Ежедневно услугами Докшицкого ФСК «Урожай» пользуется более 200 человек

Напачатку 2022 года адбылася рэарганізацыя, і водна-аздараўленчы цэнтр перайшоў пад ФСК “Ураджай”.

Напачатку 2022 года адбылася рэарганізацыя, і водна-аздараўленчы цэнтр перайшоў пад ФСК “Ураджай”.

Халодная пара года для ФСК “Ураджай”  – самая гарачая. Штодзень паслугамі фізкультурна-спартыўнага клуба карыстаецца каля двухсот чалавек, а бывае і больш.

Адны актыўна займаюцца аквааэробікай ці пілатэсам. Другія ідуць паплаваць у басейн. Трэція выбіраюць аздараўленчы эфект ад саўны і фіта-бочкі. Пры любым варыянце можна атрымаць фізічнае задавальненне, адпачыць маральна і надоўга назапасіцца станоўчымі эмоцыямі. Дапамогуць у гэтым работнікі ўстановы.

І басейн пачынаецца з вешалкі

Сапраўды, адкрываючы дзверы ў ФСК “Ураджай”, наведвальнікі адразу сустракаюцца з прыязнай усмешкай гардэробшчыцы Наталлі Маслоўскай. Жанчына нагадвае, што спачатку трэба пераабуцца. Таму, плануючы наведванне басейна, не забудзьцеся пра сумку, у якую трэба будзе скласці зняты абутак і аддаць яго ў гардэроб разам з верхнім адзеннем.

Аднапавярховы будынак па вуліцы Школьнай з трыма 25-метровымі дарожкамі, гідрамасажам, трэнажорнай залай, саўнай і душавымі расчыніў свае дзверы для першых наведвальнікаў у 2014 годзе. Будаўніцтва аб’екта, які стаў найлепшым сродкам прапаганды здаровага ладу жыцця і арганізацыі вольнага часу дакшычан і гасцей горада, было падтрымана старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, тагачасным нашым дэпутатам Уладзімірам Андрэйчанкам. Акрамя сродкаў, выдаткаваных на будаўніцтва з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, на ўзвядзенні комплексу былі таксама задзейнічаны грошы, заробленыя жыхарамі раёна на некалькіх суботніках.

Спартыўная ўстанова функцыянуе амаль штодзень (чацвер – санітарны дзень), а таму ўсе спецыялісты працуюць пазменна. Напарніцай Наталлі Станіславаўны з’яўляецца Алена Краўчонак, якая ў асноўным дзяжурыць у гардэробе па суботах і нядзелях.

Прыязнай ўсмешкай сустракае наведвальнікаў Наталля Маслоўская.

Прыязнай ўсмешкай сустракае наведвальнікаў Наталля Маслоўская.

Калі распрануліся, то вам да адміністратара. Набыць білет на тую ці іншую паслугу прапаноўваюць Алена Касцюк і Ала Каляга. Абедзьве на гэтым месцы каля чатырох гадоў. У іх рабоце з кліентамі важную ролю іграе багаты вопыт зносін з людзьмі. Алена Вячаславаўна ў мінулым – прадавец, Ала Алегаўна больш за 30 гадоў аддала педагагічнай дзейнасці.

– Напэўна, самыя напружаныя дні ў рабоце клуба – калі працуе саўна, – гаворыць Ала Каляга. – Дарэчы, у гэтым годзе графік змяніўся, і цяпер адчуць на сабе дзеянне гарачай пары і сухога паветра можна чатыры разы на тыдзень. Аматараў саўны вельмі многа, але наведвальнікі гатовыя пачакаць сваю чаргу. Калі дадаць да іх тых, хто прыйшоў паплаваць, плюс на аквааэробіку, у трэнажорную залу… Днямі ў басейне за дзень быў зарэгістраваны рэкорд: 308 чалавек!

Духмянай фіта-гарбатай пасля кедравай бочкі частуе Алена Касцюк.

Духмянай фіта-гарбатай пасля кедравай бочкі частуе Алена Касцюк.

Акрамя білетаў ці абанементаў, якіх набываецца нямала не толькі грамадзянамі, але і арганізацыямі, у адміністратараў можна купіць шапачкі, купальнікі, плаўкі, унесці аплату за карыстанне спецінвентаром, напрыклад, поясам для плавання. У іх жа захоўваюцца і забытыя наведвальнікамі рэчы. Ёсць пракат спортінвентару (лыж, канькоў, палак для скандынаўскай хадзьбы, палатак, спальных мяшкоў і мн. інш.).

Спартыўныя інтарэсы – розныя
Мікалай Дубаў не толькі дапаможа выбраць правільныя трэніроўкі ў трэнажорнай зале, але і навучыць плаваць у басейне.

Мікалай Дубаў не толькі дапаможа выбраць правільныя трэніроўкі ў трэнажорнай зале, але і навучыць плаваць у басейне.

Якую б паслугу вы ні выбралі – усе на кантролі ў інструктараў. Іх у ФСК “Ураджай” адзінаццаць. Дзіцячыя секцыі па плаванні вядуць вопытныя спартсмены Клаўдзія Ікановіч, Ірына Марковіч і Мікалай Дубаў. У Крулеўшчынскай школе юных валейбалістаў трэніруе Павел Зайцаў. Правілам гульні ў настольны тэніс вучаць Сяргей Сіманенка ў Бягомлі і Надзея Ламановіч у Докшыцах. Трэніроўкі па міні-футболе ў абедзвюх гарадскіх школах праводзіць Канстанцін Стадольнік. У арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы актыўна дапамагаюць трэнер Докшыцкай ДЮСШ Алена Таляронак і настаўнік фізкультуры СШ № 2 г. Докшыцы Уладзімір Вахавіч. Набірае папулярнасць навінка гэтага года – танцавальная аэробіка, якую курыруе Ганна Літвінава.

Тэмпература вады ў басейне трымаецца на ўзроўні +28,5˚ С, а тэмпература паветра – +29˚ С.

Сёмы год у басейне праходзяць заняткі па аквааэробіцы. Трошкі менш – па пілатэсе. Чатыры разы на тыдзень трэніроўкі па гэтых кірунках фітнесу праводзіць адзін з самых вопытных тутэйшых фізкультурнікаў Таццяна Ярашэвіч, стаж якой у спартыўнай галіне больш за 30 гадоў.

Адна з самых папулярных паслуг – аквааэробіка. Заняткі вядзе Таццяна Ярашэвіч.

Адна з самых папулярных паслуг – аквааэробіка. Заняткі вядзе Таццяна Ярашэвіч.

Без іх немагчыма

Аздараўленчая дзейнасць установы проста немагчымая без медперсаналу. Медыцынскае абслугоўванне ажыццяўляюць высокакваліфікаваны спецыяліст, урач агульнай практыкі Ніна Дук, а таксама медсёстры Жанна Волах, Святлана Грыгаровіч і Вольга Маслакова.

За самаадчуваннем карыстальнікаў кедравай бочкі сочыць медсястра Святлана Грыгаровіч.

За самаадчуваннем карыстальнікаў кедравай бочкі сочыць медсястра Святлана Грыгаровіч.

Галоўны гонар установы – басейн – аснашчаны сучасным тэхналагічным комплексам ачысткі і падагрэву вады. За яго спраўнасць адказвае галоўны інжынер фізкультурна-спартыўнага клуба Дзмітрый Гутар.

Чысціню як унутры, так і звонку падтрымліваюць Аксана Юковіч, Валянціна Іванова, Валянціна Падляшчук, Аляксандр Ярашэвіч і Пётр Чырвоны. Акрамя таго, Пётр Антонавіч рамантуе спортінвентар і даглядае за парадкам на гарадскім стадыёне. Гаспадарчую дзейнасць арганізацыі вядзе Наталля Лісіца.

Парадак падтрымлівае Аксана Юковіч.

Парадак падтрымлівае Аксана Юковіч.

За лідарам

Практычна немагчыма з’яўляцца лідарам калектыву і не быць спецыялістам у сваёй галіне. Дырэктар ФСК “Ураджай” Алена Грыгор’ева – вопытны фізрук. У галіне працуе каля дзесяці гадоў. Акрамя выканання сваіх непасрэдных абавязкаў як кіраўніка арганізацыі, актыўна займаецца фізкультурнай дзейнасцю: па спецыяльным комплексе трэніруе аздараўленчую групу для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, сярод якіх наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН.

Дырэктар ФСК “Ураджай” Алена Грыгор’ева прапаноўвае набыць падарункавы абанемент.

Дырэктар ФСК “Ураджай” Алена Грыгор’ева прапаноўвае набыць падарункавы абанемент.

– Летась ФСК “Ураджай” было зароблена больш за 120 тысяч беларускіх рублёў, – гаворыць Алена Антонаўна. – Радуе тое, што з кожным годам наведвальнікаў нашай установы становіцца больш. Зайдзіце да нас вечарам – і ўбачыце, колькі падлеткаў трэніруецца ў трэнажорнай зале і басейне. Не ўмееце плаваць? Калі ласка на масаж! У басейне знаходзяцца ўстаноўкі для верхняга і падводнага масажу. Водная тэрапія – даўно прызнаны метад амаладжэння арганізма і павышэння імунітэту. Аматараў высокіх тэмператур запрашаем пагрэцца ў саўне. Сухое паветра аказвае выдатны ўплыў на стан чалавека. Пах сасновай смалы падымае агульны тонус і дазваляе вылечваць многія віды хвароб. Набывае папулярнасць новая паслуга – саўна “Кедравая бочка”. Яе лячэбны эфект у ачышчэнні арганізма ад шлакаў і таксінаў і паляпшэнні самаадчування.

Ну, а самае галоўнае – гэта танны кошт. Адно наведванне басейна вам абыдзецца ў чатыры з паловай рублі, а пенсіянерам яшчэ менш. Калі ўлічыць, што ў гэты кошт уваходзіць двухразовае прыняцце душа, карыстанне басейнам і воднымі масажорамі, то варта задумацца: а можа замест прагляду чарговага серыялу ці “заліпання” ў тэлефоне лепш наведаць нашу ўстанову, пры гэтым атрымаць порцыю аздараўлення ў гармоніі з адпачынкам.

Калектыў ФСК “Ураджай” не толькі арганізоўвае раённыя спартыўныя мерапрыемствы, але і сам у іх удзельнічае. Неаднойчы каманда станавілася прызёрам абласной спартакіяды для сельскіх жыхароў “Залаты колас”, спартыўных выпрабаванняў у межах абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі” і інш.

У секцыю па плаванні запрашае Клаўдзія Ікановіч.

У секцыю па плаванні запрашае Клаўдзія Ікановіч.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *