Работы мастеров Докшицкого районного дома ремёсел представлены на областной выставке
Традыцыі ўпрыгожвання абразоў
Работы майстроў раённага Дома рамёстваў прадстаўлены на абласной выставе-конкурсе “Аклады для абразоў. Традыцыі і сучаснасць”.
– Сярод шматлікіх вырабаў у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ёсць творы Таццяны Марціновіч, Алены Таляронак і Уладзіміра Шуткіна, – гаворыць дырэктар установы Іна Карпека. – Аклады для абразоў выкананы ў розных тэхніках паводле мясцовых традыцый з выкарыстаннем матэрыялаў, якія ўжываліся для дэкору на Віцебшчыне ў даўніну. Экспазіцыя арганізавана ўпершыню. Упрыгожанне ікон можна назваць адным з відаў самабытнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І сёння ў вёсках раёна сустракаюцца абразы, дэкарыраваныя засушанымі кветкамі, элементамі з фольгі ці паперы.
Конкурс праходзіць па некалькіх намінацыях. Выстава працягнецца да 21 лютага і завершыцца падвядзеннем вынікаў творчага спаборніцтва майстроў і мастакоў. У хуткім часе традыцыі ўпрыгожвання абразоў будуць прадстаўлены на атрыманне статусу нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.
Фота аўтара.