Житель города Докшицы Юрий Варган является лучшим другом и советчиком для внука Владислава

Юрый і Уладзіслаў Варганы: каб не страціць святое штосьці, захавайце сямейны альбом.

Юрый і Уладзіслаў Варганы: каб не страціць святое штосьці, захавайце сямейны альбом.

Дзень абаронцаў Айчыны ўзнаўляе ў памяці самыя гераічныя старонкі гісторыі, выступае адным з сімвалаў пераемнасці пакаленняў, народнага адзінства і згуртаванасці, аб’ядноўвае ўсіх, хто абараняў Радзіму, робіць гэта зараз і стане абараняць у будучым. 

Такая цесная сувязь бачная найперш на прыкладах сем’яў, дзе паняцце “Мужчына – абаронца краіны” перадаецца з пакалення ў пакаленне, закладваецца з малых гадоў. Дакшычанін Юрый Варган для ўнука Уладзіслава несумненна з’яўляецца прыкладам ва ўсім: як трэба любіць Радзіму, як важна быць адказным за сваю сям’ю, свае ўчынкі, як неабходна атрымліваць веды і станавіцца спецыялістам у сваёй справе, сумленна працаваць, паважаць старэйшых і аберагаць слабейшых.

Трэцякласнік Уладзік прызнаецца, што дзядуля для яго самы лепшы сябар і дарадца. З ім цікава гутарыць на розныя тэмы, глядзець кінафільмы, падарожнічаць, майстраваць, займацца звычайнымі хатнімі мужчынскімі справамі. Юрый Аляксандравіч з жонкай Вольгай Мікалаеўнай ганарацца двума сынамі, якія сталі годнымі людзьмі, цешацца ўнукамі. Але з Уладзіславам у дзядулі Юрыя сапраўды самыя блізкія, цёплыя зносіны. Юрый Аляксандравіч у свой час праходзіў тэрміновую службу пры Мінскім вышэйшым інжынерным зенітна-ракетным вучылішчы – а каханая дзяўчына Вольга верна яго чакала! – і пра гэтыя гады яскрава нагадвае вялікі армейскі альбом уласнаручнай работы, старонкі ў якім ужо зацёртыя. “Гэта наша з Уладзікам настольная кніга, – усміхаецца ў вус Юрый Варган, ветэран службы Докшыцкага РАУС. – Часта гартаем альбом, я расказваю ўнуку пра армію, пра сваіх сяброў. Тлумачу, як важна юнакам атрымаць воінскую загартоўку, быць спартыўнымі, моцнымі, падрыхтаванымі да абароны краіны. З малых гадоў імкнуся закладваць у маім прадаўжэнні дастойныя мужчынскія рысы. Вобразна кажучы, для мужчыны мала пасадзіць дрэва і нарадзіць сына – яшчэ важней дабіцца таго, каб і ў адным выпадку, і ў другім былі моцныя карані”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *