Для настроения покупателей работает цветовод Инна Бельская из агрогородка Порплище

ЕН 243

Не першы раз бываем у гасцях у гэтай абаяльнай жанчыны і нястомнай працаўніцы на кветкавых прасторах. Іну Бельскую ведаюць многія жыхары не толькі нашага, але і суседніх раёнаў. Дзіву даешся, як паспявае яна вырошчваць і даглядаць кветкі і дэкаратыўнае кустоўе ў аб’ёмах, для якіх, здавалася б, патрэбны яшчэ не адны рабочыя рукі. І рэалізацыяй гэтага хараства займаецца таксама сама.

Энергіі Іны хапае і на тое, каб, прадаючы сваю прадукцыю, даваць усім ахвотным кансультацыі, чым раслінку падкарміць, як яе паліваць, перасаджваць і абараняць ад шкоднікаў. Яе глыбокімі энцыклапедычнымі ведамі ў гэтай галіне можна толькі захапляцца.

Сёлета да свята 8 Сакавіка парплішчанскі кветкавод падрыхтавала ўсім жанчынам выдатны падарунак (зрабіць які павінны, канечне ж, мужчыны): пару соцень кусцікаў гваздзікоў шабо ў гаршчочках. Кветкі гэтыя шматгадовыя, таму могуць жыць доўга, калі іх перасадзіць у больш дыхтоўныя “домікі”, на падаконніках і балконах. Як варыянт, парадуюць сваіх новых уладальніц да наступлення цяпла ў дамах, а затым іх пры жаданні можна высадзіць на клумбу. Афарбоўка кветак, якія дружна расцвілі ў цяпліцы і выкінулі ў дадатак шмат бутонаў, – на любы густ: белыя, ружовыя, чырвоныя, малінавыя, каралавыя, стракатыя…

Вядома ж, не адны гваздзікі чакаюць свайго часу ў руплівіцы: набіраюцца моцы, цягнуцца да святла петуніі і сурфініі, бальзамінкі і калібрахоа… На панадворку зелянеюць роўныя радочкі туй, спяць пад зімовымі ўкрыццямі ружы, чакаюць вясны гартэнзіі, вейгелы, клеомы і іншыя кветкі і кусты.

– У мяне, напэўна, гэтак, як у работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, ёсць для перадышкі прыкладна тры месяцы, а далей увесь час гарачая пара, – усміхаецца суразмоўца. – Вясной асабліва прыходзіцца папрацаваць. Ці стамляюся? Не без гэтага. Але ж я займаюся любімай справай, якая прыносіць не толькі пэўны даход, але і радасць – мне самой і ўсім, дзеля каго стараюся. А гэта дае сілы і натхненне.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *