі ў Масловічы з трасы – і адразу натрапілі на такі дом. Знаёмімся з прыязным гаспадаром – гэта дакшычанін Казімір Падляшчук.
– Ат, які я дакшычанін, – адмахваецца Казімір Антонавіч. – Нават калі працаваў, то ў бацькоўскай хаце больш часу праводзіў, чым у Докшыцах. Чалавеку воля патрэбна, а не чатыры сцяны. Каб можна было ў любы момант выйсці на вуліцу і знайсці там сабе справу. Паветра свежае патрэбна, нагрузкі фізічныя.
Здавалася б, чаго-чаго, а свабоды перамяшчэння, фізічных нагрузак і свежага паветра ў жыцці Казіміра Падлешчука было дастаткова. На пенсію ён выйшаў менш як два месяцы таму, перад новым годам. За плячыма – саракагадовы стаж работы ў РЭСе электраманцёрам. Адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Стос грамат і падзяк за добрасумленную працу і прафесіяналізм. Павага ў калектыве. Абодва сыны пайшлі па яго слядах і працуюць у гэтай жа арганізацыі.
І вось – заслужаны адпачынак. Цікавімся: а якое яно, жыццё на пенсіі?
– Жыццё на пенсіі ёсць, – смяецца суразмоўца і дадае: – Як гаварыў персанаж усімі любімага мультфільма паштальён Печкін, я, можа, толькі цяпер і жыць пачынаю. Па праўдзе, не разумею людзей, для якіх слова “пенсія” гучыць як прыгавор. Я назваў бы яе часам новых магчымасцей. Жыццё ж такая рэч: нешта страчваеш, нешта набываеш. Хіба дрэнна мець магчымасць, плануючы свой дзень, большы ўпор рабіць на “хачу”, чым на “трэба”? Хіба дрэнна, калі на любімыя заняткі вызваляецца больш часу? А яшчэ сваёй сям’і можаш болей увагі ўдзяляць – дарагога варта.
Казімір Антонавіч ведае, пра што гаворыць. У вёску да яго спяшаецца пасля работы і жонка Валянціна Віктараўна, якая зараз працуе прыбіральшчыцай у водна-аздараўленчым комплексе. Правялі ў доме электраацяпленне, каб і зімой у ім было гэтак жа камфортна і ўтульна, як летам. Агарод, канешне ж, садзяць. Галава сям’і любіць і ўмее працаваць з дрэвам, і гэтыя яго ўменні запатрабаваны ў любы час, а цяпер – асабліва: дапамагае будаваць дом аднаму з сыноў. З задавальненнем едуць у госці да бабулі з дзядулем менавіта ў вёску ўнук і ўнучка. Усё як мае быць. І не намі адкрыта, што тое месца, дзе нарадзіўся і вырас, з’яўляецца месцам сілы ва ўсе часы.
Нетыповая сялянка
Як пад’ехаць да сядзібы Анжалікі Бароўскай, мы дакладна не ведалі, таму спыніліся ў суседнім двары і пашыбавалі праз сад і ўзараны на зіму агарод. Былі моцна ўражаны тым, што па дарозе нам трапляліся прывязаныя да яблынь каровы – налічылі іх пяць. А саму гаспадыню заўважылі ля хлява за звыклай справай нашых бацькоў і дзядоў, якая ў вёсках стала ўжо рэдкасцю, – выкідваннем гною. Не паверылі вушам, калі даведаліся, што гэта маладая жанчына адна трымае пяць рагуль.
– Так склалася, што каровы – мая работа, мой заробак, маё жыццё, – падзялілася Анжаліка Антонаўна. – З малых гадоў дапамагала маме на ферме, а ў старшых класах, калі яна сур’ёзна захварэла, ужо і замяняла часам. Я ў мамы адзіная дачка, дык ці магла пакінуць яе адну, калі ўжо была атрымана група інваліднасці, і паехаць некуды ў свет? Пагалоўе кароў павялічылі, калі мне споўнілася гадоў дваццаць, – грошы былі патрэбны ў тым ліку і на лякарствы. Дык даглядаю свой невялікі статак ужо сямнаццаць гадоў. Мама рана пайшла з жыцця, у 52. А я, застаўшыся адна, ужо не захацела нічога мяняць…
Анжаліка доіць сваіх рагуль уручную, сена для іх і купляе, і накошвае ручной (!) касой – кажа, так выхад большы атрымліваецца. Вельмі ўдзячная кіраўніцтву ААТ “Барсучанка” за выдзеленую пад пашу зямлю. Малако і цялят здае дзяржаве. Гной, якога назапашваецца з вялікім лішкам для патрэб уласных агародаў, раздае ўсім ахвотным. У доме пячное ацяпленне, і Анжаліка купляе штогод двухметровыя дровы. Сусед парэжа на цуркі, а шчапае сама. Кажа, робіць гэта на адзнаку дзесяць балаў і атрымлівае ад работы задавальненне. Увогуле гэта мілавідная жанчына сцвярджае, што ў прыняцці рашэнняў і поглядах на праблемы, якія для большасці прадстаўніц жаночага полу здаюцца непад’ёмнымі, яна праяўляе якраз-такі мужчынскі, без залішніх сантыментаў падыход. А яшчэ па жыцці аптымістка, не баіцца ніякай работы (тут ужо сумнявацца не прыходзіцца) і прывыкла спадзявацца толькі на сябе і ўласныя сілы і веды.
Як бывае заўжды, калі сустракаеш у чымсьці адметнага чалавека, знаёмства з Анжалікай прынесла захапленне і перакананасць, што “есть женщины”, якія “коня на скаку остановят”, не толькі ў рускіх “селениях” – у беларускіх таксама сустракаюцца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.