Со своим пулеметом пришел в партизанскую бригаду «Железняк» Никифор Клявзер

SAM_1422 с

Банер НашчадкіКожны раз, бываючы ў Бягомлі і навакольных вёсках, першае, пра што думаю, – наколькі гераічныя гэтыя мясціны. Край бясстрашных барацьбітоў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шматпакутная, палітая слязамі і крывёю зямля. Пра гэта нагадваюць помнікі і абеліскі, музейныя экспанаты, успаміны ўдзельнікаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод экспанатаў Бягомльскага музея народнай славы – кулямёт “Максім”, які даставіў у партызанскую брыгаду “Жалязняк” мясцовы жыхар Нікіфар Кляўзер. Употай ад жонкі мужчына вымяняў яго ў знаёмага паліцэйскага… на кабана. А ўсё для таго, каб трапіць у партызаны! Жаласныя ўшчуванні жонкі не адбілі яго гарачага жадання.

Пасля вайны кулямёт быў знойдзены на месцы баёў у раёне вёскі Ваўча…

Былы партызан Нікіфар Кляўзер.

Былы партызан Нікіфар Кляўзер.

– Справа ў тым, што Нікіфар Піліпавіч, 1890 года нараджэння, з-за ўзросту ўжо лічыўся непрыдатным да страявой службы ў атрадах, а ў тылавыя падраздзяленні ісці не хацеў, – паведамляе галоўны захавальнік фонду Бягомльскага музея Ірына Вішняк. – А камандаванне партызанскай брыгады прытрымлівалася наступнага правіла: калі прыйшоў са сваёй зброяй – цябе залічаць у баявы атрад, без яе – у вучэбна-рэзервовы, таму Кляўзер так і імкнуўся да набытку. Камандзір брыгады Іван Ціткоў, Герой Савецкага Саюза, успамінаў, што Нікіфар прымчаўся да іх са станкавым кулямётам на санях і стаў патрабаваць тачанку – інакш зброю не аддасць. “З цяжкасцю пераканалі яго, што ў беларускіх лясах і балотах для тачанак няма прасторы”, – адзначаў камандзір.

Такім чынам Нікіфар Кляўзер стаў “жалезнякоўцам”. Згодна з музейнымі данымі, партызаніў са снежня 1942 года па ліпень 1944-га. Быў узнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, юбілейным медалём.

Да вайны Нікіфар Піліпавіч працаваў старшынёй некалькіх калгасаў – з 1930-га па 1940 год, а пасля Перамогі – рабочым у розных установах.

Не стала Н.П. Кляўзера ў 1967 годзе.

Жыхары Бягомльшчыны аказвалі значную дапамогу партызанам у пошуку зброі. Перадавалі ўсё, што знаходзілі: патроны, гранаты, гарматы. Дарослыя далучалі да трафейнай справы нават сваіх дзяцей-падлеткаў. А тыя нярэдка асабіста заяўляліся ў штаб брыгады і прасіліся ў партызаны. Каб не пакрыўдзіць непаўналетніх, іх запісвалі ў рэзерв з абяцаннем узяць, калі падрастуць…

Таксама мясцовыя жыхары, рызыкуючы жыццём, уціраліся ў давер’е да немцаў і паліцаяў, каб здабыць зброю.

– Ва ўзбраенні партызанскай брыгады “Жалязняк” істотную ролю адыгрывала служба боесілкавання, – гаворыць Ірына Вішняк. – У яе распараджэнні знаходзіліся цэнтральная і дзве дапаможныя зброевыя майстэрні, атрадныя пункты рамонту. Яна мела сваю трафейную каманду і пазней падраздзяленне аэрадромнай службы. У майстэрнях працавалі выдатныя збройнікі, сярод якіх і калгасны каваль Іван Дземідовіч. Яны адрамантавалі звыш тысячы адзінак стралковай зброі, дзясяткі станковых кулямётаў, збудавалі станок для перакаліброўкі нямецкіх патронаў пад айчынную зброю.

А што тычыцца тых жа зенітак, Ірына Валер’еўна растлумачыла, як народныя мсціўцы выкарыстоўвалі іх для аператыўнага абстрэлу варожых самалётаў. Так, у ствол дрэва ўсталёўваўся жалезны штык, на яго мацавалася кола, а ўжо зверху ўстанаўлівалася зброя.

Кулямёт “Максім” – экспанат Бягомльскага музея народнай славы.

Кулямёт “Максім” – экспанат Бягомльскага музея народнай славы.

Камбрыг Іван Ціткоў расказваў, што па зброю кіраўніцтва брыгады спрабавала накіроўваць каманды ў савецкі тыл. Дык вось лінію фронту яны пераходзілі ўдала, у тыле іх добра нагружалі боепрыпасамі, але вярнуцца атрымоўвалася не заўсёды. Аабліва часта людзі траплялі на засады ля рэк і чыгунак, якія ўзмоцнена ахоўваліся немцамі.

Але ні фізічныя цяжкасці, ні блізкі подых смерці не маглі астудзіць патрыятычны запал партызан. Разам з тым у рады брыгады з кожным днём улівалася ўсё больш і больш людзей. “У асноўным ішлі з сёлаў, – пісаў у сваёй кнізе “Брыгада “Жалязняк” Іван Ціткоў. – Былыя ваенныя, якія выйшлі з акружэння, складалі ў брыгадзе ўсяго толькі дзевяць працэнтаў. Навічкоў трэба было вучыць, рыхтаваць да баёў. І ў гэтую справу ўклалі вялізную працу таварышы з падпольнага райкама партыі, камандзіры, палітработнікі, партыйныя і камсамольскія арганізацыі брыгады”.

А палітычны склад для атрадаў у асноўным падбіралі з падпольшчыкаў, што было важна для падтрымання цеснага кантакту з мясцовым насельніцтвам. Праз палітработнікаў, у прыватнасці, ажыццяўляліся і мерапрыемствы па выкарыстанні людскіх і матэрыяльных рэсурсаў раёна. “Усё рабілася выключна праз падпольны райкам партыі, а гэта давала магчымасць пазбегнуць некаторых памылак у сувязях з жыхарамі вёсак”, – падкрэсліваў Ціткоў.

Бягомль… Партызанская сталіца! Тут жывуць нашчадкі герояў, якія аддалі свае жыцці за мір. За будучыню сваіх дзяцей.

Нездарма самы галоўны музей раёна знаходзіцца менавіта ў Бягомлі. Тут беражліва захоўваюцца асабістыя рэчы партызан, абмундзіраванне лётчыкаў, медыцынскія інструменты ўрачоў ляснога шпіталя, зброя, лісты і кнігі. Побач з беларусамі змагаліся супраць нямецкіх акупантаў рускія і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей СССР. Вечная слава вызваліцелям. Нізкі паклон ад усіх пакаленняў за шчасце жыць у вольнай краіне.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва Бягомльскага музея народнай славы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *