Священник Леонид Стреха и матушка Нина из Докшицкого района поделились мыслями о главных скрепах семьи

Айцец Леанід і матушка Ніна: свечкі за здароўе ўсіх прыхаджан.

Айцец Леанід і матушка Ніна: свечкі за здароўе ўсіх прыхаджан.

Галоўная апора любой дзяржавы – сям’я. Менавіта ў сям’і дзіця пазнае асноўныя маральныя законы, на якіх пасля стане будаваць сваё жыццё. Пра важнасць захавання сямейных традыцый і тыя прынцыпы, на якіх яны асноўваюцца, пра хрысціянскае разуменне шлюбу, пра духоўнасць як падмурак шчаслівага сямейнага жыцця гутарым з благачынным Докшыцкай царкоўнай акругі, настаяцелем царквы Святога Георгія ў агр. Сітцы і царквы Святога Панцеляймона ў агр. Параф’янава протаіерэем Леанідам Страхой і яго вернай спадарожніцай і паплечніцай матушкай Нінай.

Вытокі іх веры

І айцец Леанід, і матушка Ніна нарадзіліся і выраслі на Брэстчыне, у вёсцы Рубель Столінскага раёна. Калі гаварыць пра сям’ю айца Леаніда, то варта адзначыць цэлую дынастыю святароў, распачаў якую родны брат дзядулі. Брат-блізня нашага благачыннага Аляксандр – настаяцель Свята-Георгіеўскага прыхода ў сталічным мікрараёне Чыжоўка, малодшы брат Мікалай таксама свяшчэннік, служыць на Піншчыне, будуе храм у Івацэвічах. Сястра Наталля стала матушкай. І гэта не поўны пералік прадстаўнікоў роду, якія прысвяцілі сябе служэнню Госпаду.

Матушка Ніна таксама выхоўвалася з малых гадоў у веры. Абое суразмоўцаў згадваюць дзяцінства, радасць і нейкую асаблівую лёгкасць, узнёсласць пасля наведвання храма. Адзначаюць, што хадзіць туды ў нядзелю і на святы, маліцца дома іх прывучалі бабулі і дзядулі.

– Адзін з першых успамінаў – калі я была зусім яшчэ малая і ў царкву мяне з сабой не бралі, а прыносілі для мяне просвірку, – светла ўсміхаецца матушка Ніна. – Я так яе чакала! Такой незвычайна смачнай яна была для мяне! Тое дзіцячае адчуванне цепліцца ў маёй душы і сёння.

…Яны жылі на розных берагах рачулкі, што дзяліла іх Рубель, хадзілі ў адну школу, вучыліся ў паралельных класах – вёскі на Брэстчыне не раўня нашым, вялікія, а сем’і тады ў асноўным былі шматдзетныя. Пасябравалі яшчэ падлеткамі, і паступова сяброўства перарасло ў моцнае і глыбокае пачуццё.

– Шэсць гадоў каханне сваё расцілі, пакуль я ў армію не пайшоў, – такой жа прамяністай усмешкай асвятляецца і твар айца Леаніда. – Матушка мая чакала мяне, і мне нават не ўяўлялася, што яе месца ў сэрцы можа заняць іншая. Як жонка ваеннага, якая выходзіць замуж за лейтэнанта і праходзіць з ім нялёгкі шлях службы да вышэйшых чыноў, так і яна ад першага дня да сённяшняга заўжды побач – жонка, маці маіх дзяцей, мудрая дарадчыца, першая памочніца ва ўсіх справах. На цяжкасці не скардзіцца і бачыць радасць у кожным дні.

– Аднойчы я ўсё ж паддалася журбе і хацела павярнуць жыццё ў іншы кірунак, – уздыхае матушка Ніна. – І гэта якраз быў…

Прыезд у Сітцы

– Стаяў канец лістапада – шэрасць, дождж, ранняя цемра, – прадзе яна далей нітку ўспамінаў. – Прыехалі ў халодны абшарпаны прыходскі дом. Я цяжарная нашым сынам. Дачушку, каб трохі абжыцца, пакінулі ў бацькоў. Мы ўдваіх з бацюшкам, ніводнай роднай душы побач. Такая туга адолела! Хацела ўжо збірацца і ехаць дадому. Але ж, думаю, якая я жонка тады? Вунь ажно ў Сібір за мужамі-дзекабрыстамі жонкі адпраўляліся… Усё-такі з цяжарам на сэрцы пайшла ў царкву – і здарыўся цуд. У храме мне стала хораша і спакойна. Я зразумела, што хачу прыходзіць туды зноў і зноў. І ў быце ўсё хутка наладзілася. Людзі ў Сітцах сустрэлі нас з вялікай цеплынёй, павагай, сардэчнасцю, дапамаглі зрабіць у нашым доме рамонт. Прыкіпела сэрцам да ўсіх, хто прыходзіць у храм, – ад малых да старых, лічу ўсіх нашай вялікай сям’ёй.

– А як мы радуемся, калі бачым у царкве не адно пакаленне вернікаў, – падхоплівае з агеньчыкам у вачах айцец Леанід. – Душа мая лікуе, калі вянчацца да мяне ідуць дзеці тых, каго вянчаў раней, калі нясуць хрысціць, прычашчаць сваіх маленькіх дзетак, калі ў споведзь ідуць цэлымі сем’ямі, на тры пакаленні, – найвышэйшае святарскае шчасце. Шчасце, калі ў запісцы аб здравіі бачыш шмат імён вялікай сям’і, і ўсе гэтыя людзі ходзяць у храм.

– Мая ж справа, якая прыносіць радасць і невыказнае задавальненне, – гэта нядзельная школа, што арганізавана ў нас пры царкве ўжо даўно. Жыву гэтым, цешуся тым, што пасеяная ў сэрцах вера дае парасткі. Ганаруся, што ў нас ёсць цудоўны хор – на клірасе спявае ажно адзінаццаць чалавек.

Трываласць іх саюза

– Трываласць? – айцец Леанід задумваецца. – Я б сказаў, нават непарушнасць, непахіснасць. Мяркую, адказ вы ўжо ведаеце: гэта вера. З яе зыходзіць усё астатняе, у ёй усё, што патрэбна чалавеку, каб быць шчаслівым, каб рабіць шчаслівымі іншых. Сям’я для нас з матушкай – найвялікшае шчасце. Мы адчуваем прыліў сіл і натхнення, калі наш дом напаўняецца дзіцячымі галасамі. Сын і дачка са сваімі сем’ямі прыязджаюць часта. Бог нам даў шасцёра ўнукаў, якіх таксама бязмерна любім. Калі за сталом, акрамя нас, яшчэ дзесяць чалавек, калі мы ўсе разам ідзём у нядзелю ці на свята ў храм, душа мая спявае.

– У сям’і не можа быць так, што кожны думае: толькі б мне было добра. У сям’і няма слоў “я”, “мне” – ёсць “мы”, “нам”, “нас”, – дадае матушка Ніна. – Шлюб дае магчымасць праз любоў да блізкіх і гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля іх стаць бліжэй да Бога. А ці не для гэтага мы жывём на зямлі?

Пра важнае

– Як выхаваць дзяцей у веры?

Айцец Леанід: – Заўжды цікаўлюся ў людзей, што задаюць мне гэта важнае і вельмі складанае пытанне, як яны выхоўваюць у веры найперш сябе. Галоўнае, што мы павінны зрабіць у зямным жыцці, – выхаваць у веры сябе. Калі чалавек гэтым займаецца, ён зможа дапамагчы прыйсці да веры і сваім дзецям. Бывае, што дзіця прыходзіць да веравання насуперак таму, як жывуць яго бацькі, але такія выпадкі ўсё ж такі выключныя. Як і ва ўсім іншым, вучым чадаў сваіх уласным прыкладам.

– Чаго трэба баяцца ў сямейным жыцці?

Матушка Ніна: – Трэба баяцца крыўдзіць адно аднаго, трэба баяцца холаднасці і адчужэння. Нельга дапускаць непавагі, сябелюбства. Страшна не навучыцца любіць, дараваць, ахвяраваць сабой дзеля родных людзей.

– Што нам дае вянчанне?

А.Л.: – Царкоўны шлюб – інстытут, заснаваны Госпадам. У шлюбе яднаюцца не двое – у шлюбе яднаецца пара і Бог. Калі гэта адбываецца, шлюб становіцца вечным, незалежным нават ад перамены пачуццяў. Калі людзі вянчаюцца ў храме, яны аб’ядноўваюцца не толькі целамі – гэта, само сабой зразумела, магчыма ўвогуле без шлюбу, яны яднаюцца не толькі душамі як закаханыя – яны яднаюцца духамі. У кожнага чалавека ёсць цела, душа і дух. Але дух нават у любові не прымае ўдзелу – ён застаецца свабодным. У таямніцы вянчання Бог злучае духі двух людзей у адно цэлае. Муж і жонка становяцца адзінымі цялесна, душэўна, а таксама, калі так можна сказаць, маёмасна, юрыдычна. Аднак самае галоўнае – становяцца адзінымі ў духу, адзінымі ў Богу. Вось што такое вянчанне.

– Як быць, калі адзін з сужэнцаў вернік, а другі – не?

А.Л.: – Пра гэта гаворыць апостал Павел: калі няверуючы муж згодны жыць з веруючай жонкай, то яна можа з ім жыць, калі ён не будзе забараняць ёй хадзіць у царкву, выхоўваць у веры дзяцей. Зразумела, тое ж і ў адваротным выпадку.

М.Н.: – Калі той у пары, хто не веруе, не здзяйсняе грахоў, якія разбураюць шлюб, то такому шлюбу нічога не перашкаджае. Мы з бацюшкам ведаем такія пары, а яшчэ – да нашай агульнай радасці – былі і такія выпадкі, калі на працягу пэўнага часу ў такіх сем’ях да Бога прыходзілі і няверуючыя мужы і жонкі.

– Якія кнігі дапамагаюць у сямейным жыцці?

А.Л.: – Евангелле, малітваслоў. Толькі чытаць іх трэба як мага часцей, а не тое што прачытаў адзін раз і паклаў на паліцу. Можна чытаць пісьмы мучаніцы царыцы Аляксандры Фёдараўны да свайго мужа, можна чытаць жыццеапісанні святых жонак, і ў прыватнасці пра тое, як яны жылі ў сем’ях. Пра старазапаветныя шлюбы карысна чытаць – яны для нас з’яўляюцца прыкладам.

– Што рабіць, калі каханне прайшло, а ты з чалавекам павянчаны?

А.Л.: – Сапраўднае каханне не праходзіць. Калі яно ёсць у чалавеку, то ён ніколі ўжо не зможа ад яго адмовіцца. На гэта моцнае пачуццё не можа паўплываць ні час, ні адлегласць, ні якія-небудзь абставіны. Тым больш калі двое павянчаліся. Вось прыклад: маці ж не перастае любіць свайго сына нават калі ён стаў махляром, бандытам, ператварыўся ў п’яніцу…

М.Н.: – Калі думаеце, быццам каханне вас пакінула, трэба асэнсаваць, што гэта было не каханне. Пакідае пачуццё закаханасці, захаплення чалавекам. Вы ў чымсьці расчараваліся? Значыць, да гэтага былі проста зачараваныя. Значыць, трэба вучыцца жыць з тым ці з той, хто перад вамі аказаўся, калі ўвесь флёр зачараванасці, захаплення развеяўся. Калі любоў толькі пачуццё, то на ім асноўваць шлюб нельга. Любоў павінна быць яшчэ і волевыяўленнем: вось гэтага чалавека я люблю і буду прымаць яго такім, які ён ёсць, старацца дапамагчы яму стаць лепшым. Любоў – цяжкая праца. Уступаючы ў шлюб, трэба дакладна гэта разумець. І разам з тым гэта шчасце, якое трэба свята берагчы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *