Милиционер-водитель Докшицкого отделения Департамента охраны Алексей Коренько стал лучшим по профессии
Старшына міліцыі Аляксей Карэнька служыць у Докшыцкім аддзяленні Дэпартамента аховы амаль дзесяць гадоў. За гэты час міліцыянер-вадзіцель групы затрымання неаднаразова заахвочваўся правамі начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама і правамі начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама правамі Докшыцкага аддзялення. Па выніках працы за 2024 год Аляксей Карэнька прадстаўлены да ўзнагароды абласнога ўпраўлення ў намінацыі “Лепшы па прафесіі”.
Родам Аляксей з Сітцаў. Пасля школы атрымаў спецыяльнасць механіка ў Лепельскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і пайшоў служыць у армію. Марыў стаць дэсантнікам. Трапіць у элітныя войскі не так проста. Кожны дэсантнік павінен адпавядаць строгім патрабаванням. У Аляксея ўсё атрымалася.
– Бліжэй да заканчэння тэрміну службы многа разважаў пра тое, што рабіць далей, – гаворыць Аляксей. – Ніяк не мог выбраць паміж жаданнямі пайсці на службу ў сілавыя структуры ці застацца ў арміі па кантракце. Лічу, што мне пашчасціла ўладкавацца ў Докшыцкае аддзяленне Дэпартамента аховы. Тут адразу ўзялі вадзіцелем у групу затрымання. Спачатку месяц стажыраваўся ў райцэнтры. На той час маімі настаўнікамі сталі вопытныя міліцыянеры Ігар Азерскі, Сяргей Батвінкоў і Сяргей Парцянка. Потым восем гадоў дзяжурыў на Бягомльшчыне.
Начныя і дзённыя змены супрацоўнікаў Дэпартамента аховы доўжацца па 12 гадзін, і ўвесь гэты час трэба быць напагатове. Група затрымання рэгулярна выязджае, калі спрацоўвае ахоўная сігналізацыя. Часцей за ўсё трывожную кнопку націскаюць супрацоўнікі гандлёвых кропак і забаўляльных устаноў. Ёсць што ўспомніць і міліцыянеру-вадзіцелю Аляксею Карэньку. Напрыклад, як прыходзілася затрымліваць п’яных кіроўцаў ці супакойваць дэбашыраў.
Цяпер Аляксей служыць у Докшыцах. Два гады таму ажаніўся. Дарэчы, з будучай жонкай пазнаёміўся ў Бягомлі. Вікторыя працуе настаўніцай у СШ № 1 г. Докшыцы. У 2023 годзе ў пары нарадзіўся сын Арсеній. Маладая сям’я будуе жыллё ў Докшыцах. Наваселле будуць спраўляць ужо ўтраіх.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.