Юрый Гоман з аграгарадка Крулеўшчына заўсёды гамоніць па-беларуску

Юрый Гоман завітаў у бібліятэку да жонкі Ірыны. Ёсць нагода: паступілі беларускамоўныя навінкі.

Юрый Гоман завітаў у бібліятэку да жонкі Ірыны. Ёсць нагода: паступілі беларускамоўныя навінкі.

Пачуць дзе-небудзь у грамадскіх месцах чыстую літаратурную беларускую мову даводзіцца нячаста. І таму мы, журналісты, заўжды імкнёмся пазнаёміцца з чалавекам, які на ёй размаўляе. Варта адзначыць, ва ўсіх выпадках адкрывалі для сябе цікавых суразмоўцаў, людзей таленавітых і чымсьці захопленых, тых, для каго радзіма і патрыятызм не гучныя словы, а святыя паняцці. Жыхар аграгарадка Крулеўшчына, манцёр чыгуначнага пуці Юрый Гоман – нават прозвішча якое прыгожае, беларускае – менавіта з такой кагорты.

Сустрэліся з Юрыем Аляксеевічам у мясцовай бібліятэцы, дзе працуе яго жонка Ірына Казіміраўна і куды ён часта наведваецца, бо цікавіцца навінкамі беларускай мастацкай і публіцыстычнай літаратуры, кнігамі па мовазнаўстве, па гісторыі і краязнаўстве Беларусі. Напачатку размовы сціпла прызнаецца, што, хоць і размаўляе па-беларуску, але яшчэ не авалодаў мовай настолькі, каб гаварыць на ёй вольна і нязмушана, – часам даводзіцца падбіраць патрэбныя словы, перакладаючы ў галаве з рускай мовы або шукаючы больш яркі і дакладны сінонім таму слову, якое ведае. Пераконваем суразмоўцу, што гэтага саромецца нельга, наадварот: такое мэтанакіраванае авалодванне мовай характарызуе яго толькі з найлепшага боку.

Юрый Аляксеевіч не проста размаўляе на роднай мове, што называецца, у абыходзе – ён яшчэ вядзе сваю старонку ў Інстаграм, дзе выкладвае фота і відэа са сваіх падарожжаў па краіне з аповедамі па-беларуску ў прозе і вершаванымі. Таленавіты чалавек, кажуць, таленавіты ва ўсім. Прынамсі, Юрый Аляксеевіч, як падалося, фізік і лірык “у адным флаконе”. Падарожнічае ён на матацыкле, складзеным уласнаручна з двух – абодва 1960 года выпуску. Кампанію яму складаюць, як у каго атрымліваецца, Ірына Казіміраўна і дарослыя ўжо дачушкі Крысціна, Ксенія і Сафія, для якіх вандроўкі – звыклая справа з маленства. Сафія – самая апантаная татава спадарожніца. Калі “народу” столькі, што на матацыкле не памяшчаюцца, едуць на веласіпедах. Такім чынам скалясілі ўжо не толькі наш раён, але і Глыбоччыну, Пастаўшчыну, Браслаўшчыну, Мядзельшчыну.

– Турысты мы не толькі сухапутныя, – смяецца наш цікавы расказчык. – Яшчэ і на байдарцы сплаўляемся па рэках. Прыгажосць такую адкрываеш – дух захоплівае. Ну як тут не нараджацца вершам ці проста лірычным радкам? А распавядаць пра адвечнае беларускае, што продкі нашы ўслаўлялі на роднай мове, па-руску – гэта, лічу, такая неадпаведнасць, такі дысананс! Родам я з Магілёўшчыны, з Асіповіцкага раёна, а тут жыву з малых гадоў і да зямлі гэтай прыкіпеў усім сэрцам. Люблю Беларусь, яе прыроду, архітэктуру, людзей, ганаруся сваёй краінай, цікаўлюся гістарычным мінулым. Шчаслівы, што мая сям’я (а Юрый і Ірына ўжо трыццаць гадоў разам – Аўт.) падзяляе мае захапленні, што маю аднадумцаў і сярод сяброў і знаёмых.

Юрый Аляксеевіч робіць цудоўныя фотаздымкі, выкладае іх у Інстаграм, Аднакласніках. Першым “ацэншчыкам” яго лірычных вершаваных відэазамалёвак з’яўляецца Ірына Казіміраўна, якая сама сябруе з рыфмай, – з яе творчасцю абавязкова пазнаёмім чытачоў у бліжэйшым выпуску “Крыніц”. А яшчэ гэта абаяльная жанчына дапамагае мужу “шліфаваць” моўнае майстэрства, падбіраючы патрэбныя кнігі. А яшчэ, рыхтуючы матэрыял, выпадкова даведаліся, што Юрый Гоман уваходзіць у лік васьмі жыхароў нашага раёна – ганаровых донараў Рэспублікі Беларусь. Падумалася: калі б знакам якасці ў нас адзначаліся не толькі зробленыя людзьмі рэчы, але і самі людзі, то герой гэтага артыкула, няма сумненняў, мог бы быць яго ўдастоеным.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *