У бухгалтера-кассира ОАО «Докшицкий райагросервис» Галины Новицкой сорок лет стажа и единственная запись в трудовой

ЕН 267 с

Сорак гадоў стажу з адзіным запісам у працоўнай кніжцы – гэтым па праве можа ганарыцца бухгалтар-касір ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Галіна Навіцкая. А яшчэ – сваімі адносінамі да жыцця.

Свет лічбаў вабіў да сябе дакшычанку, а ў юныя гады жыхарку Гняздзілава і навучэнку мясцовай школы, з пачатковых класаў. Таму, калі настаў час вырашацца з будучай прафесіяй, пакутлівага выбару перад дзяўчынай не стаяла. І вось у 1985 годзе прыйшла яна ў райаграсэрвіс – замацоўваць на практыцы з дапамогай вопытных калег атрыманыя ў вучылішчы веды. Адразу кіраўніцтва даверыла ёй працу падлікоўца. У хуткім часе стала бачна, што малады спецыяліст выдатна спраўляецца са сваім фронтам работы, адносіцца да даручанага з адказнасцю і стараннасцю. З хваляваннем прыняла перавод на новую пасаду – бухгалтара-касіра, але і тут усё стала атрымлівацца.

Гады ішлі, а Галіна пра тое, каб памяняць род дзейнасці ці перайсці ў якуюсьці іншую арганізацыю, прызнаецца, ніколі не думала. Ад добрага лепшага не шукаюць – зрабілі выснову нашы мудрыя продкі, і яна цалкам з гэтым меркаваннем згодная. Навошта кідацца з месца на месца, калі работа падабаецца? Дзякуючы ўменню ладзіць зносіны з людзьмі, лёгкасці характару, пазітыўнаму светаўспрыманню ёй камфортна, утульна і спакойна, наколькі можа быць спакойнай прафесія бухгалтара, у калектыве, які, безумоўна, за чатыры дзесяцігоддзі мяняўся. “Калі несці ў свет дабрыню, спагаду, усміхацца, што б ні было ў цябе пры гэтым на душы, то тады, несумненна, будзеш атрымліваць тое ж ад іншых – і твой дзень будзе ярчэйшым, і настрой – лепшым, а значыць, і справа будзе рухацца як трэба”, – слушна разважае суразмоўца. Як вынік, прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да працы Галіны Уладзіміраўны неаднаразова адзначаліся і ў сельгаспрадпрыемстве, і на раённым узроўні. Апошняя нядаўняя ўзнагарода – грамата ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Галіна Навіцкая пэўны час ужо магла б адпачываць на пенсіі, але яе дзейснай натуры прагляд серыялаў і вязанне шкарпэтак, смяецца, ніяк не падыходзіць. Крэда гэтай прыгожай, яркай жанчыны, якая зусім не выглядае на свой узрост і ў пух і прах разбівае стэрэатыпны вобраз бухгалтара як чалавека дастаткова статычнага, – жыццё ёсць пастаянны рух. Па гэтай прычыне шмат гадоў была пастаяннай удзельніцай турзлётаў, раённых спартыўных спаборніцтваў. Яшчэ яна выдатная лыжніца. Таксама водзіць аўтамабіль, але пры любой магчымасці перасядае на веласіпед, ездзіць на ім у лес, бо з’яўляецца вялікай аматаркай ціхага грыбнога палявання і збору ягад. Як у сельскай жыхаркі, закладзена ў ёй і цяга да працы на зямлі, таму, жывучы ў гарадской кватэры, разводзіць мноства пакаёвых кветак, а таксама мае агарод і кветнік на вуліцы, гадуе курачак, а раней, кажа, і буйнейшая жыўнасць у падсобнай гаспадарцы была. Шчаслівая маці, бабуля – яшчэ адна пазітыўная грань яе асобы. На пытанне, што яшчэ можа адзначыць цудоўнае ў сваім жыцці, Галіна Уладзіміраўна ўсміхаецца: “Вясна прыйшла!” Сапраўды, чым не прычына для радасці ў жанчыны, якая сама – вясна?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *