Юрист с душой артиста работает в ОАО «Торгуны»
Напэўна, рэдкі канцэрт работнікаў культуры Докшыцкага ГЦК абыходзіцца без выступлення салісткі Святланы Васюковіч. Але нямногія ведаюць, што песня для яе – гэта ўсяго толькі захапленне. Працуе ж Святлана вось ужо два гады юрысконсультам у ААТ “Таргуны”. Да гэтага амаль дзесяць – сакратаром суда. Скончыла юрыдычны факультэт БДУ. І ўвесь гэты час ніколі не пераставала спяваць.
– Кожны павінен займацца той справай, якая яму падабаецца, прыносіць унутранае задавальненне і гармонію, – разважае Святлана. – У юрысты ішла свядома. Мая цяперашняя дзейнасць падабаецца рознабаковасцю. Пэўны вопыт атрымала па сваёй спецыяльнасці ў судзе, але праца была больш павольная. Тут усё інакш. Бывае, што прыходзіш на работу і не ведаеш, якія задачы будуць пастаўлены сёння. Гэта можа быць і вырашэнне жыллёвых пытанняў, юрыдычнае суправаджэнне пытанняў пасяўной, уборачнай кампаній. Крок за крокам спасцігаю спецыфіку работы ў аграпрамысловай сферы. Гэта вельмі адказная праца, якая патрабуе пастаяннага ўдасканальвання ведаў. Дзякуючы ёй адчуваю сябе значнай і карыснай. На сцэне ж “адключаю” галаву і адпачываю душой. Таму праца і захапленне для мяне ўзаемадапаўняльныя.
Спявае Святлана з дзяцінства. Прывіла ёй любоў да песні бабуля Ала Васюковіч, якая амаль 40 гадоў адпрацавала культработнікам у вёсцы Дзедзіна Тумілавіцкага сельсавета. Ала Уладзіміраўна была арганізатарам першай у раёне фальклорнай групы, з якой нават выступала на тэлеперадачы “Вячоркі”. Актыўным удзельнікам вясковых канцэртаў была і Святлана. А пасля заканчэння школы некаторы час працавала мастацкім кіраўніком спачатку ў Тумілавіцкім СДК, а потым у Таргуноўскім. Адначасова атрымлівала спецыяльнасць юрыста.
Святлана Васюковіч неаднаразова ўдзельнічала ў разнастайных песенных конкурсах. Адзначана прэміяй “Іскра” ў намінацыі “Артыст года”. Летась стала пераможцай раённага этапу рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь “SuperПРОФІ-2024”.
– Песня – гэта маё другое жыццё, – гаворыць Света. – Яшчэ сябрую са спортам, люблю падарожжы. Лічу, што мне вельмі пашанцавала з кіраўніцтвам. Кіраўнік праекта ТАА “БК-Мілк” – кіруючай арганізацыі ААТ “Таргуны” Міхаіл Васільевіч Крукоўскі з разуменнем адносіцца да майго захаплення. Па магчымасці стараецца наведваць культурныя мерапрыемствы раёна, прыцягвае да гэтага і членаў калектыву. А такая падтрымка дарагога вартая. Увогуле, моладзі трэба быць актыўнай, амбіцыйнай. Ставіць мэты і ісці да іх.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.