Поиски наследников жителей сожженной деревни Золотухи Докшицкого района объединили три страны

IMG_5740 с

Банер НашчадкіУ маі Беларусь будзе шырока адзначаць 80-годдзе Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З нагоды юбілейнай даты “Родныя вытокі” прыступаюць да выпуску новага праекта “Нашчадкі Перамогі”, арыентаванага на захаванне памяці аб беларусах, якія гераічна змагаліся супраць фашызму, і мірных жыхарах, пацярпелых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нашы публікацыі пра іх – адзін са спосабаў выказаць падзяку папярэднім пакаленням ад нашчадкаў за мірнае неба над галавой. 

Не загойваюцца раны Вялікай Айчыннай, нягледзячы на пройдзеныя дзесяцігоддзі. Трагічныя падзеі болем адгукаюцца ў сэрцах ветэранаў, былых удзельнікаў і вязняў вайны. А нашчадкі настойліва вядуць пошукі новых звестак, каб увекавечыць памяць продкаў.

Даследаванні

Сярод апантаных даследчыкаў гісторыі ваеннага часу – рыжанін Генадзь Адамовіч, родзічы якога па бацьку і маці з Вілейскага раёна. У першую чаргу яго цікавіць расследаванне трагедыі спаленай фашыстамі вёскі Залатухі Докшыцкага раёна, падчас якой яго сваячка Марыя Надольская (па мужу – Локцік/Адамовіч) страціла мужа і чацвярых дзяцей. Толькі ёй адной з вялікай сям’і ўдалося выбрацца з палаючай пуні.

У час даследаванняў Генадзь завязаў перапіску з Алегам Роўдам з Сібіры, прэс-сакратаром, членам савета грамадскай арганізацыі “Краснаярская рэгіянальная Чувашская нацыянальна-культурная аўтаномія”. Так жыхар Краснаярска даведаўся пра праекты, якія вядзе докшыцкая рэдакцыя, і напісаў нам. “Як і Генадзь, займаюся аднаўленнем свайго радаводу, – паведаміў ён. – Па меры магчымасці дапамагаю яму, бо і ў мяне карані амаль з тых жа мясцін: бабуля і тата родам з Крывічоў, дзядуля і прабабуля з Дубаносаў. Шмат радні жыве ў Мінску, падтрымліваем сувязь”.

Латвіец расказаў свайму новаму сябру з Расіі пра Залатухі і даслаў яму звесткі пра партызана Канстанціна Роўду, ураджэнца гэтай вёскі, мяркуючы пра магчымае сваяцтва двух Роўдаў. Аказалася, што Канстанцін Антонавіч усё ж толькі цёзка па прозвішчы, але расіянін вырашыў пераслаць інфармацыю пра народнага мсціўца ў “Родныя вытокі”. “Буду рады, калі факты пра Канстанціна Роўду акажуцца карыснымі, – напісаў ён. – Магчыма, хтосьці пралье святло на асобу гэтага чалавека ці ўспомніць новыя дэталі пра спаленую вёску Залатухі”. Зрэшты, Генадзь Адамовіч і сам прасіў свайго новага сябра звязацца з рэдакцыяй, адзначаючы нашу зацікаўленасць краязнаўствам.

Алег Роўда (справа) з дачкой на мерапрыемстве беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” Краснаярскага края на вечары памяці продкаў. Злева – кіраўнік прадстаўніцтва Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі па Краснаярскім краі Ігар Бука.

Алег Роўда (справа) з дачкой на мерапрыемстве беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” Краснаярскага края на вечары памяці продкаў. Злева – кіраўнік прадстаўніцтва Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі па Краснаярскім краі Ігар Бука.

Партызан з Залатух

Што вядома пра Канстанціна Роўду?

Нарадзіўся ён у 1922 годзе. У партызанах з 6 студзеня 1943-га. Быў кулямётчыкам у 4-м атрадзе імя Д.А. Фурманава партызанскай брыгады імя ЦК КП(б)Б (камандзір атрада – Д.П. Ізюмаў). У склад атрада ўваходзілі 32 чалавекі. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Вілейскай і Віцебскай абласцей.

Канстанцін Антонавіч лічыўся лепшым кулямётчыкам у атрадзе. У шматлікіх баях супраць нямецкіх акупантаў у тыле ворага праявіў выключную адвагу і самаахвярнасць.

У баі пад Несцераўшчынай у кастрычніку 1943 года нямецкая рота акружыла ўзвод, дзе знаходзіўся Роўда. Тады кулямётчык паўзком прабраўся ў сярэдзіну варожага ланцуга і меткім агнём знішчыў звыш 25 гітлераўцаў. Праціўнік не вытрымаў раптоўнага і трапнага агню і, пакінуўшы на полі бою загінуўшых, хаатычна адышоў.

На асабістым рахунку Канстанціна 62 забітыя нямецкія салдаты і афіцэры, тры падарваныя грузавыя аўтамашыны праціўніка, два ўзарваныя чыгуначныя мосты і пяць кіламетраў знішчаных тэлеграфна-тэлефонных ліній.

За подзвіг пад Несцераўшчынай і ўзорнае выкананне баявых заданняў Канстанцін Роўда ў 1944 годзе быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды – ордэна Чырвонага Сцяга.

У Чырвонай Арміі не служыў.

Па непацверджаных даных, Канстанцін Антонавіч страціў у час карнай аперацыі ў Залатухах сястру, дзеда і бабулю.

“Зараз нашым галоўным клопатам будзе пошук нашчадкаў і любой інфармацыі пра Канстанціна Антонавіча Роўду, – сказаў Генадзь Адамовіч. – Па нейкай прычыне гэты герой не лічыцца сярод узнагароджаных ні на адным расійскім сайце. Мы не можам зразумець, дажыў ён да перамогі ці не”.

Такім чынам, пошукі працягваюцца. Ніхто не забыты, нішто не забыта.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *