Почти 30 человек приняли участие в первенстве по плаванию в Докшицком районе
Каля трыццаці плыўцоў сталі ўдзельнікамі першынства раёна па плаванні. Спаборніцтва, якое адбылося ў мінулую суботу ў басейне ФСК “Ураджай”, было прысвечана Году добраўпарадкавання.
Субота. На гадзінніку – 8.30, а на паркоўцы каля ФСК “Ураджай” ужо няма свабоднага месца. Прыемна ўсведамляць, што мясцовыя аматары спорту і ў выхадны дзень гатовы сустрэцца і паказаць, хто на што здатны. На ўваходзе сустракаю пастаянных удзельнікаў спаборніцтва па плаванні – Дзіну Юковіч з РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, Таццяну Собаль з СШ № 2 г. Докшыцы. А вось і актыўныя наведвальнікі басейна Галіна Броніна з хлебазавода і Таццяна Гарбачова з Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Традыцыйнае пастраенне, інструктаж па тэхніцы бяспекі – і ўсе разыходзяцца па раздзявалках, каб падрыхтавацца да заплыву.
Спачатку стартуюць жанчыны. Ім трэба пераадолець 25 метраў – гэта даўжыня дарожкі басейна. Мужчыны плывуць удвая больш. Стыль – вольны. Падчас размінкі з захапленнем назіраем з іншымі заўзятарамі за Аляксеем Мячыным. Ён плыве брасам. Але на заплыве выкарыстоўвае кроль, які, як заўважае плывец, больш хуткі.
– А ці можаце дапамагчы вылучыць удзельніка, якому можна будзе ўручыць прыз глядацкіх сімпатый, – звяртаецца незнаёмы мужчына. – Я і падарунак сам вырабіў – драўляны келіх, падобны на кубак.
Знаёмімся. Сяргей Рабцэвіч – карэнны мінчанін. Некалькі гадоў таму набыў дом у Козіках. Разам з жонкай захапляюцца спортам. Два разы на тыдзень абавязкова прыязджаюць у докшыцкі басейн. Даведаліся пра спаборніцтвы і вырашылі асабіста падтрымаць самага ўпартага плыўца.
У гэты час асабісты заплыў завершаны і пачынаецца эстафета. Ад кожнай каманды двое мужчын і дзве жанчыны на хуткасць пераплываюць патрэбную адлегласць. Адлік ідзе на секунды. Заўзятары гучна падтрымліваюць будучых прызёраў і пераможцаў. Гадзіна праляцела імгненна. Суддзі падпісваюць дыпломы, а каманды ўжо выстраіліся на ўзнагароджанне.
І ў эстафеце, і ў агульнакамандным заліку чэмпіёнам, як і летась, стала зборная Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і РАНС. Серабро заваявалі плыўцы з Крулеўшчынскага сельсавета, бронзу – каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.
У асабістым заліку дыпломамі і медалямі ўзнагароджаны:
ва ўзроставай катэгорыі 46 гадоў і старэйшыя першае месца ў Дзіны Юковіч і Ігара Вайцяховіча (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”), другое – у Таццяны Гарбачовай (зборная Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і РАНС) і Сяргея Валодзькіна (асабіста), трэцяе – у Таццяны Парцянка (Бягомльскі лясгас) і Аляксандра Букатага (аддзел культуры райвыканкама).
Ва ўзроставай катэгорыі 31 – 45 гадоў:
першае месца – у Таццяны Собаль (СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч) і Аляксея Мячына (асабіста), другое – у Ліліяны Карніловіч (зборная Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і РАНС) і Аляксея Ковеля (Докшыцкі РЭС), трэцяе – у Вольгі Жалткевіч (аддзел культуры) і Сяргея Дземідовіча (Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і РАНС).
Ва ўзроставай катэгорыі 18 – 30 гадоў:
першае месца ў прадстаўнікоў каманды Крулеўшчынскага сельсавета Вікторыі Таляронак і Паўла Зайцава, другое – у Таццяны Ярашэвіч (СШ № 1 г. Докшыцы) і Сяргея Баслака (зборная Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і РАНС). Трэцяе – у Дзмітрыя Гарохава (Докшыцкі хлебазавод).