50-летие совместной жизни отпраздновали супруги Спиченки из Докшиц
Восьмага сакавіка ў спадароў Спічонкаў з Докшыц двайное свята. Вячаслаў Мікалаевіч, вядома, павіншуе сваю дарагую палову Раісу Віктараўну, дзвюх дачушак і ўнучку з Міжнародным жаночым днём. Другая ж – і галоўная! – нагода сесці за святочны стол – пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця. “Рыхтуемся самі, канешне, патрошку, – падзялілася вельмі прыязная, гаваркая, да немагчымага абаяльная гаспадыня ўтульнага доміка на вуліцы Піянерскай, – ды і дзеці, унукі затаіліся, маўчаць на гэты конт. А мы з ранейшага вопыту ведаем: нейкі сюрпрыз будзе!”
Цэлы спектр эмоцый давялося перажыць пры сустрэчы з цудоўнай сямейнай парай – захапленне, замілаванасць, адчуванне таго, што ведаеш суразмоўцаў даўным-даўно. А самае важнае тое, што яшчэ раз пацвердзілася: каханне можна пранесці праз гады і захаваць яго малады напал, памножыўшы на сталую глыбіню і моц. І як жа хораша гэта бачыць, як цёпла становіцца на душы!
Кранальна: Раіса Віктараўна зберагла не толькі сваю вясельную сукенку, але і мужаву кашулю, з любоўю іх дэманструе. А вось фату, кажа, не захацела захоўваць: кароткай яна была, а хацелася доўгую. Ну, такія мы, жанчыны, маем права. Увогуле аповед пра жыццё вяла ў асноўным гаспадыня. “Ты, Рая, расказвай, у цябе лепш атрымліваецца”, – так пастанавіў напачатку Вячаслаў Мікалаевіч. Але сам ён выдатна ўсё памятае і на працягу размовы канкрэтызуе дэталі і папраўляе сваю палову ў датах.
Нарадзіліся будучыя сужэнцы з розніцай у два гады ў суседніх вёсках: яна ў Лацях, ён у Касцюках. Хадзілі ў Янкоўскую школу. Нават настаўніца ў пачатковых класах у іх была адна – Соф’я Антонаўна Гаўрыловіч, згадваюць яе з цеплынёй.
– Палюбілі адно аднаго не са школьнай парты, – распавядае Раіса Віктараўна. – Але на свае праводзіны ў армію Віця (хоць па пашпарце Вячаслаў, але так спадара Спічонка ўсе завуць. – Аўт.) мяне пазваў і, калі мяне туды не пусцілі, прыляцеў праз поле да нас і ўгаварыў маму. Праводзіла яго другая дзяўчына, а вось дачакацца не сумела. Вярнуўся – і закруцілася ўсё ў нас.
– Тры гады “круцілася” – ніяк не маглі пажаніцца з-за абставін, што ад нас не залежалі, – удакладняе Вячаслаў Мікалаевіч. – Але ж якое было слаўнае вяселле!
І да адметных дробязей – пра “парахунак” (папярэднюю сватанню сустрэчу), сваты і вяселле – расказваюць са слязьмі на вачах. Самы яркі момант апісваюць ужо наперабой і з запалам. Адзін з родзічаў, Іван Каралевіч, падрыхтаваў супернеардынарны нават на сённяшні дзень сюрпрыз: заехаў у дом праз трое дзвярэй на кані вярхом, лежачы, спыніўся перад напалоханымі гасцямі, паміж сталоў, пастаўленых літарай “п”, сеў і прыгожа павіншаваў маладых, а конь пры гэтым, кіруемы наезнікам, ківаў у такт галавой. За такую авантуру падарылі Івану кашулю, а каню на гасцінец далі 25 рублёў.
І пацякло іх сямейнае жыццё ў любові і згодзе. Дочкі нарадзіліся, гаспадаркай абзавяліся. Дзвюх кароў трымалі жывучы ў Докшыцах, бычкоў гадавалі, іншая жыўнасць была. Асноўная частка працоўнага шляху Вячаслава Мікалаевіча пройдзена ў ДРБУ-180, тады яшчэ ДЭУ. Працаваў на асфальтаўкладчыку, быў машыністам-грэйдарыстам. Раіса Віктараўна пачынала бібліятэкарам у Янкоўскай сельскай бібліятэцы, а затым не адно дзесяцігоддзе да выхаду на пенсію шчыравала ў аддзеле камплектацыі раённай бібліятэкі. З заўвагі, што са стандартным клішэ аблічча бібліятэчнага работніка яе вобраз не супадае, смяецца і згадвае, як звала яе на сцэну рэжысёр Докшыцкага народнага тэатра Ганна Васільеўна Яцкоўская, а яна не рызыкнула. Шкада, бо, думаецца, усё ў нашай гераіні атрымалася б.
Доўга размаўлялі з юбілярамі. Пра іх веру ў Бога. Пра выхаванне дзяцей. Пра захапленні – Вячаслаў Мікалаевіч пчалавод, а Раіса Віктараўна з яго ж дапамогай займаецца кветкамі, і падворак іх быў адзначаны на свяце горада ў 2023 годзе. Канешне ж, пра сакрэты сямейнага шчасця.
– Любім адзін аднаго, а гэта значыць даражым кожным днём разам, даражым агульным душэўным спакоем, – гаворыць гаспадыня. – Не сварымся ніколі з папрокамі і абразамі, а вось спрачацца спрачаемся, часам вельмі горача, але хутка знаходзім, як кажуць, кансэнсус. Грошы ў нас з агульнай скарбонкі можна браць каму на што патрэбна. Хаця ў большай ступені распараджаюся імі я – камуналка, ежа, адзенне, іншыя штодзённыя расходы. А вось калі нешта буйнейшае, абавязкова прымаем рашэнне разам.
І напрыканцы дадае:
– Люблю свайго Віцечку яшчэ мацней, чым паўвека таму.
У вачах Вячаслава Мікалаевіча зноў блішчыць сляза, ён кладзе сваю руку на руку жонкі, лёгенька паціскае. І больш ніякіх слоў і каментарыяў не трэба. Здароўя вам, мілыя людзі, яшчэ на доўгія гады, а ўсё астатняе, уключаючы каханне, у вас ёсць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.